— Дырэктар завода! — разважаў Жывіца.— Які ж гэта дырэктар, калі завод, невядома, ці застанецца яшчэ? А можа там — барані бог! — адно ламачча будзе?
— Ёсць дырэктар, значыцца будзе і завод!..
— Э, гэта яшчэ... як сказаць. Час цяпер такі, што ўсяго чакай... Каб гэта чутае ды бачыць... — ён раптам успомніў: — У нас каля Паплавоў, не дайце зманіць, перад вайной арганізавалі нейкую вопытную станцыю,— дык туды прыязджаў таксама дырэктар. Чалавек з выгляду вельмі важны і вучоны — у капялюшы, з акулярамі. Дык ён усё нешта мітусіўся, арганізоўваў, арганізоўваў, ды так і нічога і не арганізаваў... Глеба там, ці што, казалі, не падышла... Адным словам, з чым прыехаў, з тым і паехаў. Арганізаваў! Вось вам і дырэктар!.. Я вам лепш на вашы словы адкажу, што быў бы завод, а дырэктара знойдуць!
Ён разважаў і гаварыў ледзь не бесперапынку. Амаль ніколі яго не бачылі спакойным — Жывіца то радаваўся, то гараваў. Убачыў патоптанае жыта, падбег туды, пахадзіў, паглядзеў, а пасля паўгадзіны айкаў:
— Ай-ай, колькі жыта здрасавана! Колькі дабра на глум пушчана!.. То ж расло пад пяшчотным сонейкам такое багацце, цягнулася ўгару, налівалася сабе сокамі, кланялася каласкамі зямлі — і вось раптам палягло, памерла... Бывала, да вайны, кожнае сцябельца, як дзіця тое, беражэш, каб ніводнае зярнятка не прапала ў полі, а тут — цэлая паласа стаптана — і быццам так і трэба!..
Амаль на кожным полі Жывіца прыглядаўся да збажыны — як наліваецца. Яна стаяла яшчэ шыза-зеленаватая, але з кожным днём спела. Жывіца ўсхвалявана разважаў, ці засеялі палі там, дома, ці не патаптаны яны і як іх прыдзецца прыбіраць...
Калёсы, на якіх Жывіца ехаў, або правільней, каля якіх ён ішоў, падабаліся яму тым, што былі лёгкія, але яны ўжо дажывалі свой век. Колы амаль увесь час надакучліва скрыпелі.
Жывіцу даводзілася з калёсамі многа валаводзіцца.
Ледзь не кожныя паўдзесятка кіламетраў спыняў ён каня і гаварыў жвава:
— Шына, няма на яе ўправы, спаўзае!
— Атоса зноў спала!.. Цьфу, каб ты згарэла, такое прыладдзе!
Ён адразу пачынаў борзда завіхацца.
— Строй, няма чаго сказаць! Эх, у нас, у «Сусветнай рэвалюцыі», рабілі, бывала, павозкі. Коціцца — ні скрыпу, ні рыпу, а паклажу, як на грузавік, можаш нагрузіць, усё вытрымае! Самі ж павозкі — лёгкія, не то што конь, а дзіця можа пакаціць.
Каняку ён вельмі бярог і шкадаваў. Адганяў бясконца аваднёў, якія плоймай круціліся над ім і ўпіваліся ў бакі і шыю. Жывіца не злаваў, што ён ідзе паволі. Толькі калі-ні-калі памахваў пужкаю ды дабрадушна пасвістваў, як бы для таго, каб падахвоціць.
Жывіца запэўніў сваіх спадарожнікаў, якія па міласці гэтага стварэння вымушаны былі амаль увесь час тупаць пеша:
— Падкарміць бы крыху, і можна хоць на іпадроме скакаць наперагонкі. Усіх бы, ручаюся галавой, перагнаў!
І раптам прамовіў задуменна і трывожна:
— А можа, там ніводнага канякі цяпер не засталося. Адзін гэты будзе... На яго, можа, там будуць усе нашы надзеі... Да вайны на гэтага каня, напэўна, мала хто і глядзець захацеў бы, а цяпер — калі ён адзін — за ім трэба, як за самым дарагім стаеннікам, хадзіць.
І Жывіца на ўсіх прывалах старанна падкармліваў каня.
Спыніліся на начлег у Талачыне.
Гарадок быў увесь запоўнены войскамі. Не было такога двара, дзе б не віднеліся ці грузавікі, ці гарматы, ці групкі байцоў. На некалькіх дварах стаялі крытыя машыны з чырвонымі крыжамі, і Жывіца здагадаўся, што гэта вайсковы шпіталь.
Толькі аб'ехаўшы з паўсотні двароў, убачылі нарэшце адзін пусты.
Жывіца заехаў на двор, каля сцяны пустога хлява распрог каня, даў яму з воза пахучага сена. Двор быў шырокі, зарослы рамонкам і травою, ён аддзяляў дом ад невялікага саду, які падступаў да вуліцы.
Міхалап і хлапчук пайшлі ў хату, а старшыня застаўся назіраць за канём. Спаць Жывіца збіраўся тут, на павозцы, каб каняка, крый бог, не прапаў — час неспакойны, многа ўсякага народу бадзяецца, вуха трэба трымаць востра.
Амаль адразу за ім на двор зайшло некалькі жанчын і дзяўчат. Жывіца заўважыў, што яны вельмі стаміліся, і параіў ім спыніцца тут: ён заўсёды спачуваў людзям. Жанчыны пачалі размяшчацца, некалькі з іх пайшло на суседнія двары, а чалавекі чатыры засталіся тут. Жывіца, вядома, пацікавіўся, хто яны і адкуль, і даведаўся, што іх учора гітлераўцы гналі ў Германію, але танкісты насціглі немцаў і вызвалілі палонных.
«Можа, гэта тыя танкісты?» — падумаў раўніва, з зайздрасцю, Жывіца.
— Ці не бачылі вы, скажыце, якія знакі нарысаваны на танках?
— Хто ж прыглядаўся да знакаў! Хіба нам было да таго! Як падляцелі да нас танкі, як выскачылі адтуль свае людзі ды пачаліся абдымкі— дык і зямлі пад сабою не бачылі!.. Не тое, што знакаў!..