Выбрать главу

— Дык як, таварышы гвардзейцы, Оршу будзем помніць?

— Хто ж яе забудзе, таварыш генерал! Такі дзень!

— Я не пра тое кажу. Пра вопыт бою ў ёй. Вулічны бой у Оршы — яшчэ адзін наш урок. Урок, можа, невялікі, але ён спатрэбіцца. І, мусіць, не аднойчы. Перш за ўсё ў Барысаве, у Мінску. Потым у Варшаве. Нам жа прыдзецца, таварышы, многа ваяваць у гарадах!..

— А і праўда! Я неяк не думаў пра гэта.

— І я...

— Трэба думаць!

Чорныя вочы камандуючага на хвіліну спыніліся на малодшым лейтэнанце. У гэты час з свайго месца нецярпліва ўстаў ефрэйтар Шарыфутдзінаў.

— Таварыш генерал, дазвольце мне... можна вас запытацца?

— Аб чым?

— Спрэчка тут у нас была нядаўна... З танкістамі і артылерыстамі завязалася... Такая спрэчка, адным словам,— хто вы? Ну, хто вы, таварыш генерал, па спецыяльнасці. Я вось слухаў вас і пераканаўся, што вы не хто іншы, а чысты пехацінец! А танкісты кажуць,— не ведаю, ці праўда гэта,— быццам вы — танкіст. Адзін жа камандзір даказваў нават, што вы — артылерыст. Спрэчка, адным словам, вышла. З-за гэтай няяснасці... Як тут быць?

— Як быць? Вельмі проста, таварыш гвардыі ефрэйтар. Спрачацца няма аб чым...— Пехацінцы заварушыліся.— Жыццё ў арміі пражыць — не поле перайсці. Усяго паспытаць даводзіцца... Быў я спачатку артылерыстам, потым вучыўся ў бранятанкавай акадэміі, камандаваў танкістамі... А пазней з пяхотай пазнаёміўся...

— Значыцца, вы і танкіст, і артылерыст, і пехацінец?

— Выходзіць, што так!..

— Ясна!

Шарыфутдзінаў сеў.

Камандуючы пацікавіўся цывільнымі — хто яны, куды едуць?

— Еду на працу ў Мінск, таварыш генерал,— адказаў па-ваеннаму чотка Міхалап.— Дырэктарам завода.

— А я дамоў, у калгас вяртаюся,— адгукнуўся Жывіца. Ён уздыхнуў: — Там, напэўна, ні кала, ні двара. Казалі, бывала, у прымаўцы: адзін вол, дый той гол... А там, можа, і гэтага голага вала не засталося...

— Так, вам прыдзецца спачатку, відаць, цяжка...

— Я і не чакаю ішнага,— прызнаўся Міхалап.

— А ёсць людзі, якія думаюць інакш... Вось нядаўна я па рашэнню ЦК партыі дэмабілізаваў аднаго падпалкоўніка. Ён да вайны тут, на Беларусі, працаваў. Дык падпалкоўнік пачаў прасіцца, каб пакінулі ў арміі. Прышоў на прыём да мяне, гаворыць: «Хачу застацца там, дзе цяжэй!» Прышлося мне, прызнаюся, яго супакоіць: «Не думайце, кажу, што там будзе лягчэй. Загадзя выкіньце з галавы. Лягчэй не будзе».

Чарняхоўскі хвіліну памаўчаў, потым прамовіў задумліва:

— Мы вось ваюем, вызваляем. Вызвалілі — і многія думаюць: усё галоўнае зрабілі. А галоўнае ж, можа быць, якраз толькі пачынаецца...

— От, праўда! — горача падтрымаў яго Жывіца..— Праўда, таварыш дарагі... Я іду гэта і думаю...

Але што ён думае, сказаць Жывіцу не давялося, бо акурат у гэтую хвіліну да Чарняхоўскага падышоў падпалкоўнік і перадаў, што яго просяць да рацыі. Камандуючы адразу падняўся. Высокі, стройны, прыгожы, асветлены няроўным барвовым полымем кастра, ён на хвіліну затрымаўся.

— Ну, дык як, магу я на вас, таварышы гвардзейцы,— ён абвёў байцоў вачыма,— спадзявацца?

— Можаце верыць, таварыш камандуючы!

— Не падвядзем!

— Ну, глядзіце ж!

3...

Камандуючы накіраваўся да сваёй машыны. Некаторы час усе, хто быў каля вогнішча, гаварылі пра яго. Расказвалі аб яго вялікай адвазе і незвычайнай спакойнасці ў самыя цяжкія хвіліны, аб розных выпадках з яго жыцця,— прычым тут многа было такога, што магла стварыць толькі легенда. Ва ўсіх расказах адчувалася, якой вялікай любоўю быў акружан малады камандуючы фронтам.

Потым салдаты пачалі гаварыць пра свае клопаты. Пачуліся жарты. Шарыфутдзінаў зацягнуў ціха нейкую цягучую стэпавую песню.

Жывіца, падсеўшы да Праворнага, распытваў таго, адкуль ён родам, ці жанаты, дзе і кім працаваў, хто дырэктар завода і які ён, дырэктар, па характару. Малодшы лейтэнант спакойна адказваў цікаўнаму спадарожніку.

Родам ён з Урала, са Свярдлоўска. Там ён скончыў рамесніцкае вучылішча, потым стаў першакласным токарам. Да вайны Праворны працаваў на вялікім машынабудаўнічым заводзе, а ў першыя дні пайшоў добраахвотнікам у армію. Увесь час у пяхоце... Што за чалавек дырэктар? Ды як сказаць: на заводзе цяпер новы дырэктар. А ён, Праворны, ужо тры гады як развітаўся з родным горадам і пра тое, што там робіцца, ведае толькі з лістоў...