— Вядома, не ўсё роўна, Аліеў... Яны проста забылі адно правіла. Адзін наш танкісцкі закон: усе цяжкасці разам і ўсе радасці разам. У баі і на прывале...
Лейтэнант слухаў панура і маўчаў; невядома было, ці ён нязгодны з Аляксеем, ці проста хавае няёмкасць.
У «сваю» роту Аляксей рашыў на гэты раз не вяртацца. Тут ён атрымаў загад выступаць. Старшы лейтэнант выклікаў сваю машыну, загадаў батальёну заводзіць маторы.
Раптам блізка ўзнікла пагрознае гурчанне і адначасова з-за хаты, з-за саламянай, учарнелай ад дажджоў і даўнасці страхі, выхапіўся «месершміт».
Ён імчаў, на міг чорна заценіўшы блакіт неба, амаль над самай зямлёю, з незвычайна блізкім ровам, з вялізнай хуткасцю.
— Беражы-ы-ся!— крыкнуў нехта побач, папярэджваючы.
Аляксей, які ішоў да сваёй машыны, убачыўшы гэта, не паспеў нічога ні падумаць, ні нават адчуць, як перад ім з жалезным скрыгатам, ломячы скроні, страшэнна грымнула, зіхнула барвовае полымя...
Яго з вялікай сілай тузанула ў грудзі і кінула на зямлю.
Раздзел IV
1...
Грэчка быў цяпер насцярожаны, як ніколі. Нягоды, якія раней хоць і непакоілі, але былі ўсё-ткі менш грознымі, цяпер набліжаліся, сціскалі вакол яго свой безвыходны круг.
Жыць з кожным днём станавілася цяжэй. Тое, што будзе заўтра, здавалася ўсё больш няясным і страшлівым.
Ён упарта шукаў выхаду з гэтай трывожнай няпэўнасці. Як выратавацца, як адхіліць гэтае адчуванне надыходу трагічнай развязкі?
Колькі Грэчка ні думаў, нічога добрага адшукаць не ўдавалася. Нельга было спадзявацца нават на якую-небудзь палёгку...
Ён не раз у думках вяртаўся да той мяжы, ад якой гэта ўсё пачыналася. Успамінаў, з якім адчуваннем ён уцякаў тады ад партызан і як пазней перабег да паліцаяў. Перабег. Бо як ты ні старайся давесці іншае, факт застаецца фактам — ён стаў працаваць у паліцыі.
Грэчка пачынаў шкадаваць, што ўцёк тады з атрада. Ён шкадаваў пра гэта не таму, што адчуваў віну перад таварышамі, якім подла здрадзіў, а таму што, уцёкшы, трапіў сам у горшае становішча.
Не трэба было ісці да паліцаяў. Перасядзець ціха дзе-небудзь месяц — другі, перачакаць неспакойны час, — вось што трэба было... Ён так і збіраўся зрабіць, але жыццё неспадзявана перавярнула, перакруціла ўсё па-свойму. Лёс паставіў яго проста перад узброенымі аўтаматчыкамі, і яму нічога не заставалася, як згадзіцца на прапанову Тыталя. Бо, каб не згадзіўся, яго косці даўно згнілі б...
А калі згадзіўся, ўжо нічога не мог змяніць. Прыходзілася ісці туды, куды кіравала павілястая сцежка. І вось прышоў — далей няма куды — думай, як быць?
Быццам у казцы, якую чуў некалі ў маленстве, разыходзяцца перад ім дзве сцежкі: па адной пойдзеш, не вернешся, па другой — таксама загінеш. Трэба шукаць трэцюю. Адна сцежка тая, па якой ён цяпер ішоў, вось-вось скончыцца — хутка, мусіць, прыдуць сюды чырвоныя. Другая вядзе назад у лес. Па ёй можна вярнуцца да Тураўца і Ермакова... Не, не, Грэчку ніякая сіла не прымусіць ступіць на яе. Ён не пойдзе ў лес. Адразу, як толькі ён вернецца, Ермакоў прыставіць яго да дрэва і расстраляе.
— Што, галава, квінту павесіў? Баішся, што прыдуць чырвоныя і ўзважаць на асіне? Не бойся, — рагочучы, дыхаючы ў твар Грэчкі самагонкай, казаў Тыталь.— Нічога страшнага, ей-бог, накінуць на каўнерык вяроўку, выб'юць падстаўку з-пад ног, кірк — і гатова. Усё!.. Ну, вядома — высалапіш язык... яшчэ — нахіліш на адзін бок галоўку... далікатна, як якая-небудзь... ну шляхетная паненка... Проста, ей-бог... Гэ-гэ-гэ! І хутка! Кірк — і гатова!..
Грэчка пахмурнеў. Тыталь не аднойчы забаўляўся такімі жартамі. Варушачы рукой чорны чуб, пачэсаны на выбітае вока, шчэрачыся, зводзіў Грэчку сваімі кпінамі.
— Ты толькі, дурань, не думай даваць цыгаля назад, — як бы адгадваючы думкі Грэчкі, казаў Тыталь.— Там табе, галава, адразу зробяць каюк... У іх усё на ўліку — і як у паліцыю перабег, і што натварыў разам з паліцыяй, і як тую разведчыцу — Лагуновіч, ці што — выдаў, усё... Яны табе прыпішуць яшчэ і такога, чаго ты ніколі і не рабіў. Хто там будзе дапытвацца, дзе ты быў з паліцыяй, а дзе не... Быў паліцаем — значыцца, усё, што рабілі іншыя, рабіў і ты. Табе, брат, глядзі, каб не прышлося адказваць за ўсю паліцыю... Гэ-гэ-гэ...
Ён падышоў да Грэчкі і пачаў гаварыць быццам са спачуваннем.
— Ёлапень ты, ёлапень!.. Сам на ражон лезеш. Жыццё, відаць, надакучыла, што пагібелі сабе шукаеш... Яны, галава, даўно за табой палююць. Ды ўсё не ўдаецца. А ты хочаш ісці! Ну, хіба ж ты не ёлапень?.. А я такім дурнем не буду. Галава яшчэ трымаецца на плячах, дзякуй богу. Як яны мяне шукаюць — і казаць не прыходзіцца. Але я фігу ім пакажу, вось што! Рукі кароткія!.. Наце, паспытайце! Смачна?! Баішся, што бальшавікі прыдуць? А скуль ты ведаеш, што яны іменна прыдуць? Га? То яшчэ віламі пісана па вадзе. Немцы — вот прыпомні маё слова — не дапусцяць іх сюды...