Выбрать главу

Туравец падаўся да лагера.

Каля зямлянак усюды стаялі групкамі людзі, весела перагаварваліся. Наводдаль нехта заводзіў песеньку,— чалавек, відаць, быў падвыпіўшы. Туравец, не распытваючы нікога, накіраваўся проста да штабной зямлянкі, спадзеючыся пра ўсё даведацца ад Ермакова. Па асобных словах, якія ён лавіў на хаду, камісар ужо здагадаўся, што пачалося наступленне. Ад адной групкі данеслася слова «Віцебск», і ён падумаў, што наступленне ідзе пад Віцебскам. Але ці толькі пад Віцебскам? Камісар ужо не ішоў, а бег.

Акрамя камбрыга, у зямлянцы ціснулася яшчэ некалькі чалавек. Як і ва ўсім лагеры, тут было незвычайна ажыўлена і шумна — гаварылі голасна, перабіваючы адзін другога, смяяліся. Калі камісар увайшоў, увесь гэты тлум на хвіліну сціх.

— Эх ты, інфармбюро! — сказаў Ермакоў з урачыстай усмешкай на паўнеючым твары.— Паведамляў, паведамляў, а самае галоўнае прамаргаў!..

— Пачалося, значыцца?!

— А ты яшчэ не ведаеш? — здзівіўся Габдулін, пазіраючы касымі вачыма чамусьці не на камісара, а на таварышаў.

— Так, камісар, наступленне! — прамовіў Ермакоў. Такім узрушаным Туравец бачыў яго ўпершыню.— Вялікае наступленне. Пад Віцебскам! Трэці Беларускі і Першы Прыбалтыйскі бяруць фашыстаў у «клешчы». З паўночна-заходняга кірунку і з поўдня.

Ермакоў па-ваеннаму адрывіста, з амаль дзіцячай радасцю стаў пераказваць змест зводкі. Камбрыг запомніў яе, здаецца, слова ў слова.

— Віцебск не занялі яшчэ?

— Не, пакуль пра гэта не перадавалі. Але зоймуць!

— Не сумняваюся, Дантон любы!.. Слухай, камандзір,— схамянуўся Туравец,— пры такім выпадку трэба было б мітынг. Сабраць людзей.

— Спазніўся,— адказаў замест камбрыга Дрозд, які моўчкі стаяў сярод камандзіраў.— Мы тут ужо зрабілі... Ды і без мітынгу людзі цяпер самі тое... мітынгуюць...

— А ў другія атрады конных паслалі?

— Паслалі... Я, прызнаюся, на радасці, не здагадаўся, дык прыбег Крайко: «Камбрыг, кажа, загадай людзям давезці гэтую вестку ў іншыя атрады».— «Правільна,— кажу.— Ляці ў «Радзіму». Толькі без лішняга шуму там — каб не перапалохаў уночы ўсіх...» Ён ужо даўно там... А ты яго не сустракаў? — запытаўся Ермакоў. — Не бачыў?... Ты па сцежцы ішоў? І ён тут, не інакш,— як жа вы маглі размінуцца?

— Бачыш, камісар, і тут ты спазніўся. Але ў адным ты ўсё ж не спазніўся.— Габдулін хітравата падміргнуў Ермакову і аднекуль з кутка выняў пляшку самагонкі.

2...

Камбрыг раптам схамянуўся,— на твары яго з'явіліся вінаватасць і няёмкасць.

— Табе, Нічыпар Паўлавіч, пашанцавала яшчэ на адзін падарунак... Даруй, што не сказаў адразу. Адгадаеш?

«Які падарунак яшчэ? Можа... пісьмо ад Юрыя, якога ён ужо даўно чакае? Не, напэўна, штосьці іншае»,— падумаў ён, больш за ўсё жадаючы, каб гэта было іменна пісьмо.

— Не, відаць, не адгадаю...

— Ад сына! Вось! — Ермакоў падаў Тураўцу адразу два канверты.— Са штаба злучэння прыслалі...

Камбрыг заўважыў, як здрыганулася працягнутая рука Тураўца. Выраз шчасця, які асвятліў твар камісара ў першы момант, змяніўся непакоем. Туравец, было прыкметна, хваляваўся. І гэта так падзейнічала на ўсіх, што ў зямлянцы адразу стала ціха. Усе сачылі за камісарам. Ён разгарнуў адзін трохкутнік і прагна прабег вачыма некалькі паспешлівых, напісаных зялёным алоўкам радкоў: «Пішу з дарогі... цягнік вязе нас у той бок, дзе ты... хутка, напэўна, і я пачну ваяваць... будзем разам...» Туравец стаў чытаць ліст у другі раз, цяпер павольней, слова ў слова. У скронях горача стукала: «Значыць, і Юрый — на вайне».

Ён думаў пра гэта і з гонарам, што ў яго сын ужо на фронце, і з трывогаю. Любы хлопец, хто лепш за мяне ведае, як табе будзе цяжка! І небяспечна. У такія маладыя гады!..

Ён асцярожна адкрыў другі канверцік — пісьмо было напісана тыдні на два раней за першае. Юрый пісаў пра сваё жыццё ў вучэбным палку.

— Юрый — на фронце...— Туравец сказаў гэта спакойна, але многія адчулі, што ён па-ранейшаму ўзрушаны.

Туравец раптам, нібы адганяючы трывогу, рашуча ўзняўся.

— Трэба зайсці ў друкарню. Як там з газетаю, ці ўправяцца надрукаваць да світання? Раён чакае...

— Усё-ткі адну справу мы, выходзіць, празявалі!..— прызнаўся Ермакоў.

Туравец выгнаў. На адзіноце падумаў: «Юрка, мусіць, таксама наступае там...» У друкарні зводку ўжо кончылі набіраць. Рэдактар газеты нешта пісаў на лістку. Лісток быў увесь перакрэслены.

— 1 Нічога не атрымліваецца,— сказаў у роспачы рэдактар, як толькі ўбачыў камісара.— Не магу! У сэрцы — агонь, а тут пустата! Пратакол! Квас!..