Якавенка саскочыў на зямлю, прабег наперад, каб праверыць, чаму марудзіць танк.
— Чаго стаіце?!— крыкнуў лейтэнант, заглядаючы ў люк вадзіцеля.
Той адказаў не адразу. Разбуджаны, ён хвіліну не мог уцяміць — яшчэ пад уладаю сну,— што значыць гэтае пытанне і як на яго трэба адказаць.
— Наперадзе танк... стаіць...
— Дзе танк, бісова душа! — разгневаўся лейтэнант.
— Наперадзе...
— «Наперадзе»... Ты ў танку сядзіш ці можэ ў плацкартным вагоне? Спіш! Дэ камандзір?
— Малодшы лейтэнант прылёг на гадзінку... Ігнатаў за яго...
— А дэ Ігнатаў?
— Тут,— адгукнуўся танкіст зверху.— Вінават, таварыш камандзір, задрамаў нечакана.
— «Задрамаў!» Я тобі зараз падрэмлю! — Каб не траціць марна часу, Якавенка загадаў:
— Наперад!.. Догоняйтэ роту!
Астыўшы ад гневу, лейтэнант падумаў са спачуваннем: «Втоміліся людзі. Ім тэпэр трэба було б паспаць, перадыхнуць крыху».
2...
Палавіна сяла была спалена,— спалена, толькі дзень назад. Дзе-ні-дзе яшчэ курыўся дым. За спаленым краем сяла адно ўцалела калгасная сіласная вежа...
Каля сіласнай вежы танкісты і ўбачылі гэта.
Шырокая яма была ўся напоўнена трупамі. На тварах людзей былі відаць застылыя выразы перадсмяротнай пакуты і страху. Некаторыя трупы былі жахліва пасечаны, мусіць, гітлераўцы кідалі сюды гранаты...
Усе стаялі моўчкі: танкісты і аўтаматчыкі былі, як ніколі, задуменнымі і суровымі. Толькі хтосьці прыгразіў:
— Ну, няхай цяпер літасці не просяць!
Да натоўпу танкістаў падышло некалькі ўзброеных чалавек у цывільнай вопратцы. Іх прапусцілі наперад; адзін з цывільных, хударлявы, з пасівелымі скронямі, са страхам і надзеяй стаў хутка шукаць вачыма кагосьці ў яме.
— Ну што, няма?.. Я ж кажу, яны, мусіць, недзе хаваюцца,— спрабаваў супакоіць яго другі.
— Не бачу... Але яны — тут, тут... Дзе ж яны могуць быць яшчэ?..— той, які шукаў, гаварыў такім трывожным голасам, што ў Аляксея халадзела ў грудзях.
І раптам чалавек убачыў, каго шукаў, бо адразу падаўся наперад. Адхіліўшы труп, ён узняў на рукі дзіця. У малога не было твару,— чалавек, відаць, пазнаў яго па вопратцы. Як жывое, ён узняў дзіця на рукі і вынес з ямы, стараючыся не глядзець на твар...
Потым ён знайшоў і вынес адтуль жанчыну, напэўна, жонку...
Адзенне і цела яе было ў некалькіх месцах парвана і скрываўлена, твар яе быў страшэнна худы — шчокі чорныя, запалыя, вузкі, як у шкілета, падбародак, але больш за ўсё ўразілі Аляксея вочы — адкрытыя, цьмяныя, мёртва застылыя, з выразам жаху.
— Ганначка! Гану-у-лечка!!! — урэзаўся раптам роспачны голас кагосьці з вясковых жанчын.
Яна кінулася ў яму і стала без памяці біцца над трупам.
І ўраз жанчыны, што падышлі і падыходзілі, падбягалі сюды з сяла, загаласілі, застагналі, залемантавалі.
У Аляксея, які быў чулы і да чужога болю, твар нервова перасмыкнуўся. Старшы лейтэнант рэзка адвярнуўся і пайшоў ад ямы. Яму было балюча і разам з тым чамусьці трывожна, хоць ён і не разумеў прычыны трывогі.
Услед за ім ішло страшнае галошанне.
Гэтая падзея прымусіла старшага лейтэнанта забыцца на час пра іншую, якая адбылася тут жа, у вёсцы. Менш за гадзіну назад, калі ўжо заціхаў бой, цяжка раніла камандзіра батальёна. Камбат быў адным з ветэранаў брыгады, і Аляксей вельмі шкадаваў, што ён выбыў у такі час...
Танкі стаялі праз сотню — паўтары крокаў ад сіласнай вежы, прыкрытыя завялым галлём маскіроўкі. Непадалёк на скрыжаванні вуліц ляжала на баку гармата, каля якой валяліся ў пыле трупы фашыстаў, гільзы ад снарадаў, скрынкі.
Крыху далей віднелася яшчэ нямецкая гармата і цягач, кінутыя пры ўцёку. Побач з імі ў садку стаяла машына са штабной рацыяй брыгады і некалькі другіх машын, а таксама танк, напэўна, начальніка штаба.
— Ну, што — навін ніякіх? — панура запытаўся старшы лейтэнант у Быстрова, які стаяў каля танка.
Быстроў адказаў, што ўсё па-ранейшаму.
Наперадзе, кіламетраў праз чатыры, ішоў бой, і ўсе чакалі, што вось-вось і ім трэба будзе ўступіць у яго.
За ўзгоркам, на якім віднеліся варонкі ад бомб, часта гупалі гарматы танкаў і самаходак, уздымаўся густою чорнаю хмараю дым. Аляксей, слухаючы гэтыя гукі, стаў зноў вяртацца да нецярплівага перадбоевага настрою.
Ён не заўважыў, калі да яго падышоў Рыбакоў. Казырнуўшы насцярожана, сержант паведаміў, што прышоў з просьбай.
— Гавары!
— Хачу ў экіпаж!
Аляксей абыякава зірнуў на яго.
— У экіпаж...
— Так! А калі вы не верыце, то прашу, каб мяне перавялі ў другую роту ці батальён... — ён гаварыў грубавата, з выклікам.