Выбрать главу

— У вас там будзе лягчэй... Што там ні кажыце, усё цэлае...

— Нам лягчэй,— згадзіўся Праворны.— У нас не толькі не разбурана нічога, а многа новага набудована... Але — вы ж не чужыя. А нашы, уральцы, у бядзе сваіх не кідаюць... Паможам! Чым можам, паможам. Ручаюся.

— О, гэта добра было б! Па-братняму!.. А мы ўжо ў даўгу не застанемся!

«Сабраліся з розных раёнаў, а нібы даўнія знаёмыя!» — мімаволі падумаў усцешана Жывіца.

Поблізу размаўлялі Міхалап і Юрый. Сержант з любоўю расказваў пра свайго бацьку.

— Даўно-даўно мы не бачыліся! Цэлую вечнасць, здаецца... Эх, каб пабачыцца з ім! Трапіць бы ў Мінск!.. Ведаеце, я чамусьці ўпэўнены, што бацька абавязкова будзе ў Мінску. Калі толькі жывы... А калі будзе ў горадзе, то я змагу яго знайсці! Гэта — як двойчы два. Зайду ў гарком, і там мне скажуць. Упэўнены... Вось толькі б не мінуць Мінска!

— Пападзеце. Накіроўваецеся ж акурат на Мінск.

— Пакуль што туды ідзем, а заўтра, трэба будзе,— дык павернем адразу куды-небудзь на поўнач... І тады — убачыш Мінск... на здымку ў газеце...

Ён устаў, зморана выпрастаўся.

Іх паднялі на світанні. Жывіца, што спаў на возе, ад якога пахла свежым духмяным сенам і крыху дзёгцем, праз дрымоту пачуў, як да вартавога падбег хтосьці з салдат і запытаўся, дзе знайсці лейтэнанта. Калі Праворнага разбудзілі, пасыльны перадаў загад камбата падымаць людзей.

Неўзабаве ўсе ў садочку заварушыліся. Сярод яблынь заплёскаліся то энергічныя, то вялыя, яшчэ паўсонныя галасы. Дзе-ні-дзе бразгалі зброя і кацялкі.

Жывіца таксама ўстаў. Пачаў тупаць, ладаваць воз у дарогу. Ад таго, што ўсе навокал хадзілі, гаварылі, завіхаліся, у яго на душы было радасна.

— Туравец! Загадай атрымаць снеданне! — пазнаў Жывіца голас малодшага лейтэнанта.

Перагаворваючыся, салдаты з кацялкамі адзін за адным патупацелі некуды на вуліцу. Калі яны пачалі вяртацца, у садочку запахла вараным пшаном. Жывіцу таксама захацелася есці, і ён развязаў свой запаветны мяшок. Тут да яго падышоў Праворны і прынёс кацялок з кашай:

— Падсілкуйся, вось, на дарогу, старшыня. Ехаць вам яшчэ далёка...

На вуліцы, гул і рух на якой не спыняліся амаль усю ноч, узніклі дзве няяркія плямы святла, якія паволі прасунуліся да самага плота і сталі. Праз хвіліну святло згасла, сціх шум матора аўтамашыны. У ранішняй шэрані Жывіца ўбачыў цёмны абрыс грузавіка. Яшчэ адна машына спынілася на другім баку вуліцы.

— Грузавікі прышлі. Вось добра,— сказаў Праворны і пайшоў да машын. Праз некалькі хвілін пачулася каманда:

— Канчаць снедаць. Грузіцца на машыны!..

Калі садок апусцеў і сціх, Праворны падбег да Жывіцы.

— Ну, мы гатовы!.. Выязджаем! — ён паспешліва, але моцна паціснуў руку Жывіцы.— Шчасліва дабрацца вам, старшыня!..

Развітаўся з Жывіцаю зусім нечакана і Міхалап. Ён сказаў, што Юрый узяўся падвезці яго, пакуль будзе магчыма. Дырэктар забраў з воза свой лёгенькі, з увагнутым бокам, чамаданчык і заспяшаўся да машыны.

— Што ж, баба з воза — кабыле лягчэй!..— весела прамовіў Жывіца.

Аднак, калі машыны крануліся, адвозячы вайсковых і Міхалапа, сэрца яго сціснуў смутак...

Добрыя людзі! А вось разышліся і, напэўна, ніколі ўжо не пабачацца зноў. І Праворны, і генерал паехалі, і дырэктара няма...

Жывіца зірнуў на тое месца, дзе ўчора гарэла вогнішча: касцёр патушылі,— там цяпер толькі сумна чарнела круглая пляма ды валялася кінутая некім ануча.

Некалькі дзяўчат, што праводзілі байцоў, вярнуліся ў хату.

Пуста было навокал.

Жывіца прынёс з хаты вядро і дастаў вады з калодзежа. Напіўся сам, адчуваючы, як ад халоднай вады прыемна ныюць зубы, напаіў каня і запрог яго. Тады разбудзіў хлопца, які яшчэ моцна спаў. Калі хлопец сеў на драбінку, Жывіца выехаў на вуліцу.

Тут ён пакруціў над галавой пугаю:

— І-і-і! Но, мілка! Жвавей — дадому едзем, не абы-куды!

Раздзел ІІІ

1...

Раніцай танкісты падышлі да Мінскай магістралі.

Роўная, імклівая магістраль бегла проста на захад, атуленая абапал то дружнымі цёмнымі сасоннікамі, то беластволымі бярэзнічкамі, то густымі мяшанымі гаямі. Лясы і пералескі былі аддзелены ад шасэ шырокімі прасцягамі яшчэ не ўчарнелых пнёў, каля якіх настойліва выбіваліся ўгору маладыя дубочкі і грабкі і чырванелі на сонцы кропелькі спелых пахучых суніц...

Шасэ бегла праз балоты, зацягнутыя аерам, праз палі, на якіх часта буяла свірэпа, праз вёскі, спаленыя, зруйнаваныя або напалову ўцалелыя, праз масткі, акружаныя дотамі і дзотамі, аплеценыя калючым дротам, — бегла туды, дзе чакаў спакутаваны Мінск.