Выбрать главу

Выгляд у іх быў разгублены, насцярожаны. Салдат з белым чубком, без пілоткі і без мундзіра, у заплямленай граззю майцы штосьці плямкаў губамі і шаптаў.

— Чалавек: галава, два вухі, — пагардліва прамармытаў Шарыфутдзінаў.

— Малітву, ці што ён шэпча? — прамовіў Юрый, запытальна пазіраючы цыганскімі, як у бацькі, вачыма на Праворнага.— Думае, мусіць, што бог паможа яму?.. Успомніў!..

— Наш «бог вайны» напомніў! — без усмешкі пажартаваў Праворны.

Юрый упершыню бачыў гітлераўцаў так блізка. Ён пазіраў на іх, як на незнаёмыя істоты — «вось яны якія!» Каторы гэта з іх гранату кінуў? Але, хоць стаялі яны перад ім упершыню, у яго была да іх даўняя, укаранелая нянавісць. Ён ненавідзеў іх яшчэ да таго дня, калі ўбачыў сваю маці пад абломкам сцяны, якую разбурыла бомба з «юнкерса»...

Праворны адразу адправіў палонных у тыл.

4...

Пад поўдзень рота заняла боем рад траншэй на ўскраі лесу. Уся зямля тут была ўсеяна безліччу варонак. У неглыбокіх, аплеценых лазою траншэях на дне блішчала гразь. У гэтай гразі, у варонках і ў траве каля траншэй валялася многа трупаў, ранцаў з рудой цялячай скуры, газеты, разгорнуты часопіс са здымкамі.

Заняўшы ўвесь лясок, рота вымушана была пры ўзлессі прыпыніцца: байцы хутка акапваліся. Увесь час білі варожыя гарматы, але снарады ірваліся недзе ззаду пазіцый пяхоты. Юрый зняў боты, каб выліць з іх ваду, якая прыкра хлюпала, і выкруціць мокрыя анучы. Ногі пакрыліся быццам рубцамі іржы, а анучы зусім парудзелі.

Юрый толькі ўправіўся пераабуцца, як яго паклікаў да сябе Праворны. Малодшы лейтэнант, як і Юрый, мокры да пояса, з мокрымі рукавамі, з чубком раскіданых і звіслых на лоб глянцавітых каштанавых валасоў, сядзеў каля пасечанага асколкамі камля дрэва, зламанага снарадам. Вяршыня дрэва ляжала тут жа, на траве. Перад Праворным быў малодшы лейтэнант з суседняга ўзвода і тоўсты, пануры ротны старшына. Праворны сядзеў заклапочаны, але з выглядам бадзёрага чалавека: яго карыя вочы, як і раней, здавалася, пасмейваліся. Юрыю было дзіўна бачыць яго такім звычайным. Дзіўна, нібы сорамна за сваю кволасць...

Праворны замяняў цяпер камандзіра роты, якога паўгадзіны назад разарвала міна, што прыляцела з варожага боку.

Адпусціўшы малодшага лейтэнанта, Праворны, не змяняючы выразу заклапочанасці, моршчачы па-юнацку чысты лоб, пачаў распытваць Юрыя пра страты. У аддзяленні не хапала цяпер шасці чалавек: чатыры былі ранены, а два забіты.

— Падшукай, старшына, яму кулямётчыка... Я цябе, Туравец, паклікаў вось для чаго. Хутка атрымаем ва ўзвод папаўненне, табе таксама прышлюць людзей... Сачы за імі, дапамагай, пакуль абвыкнуцца. Многія з іх, напэўна, будуць упершыню ў баі...

— Разумею, таварыш малодшы лейтэнант.

Ён запытаў, колькі аддзяленню Юрыя трэба патронаў і гранат, і загадаў, каб старшына зараз жа ўсё даставіў яму.

— А ты малайчына, Туравец,— як бы выпадкова прамовіў ён напаследак.

Юрый адчуў сябе няёмка. Гэта ён, Юрый, малайчына? Ён, у якога аказалася так мала адвагі.

— Добра трымаешся!.. Адказнасць адчуваеш за справу: за кулямёт лёг. Гэта таксама добра... Прадаўжай так і далей!..

— Ясна,— адказаў Юрый, падбадзёраны добрым словам Праворнага.

У такім настроі сержант вярнуўся ў сваё аддзяленне, праверыў, як яно размясцілася.

Хутка падышло папаўненне. Юрый пазіраў на яго ўжо, як бывалы франтавік, не заўважаючы ў сабе гэтай змены, і «навічкі» адносіліся да яго таксама з давер'ем і павагай. Ён размеркаваў «навічкоў». Аднаму з іх Юрый перадаў кулямёт Рыбалкі.

Крыху ззаду, дзе снарады пакінулі толькі пасечаныя камлі і мешаніну галля, усталёўваліся мінамётчыкі. Яны ўстанаўлівалі важкія зялёныя пліты і трубы, раскладвалі скрынкі з мінамі. Потым падышлі лясной прасекай палкавыя артылерысты, цягнучы гарматы, якія вельмі грузлі. Адзін з артылерыстаў — ефрэйтар — падбег да Юрыя, папрасіў закурыць.

— Запалкі ёсць? — запытаў Юрый, дастаючы з кішэні пачак махоркі. Юрый ніколі раней не курыў, але цяпер чамусьці хацелася курыць.

Закурылі. Ефрэйтар адразу пабег да сваіх гармат, дзе артылерысты пачалі капаць раўкі.

Раптам снарады праціўніка пачалі часта ірвацца каля пехацінцаў. Лясное рэха гукі выбухаў памножвала, паўтараючы, патройваючы на розныя галасы.

Падбег, прыгнуўшы галаву і крутыя плечы, камбат Паўлоўскі і перадаў загад падрыхтавацца адбіваць варожую контратаку. З камбатам было два байцы — ардзінарац і, мусіць, сувязны.

Сапраўды, гітлераўцы, прыкрываючыся агнём гармат, падцягваліся на зыходны рубеж. Яны збіраліся на рубяжы амаль непрыкметна, бо поблізу яго слаўся белы паўзучы дым. Гэта гарэў падпалены снарадамі торф.