Хутка, аднак, рота збочыла ад шасэ. Цяпер яна ішла па вузкіх і звілістых прасёлачных дарогах, а нярэдка і наўпрасткі па полі.
Але Лагуновіч і яго танкісты і цяпер адчувалі побач шасэ.
Магістраль была галоўным арыенцірам. Яна была — як лязо вялікага мяча, нацэленага ў сэрца ненавіснай фашысцкай дзяржавы.
Магістраль ішла з Масквы.
Не адзін старшы лейтэнант Лагуновіч арыентаваўся па ёй. Праходзілі баявыя чырвоназорыя самалёты на Мінск — яны часта арыентаваліся па магістралі, што свяцілася ўнізе.
Па якіх дарогах і сцежках ні рушылі б артылерыйскія дывізіёны, пехацінцы, што наступалі на Мінск, — яны ўсе адчувалі побач з сабою стралу магістралі. Яна быццам указвала кірунак.
Нават там, дзе прабіваліся першыя танкісты, адчуваўся подых вялікага фронта. Амаль увесь час праплывалі на захад і назад бамбардзіроўшчыкі, штурмавікі, знішчальнікі з чырвонымі зоркамі.
Справа рушыла суседняя танкавая брыгада, а злева — рухомыя атрады пяхоты.
Аляксей амаль не адчуваў, што рота яго адарвана ад сваіх.
Гэтая плынь войск, што ішлі побач і ўслед, як бы падганяла яго і разам з тым наддавала яму сілы.
Ісці было цяжка. Тут, дзе вораг мог паявіцца з любога боку, танкістам увесь час даводзілася быць напагатове, «на ўзводзе».
Усе гэтыя дні няшчадна паліла сонца. Неба было высокае, агромністае, чыстае. Толькі зрэдку дзе-небудзь у недасяжнай вышыні бялелі лёгкія, як мярэжа, перыстыя воблачкі. Ды калі-ні-калі белыя клубістыя ўзгоркі млелі на небасхіле.
«Эх, каб дожджык! — не раз думаў Аляксей, з надзеяй пазіраючы ўгару.— Вось было б слаўна!»
Ён здымаў танкашлем і выціраў далонню пот, што ручаямі цёк па твары, расшпільваў як мага каўнер камбінезона.
У машыне было душна. Браня, напаленая сонцам, дыхала гарачынёй, якую яшчэ больш павялічваў матор, што напружана гуў за баявым аддзяленнем.
Каб зменшыць гарачыню ў машыне, ехалі з адчыненымі люкамі. Плынь свежага паветра ўрывалася ў люк вадзіцеля, лілася ў баявое аддзяленне і выходзіла ў люкі камандзіра і зараджаючага. Паветра быццам абмывала твары танкістаў.
Шкада толькі, што ўдзень амаль заўсёды разам з паветрам упаўзалі хмары пылу. Ён лез у ноздры, у рот, запарушваў вочы вадзіцелям, садзіўся брудным пластам на потныя твары.
Калі здаралася, што вецер дзьмуў убок і пыл адносіла ад машыны, танкістам было лягчэй. Цяпер можна і падставіць твар свежаму, хоць кволаму ветру і падыхаць чыстым паветрам.
— Добра, калі вецер дзьме збоку,— сказаў неяк Быстроў, які звычайна быў нібы безуважны да розных непрыемнасцей прыроды. Ён лёгка пераносіў іх і, акрамя таго, не любіў паказваць у чым-небудзь сваю кволасць.
Быстроў памаўчаў, прыплюшчыўшы вострыя вочы.
— Гарачыню можна трываць. У нас у тайзе бывае так, што зварыцца можна. Але пыл — дрэнь. Наглытаешся, як палыну наясіся... А тут яшчэ вецер гоніць яго...
Спёка дзейнічала не толькі на людзей, а і на машыны. «Трыццацьчацвёркі» вымушаны былі стрымліваць хуткасць.
Сонцаў у гэтыя дні з трывогай пазіраў на круглы цыферблат тэрмометра, які паказваў тэмпературу вады. Стрэлка нярэдка пераходзіла за сто градусаў.
Вада кіпела ў сістэме.
Каля рэчак і калодзежаў старшы лейтэнант часта спыняў машыны. Радыё разносіла па ўсіх экіпажах прывычнае:
— Заліць ваду!
Трывожныя спякотныя дні, бяссонныя клопатныя ночы вельмі стамлялі танкістаў. Аляксей, які быў чалавекам нямоцнага здароўя, хоць і цягавітым, адчуваў, што змора часта авалодвае і ім.
Танкісты адпачывалі і спалі, калі давядзецца і як давядзецца, проста «на хаду». Цяжэй тут было механікам-вадзіцелям, якія драмаць «на хаду» ніяк не маглі. Яны для гэтага выкарыстоўвалі розныя выпадковыя супынкі. Пры такім супынку вадзіцелі звычайна падганялі свае танкі шчыльна да пярэдніх, да самых малінавых кнопак задніх ліхтароў.
Ледзь у папярэднім танку «давалі газ» і матор пачынаў напружана раўці, вадзіцель адразу прачынаўся. Схамянуўшыся, ён таксама ўключаў «масу», даваў газ і, сочачы за малінавым агеньчыкам, які плыў наперадзе, вёў услед за ім сваю машыну...
Нярэдка здаралася і так, што шум матора не мог ужо разбудзіць вадзіцеля. Аднойчы пасля маленькага супынку камандзір батальёна загадаў роце рушыць наперад.
Многія машыны загурчалі і сталі аддаляцца. Аднак танк, які знаходзіўся перад машынай Якавенкі, чамусьці па-ранейшаму не кранаўся.