Аляксей выказаў свае думкі падпалкоўніку Семіжону, які прыехаў неўзабаве пасля Бяссонава. Падпалкоўнік згадзіўся: такому камандзіру ў разведцы давярацца цяжка.
— А каго ты думаеш замест яго?
— Гогабярыдзе, думаю, — адказаў Аляксей.
— А лепш будзе Гогабярыдзе? Гарачы не ў меру... і крыху легкадумны...
— Затое, калі ён возьмецца за што-небудзь, то не пашкадуе нічога Гэты не падвядзе — я ўпэўнены... А што гарачы, то можна астудзіць...
— Ну, калі абяцаеш астуджваць, то я — падтрымліваю.
Гогабярыдзе, даведаўшыся, куды яго хоча паслаць Аляксей, з радасцю згадзіўся, але пачаў прасіць, каб туды перавялі і ўвесь яго ўзвод.
— Што тут дзіўнага, дарагі Аляксей? Я іх ведаю кожнага, як свайго брата. А мне якраз і патрэбны такія людзі, надзейныя, у якіх я не сумняваўся б, — з такімі людзьмі я куды хочаш пайду ў разведку, хоць у самы Берлін, а без іх — я буду аглядацца... Увесь час аглядацца... Адпусці іх са мной, дай згоду!..
Сандро наогул вельмі ўмеў зжывацца з людзьмі. Але старшы лейтэнант не даў згоды...
Адправіўшы Гогабярыдзе, Аляксей накіраваўся ў другую роту, якая разам з усім батальёнам рыхтавалася да Марша. Хоць Аляксей адчуваў няўпэўненасць, ён не хацеў паказваць яе. Трэба, каб усе бачылі яго цвёрдым і спакойным, каб з першага дня паверылі ў яго. А першыя крокі, пакуль да яго, як камбата, не прывыклі, — асабліва важныя...
У вёсцы ўжо былі пехацінцы, якія пачалі запаўняць вуліцу і двары. Асталёўваўся нейкі пяхотны штаб,— сувязісты ўскідвалі шастамі на галлё дрэваў, на платы правады.
Поблізу скрыжавання стаяў маленькі пехацінец — рэгуліроўшчык са сцяжкамі.
Пачынала вечарэць. Бой аддаляўся і заціхаў. Над вуліцаю ціхай хмарай вілася дробная, як пыл, машкара. Вецер раптам аднекуль прынёс млявы, крыху сумны, пах скошанай травы. Хто яе скасіў, гэтую траву?
Экіпажы працавалі: танкісты аглядалі танкі, запраўлялі іх гаручым і маслам, рэгуліравалі механізмы, грузілі снарады і патроны...
Ад гэтага знаёмага малюнка працавітай заклапочанасці Аляксею зрабілася спакойна... Ён спыніўся каля двух танкістаў, якія нацягвалі гусеніцу, стаў правяраць, ці правільна яны нацягваюць.
Камандзір машыны, закасаўшы рукавы камбінезона, штосьці папраўляў у трансмісійным аддзяленні. Убачыўшы каля машыны Аляксея, ён — шчупленькі, акуратны, рухавы — саскочыў на зямлю і далажыў, што робіць экіпаж.
Да іх падышоў камандзір роты, азербайджанец Аліеў; ён быў чарнявы, з пакляваным воспаю тварам.
Аліеў павёў яго знаёміць з людзьмі, паказваць, як казаў ротны, сваю «армію». Танкісты сустракалі новага камбата вельмі ветліва і, перагаворваючыся аб нечым, уважліва назіралі за ім, нібы бачылі ўпершыню...
У гэты першы дзень Аляксей паспрачаўся. Абыходзячы экіпажы, ён прыкмеціў двух камандзіраў машын, якія сядзелі на прызбе. Старшаму лейтэнанту не спадабалася, што яны кінулі экіпажы... Але ці варта гаварыць ім пра гэта цяпер, ледзь толькі ён тут з'явіўся? Можа, лепш іншы раз, а пакуль прайсці міма...
Аднак прайсці міма, быццам не заўважаючы таго, што яму не спадабалася, Аляксей не мог.
— Дзе вашы людзі? — запытаўся ён, прывітаўшыся. Аляксей падышоў да іх адзін, бо Аліеў затрымаўся каля апошняга экіпажа.
— Людзі?.. Каля танка...
Аляксей адчуваў сябе няёмка, як заўсёды, калі трэба было гаварыць каму-небудзь непрыемнае.
— Што ж вы на адзіноце? Дзяжурыце?..
— А што, старшы лейтэнант? Хіба камандзіру адпачыць грэшна?— прыяцельскім тонам загаварыў лейтэнант з цёмна загарэлым, з далікатнымі рысамі тварам і ссунутым набок шлемам. — Баец хоць у машыне можа паспаць...
— А якая вам да нас справа?— перабіў яго другі.
— Гэта наш камбат! — сказаў Аліеў, які толькі падышоў.
— А — камбат?.. Вось якое вышла знаёмства... — старшына крыху збянтэжыўся: — Ведаеш, гвардыі старшы лейтэнант, ты не май нічога кепскага да мяне: знябыўся. Так знябыўся, што, паверыш, галава, як чыгунны звон... У мяне цяпер, калі я гляджу, кожная дэталь двоіцца, троіцца ад бяссонніцы...
— А яны не змарыліся? — ціха, далікатна запытаўся Аляксей. — Але не просяцца пасядзець — шчыруюць. І хто ведае, што думаюць пра сваіх камандзіраў, якія адпачываюць. Напэўна, не вельмі хваляць у думках...
Старшына нахмурыўся. Яго таварышу гэтая размова, відаць, здавалася прыдзіркаю.
— Ну, і што з гэтага?
— Як што — хіба табе гэта ўсё роўна? — адгукнуўся здзіўлена Аліеў. Камандзір танка не адказаў.