Выбрать главу

— Нікуды я вас не адпушчу,— адказаў старшы лейтэнант у тон яму.

— Чаму ж?

— Таму, што так трэба.

— А-а... збываць ненадзейных людзей не хочаце.

— Так...— старшы лейтэнант сустрэўся з вачыма Рыбакова і ўбачыў у іх непрыхільнасць, нават нянавісць.— Так, вы правільна здагадаліся...

І раптам ад гэтай непрыхільнасці Рыбакова Аляксею стала спакайней: а ён, відаць, не такі бяздушны, як можна думаць. Што ж такое тады гэтая самаўпэўненасць, гэтая фанабэрыя? Можа, ад таго, што ён любіць іншую гаворку. А ну, цікава, паспрабую інакш...

Аляксей на хвіліну задумаўся: Рыбакоў, нядбайлівы і эгаістычны, быў пры ўсім гэтым добрым знаўцам сваёй справы вадзіцеля-механіка, матор ён ведаў так, як мала хто іншы ў роце, і гэта вельмі падабалася Аляксею.

У Рыбакова хапала таксама быццам бы і смеласці. Дарэчы, прыгадаў Аляксей даўнюю размову Рыбакова з таварышамі; сержант быў калісьці адным з лепшых трактарыстаў у сваім леспрамгасе на Архангельшчыне...

— Машыну я вам усё-ткі даверу... Назначу вас вадзіцелем...— Аляксей убачыў, як знік з твару Рыбакова самаўпэўнены выраз.— Сёння вы будзеце вадзіцелем.

— Гэта праўда?.. Вы не... жартуеце?..

— Не... Якавенка! — гукнуў ён, азірнуўшыся і ўбачыўшы лейтэнанта. Якавенка падышоў.

— Ты прасіў замяніць вадзіцеля? Вось табе новы.

— Таварыш старшы лейтэнант,— прамовіў ціха Рыбакоў.

— Ну, што?

— Я прашу, каб вы забылі тое, што было...

3...

У гэты час на дарозе, з таго боку, дзе ішоў бой, паявілася «трыццацьчацвёрка». Яна спынілася непадалёк,— перад акопчыкамі, каля якіх ляжала расплюшчаная гармата і валяліся скрынкі са снарадамі.

Аляксей пазнаў машыну Бяссонава. Праз хвіліну ён пачуў, што яго выклікаюць к камбрыгу, і ўподбег падаўся да палкоўніка, адчуваючы, што прыйшоў яго час ісці ў бой...

— Прымеш батальён,— адразу і нібы панура прамовіў Бяссонаў.— З гэтай хвіліны ты за яго адказваеш... Камандуй!

— Пастараюся, таварыш гвардыі палкоўнік.

— Калі будуць якія-небудзь сумненні, пытайся, дапамагу. Я люблю, калі мяне непакояць... Толькі глядзі, каб батальён быў заўсёды ў баявой гатоўнасці. Калі падвядзеш,— не дарую!

Бяссонаў выклікаў камандзіраў рот і ўзводаў, прадставіў ім новага камбата. Навокал пачалі раскаціста ляскаць зеніткі, і танкісты паднялі галовы. Высока ў небе ішлі тры нямецкія бамбардзіроўшчыкі,— вакол іх успыхвалі белыя дымы выбухаў, што ўсё гусцей усейвалі блакіт.

Пачуўся даўкі візг бомб, усе замоўклі, чакаючы. Бомбы выбухнулі ў сярэдзіне вёскі.

Бяссонаў стаў заклапочаным.

— Ну, камандуй, камбат.

Палкоўнік зрабіў націск на слова «камбат», насцярожана паглядзеў Аляксею ў вочы. Праз хвіліну танк Бяссонава ўжо імчаў к сярэдзіне вёскі.

Да Аляксея падышоў Якавенка, па-прыяцельску абняўшы, павіншаваў яго. Старшы лейтэнант падзякаваў, але мімаволі нахмурыўся. Хоць Аляксей і не паказваў гэтага Бяссонаву, новае назначэнне яго нямала занепакоіла. Як-ні-як, батальён гэта не рота,— яму цяпер трэба будзе весці тры роты...

— Ты, Олексій, справішся,— нібы адгадваючы думкі старшага лейтэнанта, прамовіў, як старэйшы брат да малодшага, Якавенка.'— Голова ў цябе розумная, сур'ёзная. Та і підготовка — і тэхнічная, і палітычная, і стратэгічная — вышчая, гвардзейская. Адным словам, усё ёсць, шчо трэба... Адну толькі параду запомні ад мяне,— ён усміхнуўся дабрадушна-хітравата: — Не задавайся і не забувай таварышаў...

— Ды як жа можна забыць,— запярэчыў Аляксей,— разам будзем ваяваць!..

Калі Якавенка адышоў, новы камбат са здзіўленнем падумаў: як гэта здарылася, што ён стаў камандзірам батальёна.

Гэтае назначэнне было для Аляксея нечаканым, бо Бяссонаў да сённяшняга дня па-ранейшаму не выказваў прыхільнасці да яго, больш сімпатызуючы, здавалася, двум другім ротным.

Старшы лейтэнант адчуваў, што давер'е Бяссонава яму ўсё ж прыемна. Хоць Аляксей і не любіў палкоўніка як чалавека, адносячыся да яго насцярожана і нават пабойваючыся, старшы лейтэнант мімаволі цаніў Бяссонава як камандзіра, які ўвесь жыве брыгадаю і, раўнівы і недаверлівы, не дапусціць бяды з-за нядбайства...

Новы камбат задумаўся, з чаго пачынаць. З людзьмі пазнаёміцца? Большасць з іх, асабліва камандзіраў, ён ведаў, праўда, ведаў Многіх здалёк. Так што, вядома, знаёміцца трэба...

Перш за ўсё трэба ўмацаваць разведку: у ёй дні тры назад раніла камандзіра ўзвода, які цяпер ляжыць у шпіталі. Камандуе ёю часова малодшы лейтэнант, камандзір другой машыны. Ён, можа, і нядрэнны танкіст, але ж марудлівы і лянівы. Хіба ў разведцы месца яму? Праз яго ж пазаўчора страцілі машыну. Каб ён уважлівей глядзеў, хіба ён не заўважыў бы тыя нямецкія самаходкі, замаскіраваныя ў садку, якія падпалілі «трыццацьчацвёрку»? Цяжка быць упэўненым у такім разведчыку.