Камісар сеў за столік. Туравец быў добрым прамоўцам, і яго палкія, разумныя выступленні моцна дзейнічалі на людзей. З алоўкам у руцэ ён адчуваў сябе менш упэўнена, — на паперы словы, здавалася, трацілі частку запальнай сілы. Акрамя таго, тут трэба было напісаць коратка, вельмі сцісла, пра галоўнае. Як у маўклівых, скупых словах выказаць тое агромністае, багатае пачуццё, якое ў ім жыве?
Так, газетчык гаворыць праўду — патрэбны нейкія асаблівыя словы... Туравец некалькі разоў пачынаў, але, напісаўшы два — тры радкі, закрэсліваў.
Нарэшце, яму прышло: «Збылося! Гэтага дня мы чакалі тры доўгія гады, чакалі з нязгаснай вераю ў дапамогу Радзімы, роднай арміі...» У яго памяці прайшлі ўрыўкамі гэтыя тры гады — апошнімі ажылі чорныя дні блакады.
Успомнілася Ніна,— дзе яна, што з ёй? Ніна, Ніна!.. Якія пакуты трываеш ты, можа, у гэтую хвіліну? Эх, як не пашанцавала! Так, цяжкія і вялікія былі гэтыя тры гады!
Туравец адчуў, што знайшоў тое самае глыбокае, самае важнае. Пісаць стала лягчэй.
— Бяры,— аддаў ён лісток рэдактару,— і хутчэй, як мага хутчэй друкуй нумар.
Вышаўшы з зямлянкі, камісар спыніўся. Плыла ноч, звычайная, падобная на многія ночы. Недзе ўзышоў месяц, але ў лесе яго яшчэ не было відаць; пра тое, што месяц узышоў, можна было здагадацца па блакітных водсвітах, якія плаўна варушыліся на верхавінні дрэваў, ды па тым, як усё навокал пасвятлела. У прагалінах мігалі няяркія зоры.
Туравец уявіў — недзе пад Віцебскам грымяць гарматы, сціхаюць пажары ў першых вызваленых вёсках, са сховішчаў выходзяць жанчыны і дзеці... Ён амаль убачыў Юрыя: ідзе па вуліцы вёскі, абветраны, стомлены, рашучы... Рука бацькі пяшчотна дакранулася да правай кішэні гімнасцёркі, дзе ляжалі складзеныя абодва канверты. Захацелася зноў узяць лісты і перачытаць іх...
Як ён, Юрый, хутка вырас. Здаецца, не так даўно гадзінамі біўся над просценькімі арыфметычнымі задачамі, з радасцю сустракаў у піянерлагеры бацькоў, з якімі не бачыўся цэлы тыдзень.
Ці даўно перажываў ён, што не падышоў у школьнай камандзе на варатара. Рост малы! Туравец успомніў, як сын захапляўся ў школе футболам... Юрка тады знайшоў сваё месца ў абароне, ён стаў добрым цэнтрам абароны — хуткі, спрытны, увішны.
Маці яго часта дакарала: дзе абутку набрацца. Ды і бацьку былі клопаты: і раней Юрый быў «сярэднім» вучнем, а цяпер часта стаў прыносіць троечкі...
Успомніліся паездкі на паляванне. Для Юркі гэтыя паездкі — калі бацька браў яго з сабою — былі цэлым святам. Як ён любіў хадзіць са стрэльбай па лесе, упарты, цярплівы, як любіў спаць з паляўнічымі каля агню! Колькі тады трывог было маці: каб не прастудзіўся, каб не параніў сябе...
Ці даўно гэта было? А сёння Юрка ўжо салдат...
Вось яна, настала і твая салдацкая пара. «Будзь жа сапраўдным салдатам, сынок».
«Будзь шчаслівы, Юрка!..»
Туравец падумаў, што і ім неабходна перайсці ў наступленне. «Мы ж таксама стаім на Мінскім напрамку». Трэба пагаварыць з Ермаковым!
Але, калі ён ступіў у зямлянку, то ўбачыў, на стале, за якім схіліўся камбрыг, ляжыць карта і Ермакоў нешта вылічвае запалкаю. На адным канцы карты, каб яна не тапырылася, стаяў карэц, з якога нядаўна пілі гарэлку.
Камандзіры, што былі поруч, перагаварваліся і таксама разглядвалі карту.
— Падарунак хачу зрабіць Чырвонай Арміі. Да сустрэчы... Сядай, камісар, далучайся...
3...
Як гэта сталася, Васіль і сам добра не ведаў. Ён павінен быў ехаць у атрад, каб перадаць весткі з фронта.
Атрымаўшы даручэнне, Вася адразу ўскочыў на каня і паімчаў... Хлопец проста зямлі не чуў пад сабою, разумеючы, якую вестку яму трэба перадаць людзям.
Шчаслівы, забыўшы ад радасці, здаецца, усё, ён, калі ехаў у атрад, неспадзявана для сябе звярнуў на вузкую звілістую сцежку, што вяла ў шпіталь. Хіба мог ён абмінуць Валю? Як жа ён праедзе, не падзеліцца такой радасцю раней за ўсіх з ёй?
Можа, і дзіўна, але ў тыя хвіліны Вася зусім забыўся пра тое, што «з ёю ўсё скончана», як ён думаў амаль увесь гэты месяц. Яна ўяўлялася яму зноў такою, якою ён ведаў раней — блізкаю, любаю — нібы і не было ніякага разладу.
Ён падляцеў да яе зямлянкі і, саскочыўшы з каня, пастукаў пальцамі па невялічкай квадратнай шыбе.
— Валя, Валя,— ён паправіўся: — Залеская!
Вася адступіўся ад акенца і стаў нецярпліва чакаць. «А можа, яе тут няма?» — затрывожыўся раптам хлопец. Сапраўды, чаму ён думае, што яна абавязкова ў зямлянцы, а не на дзяжурстве? Але тут дзверы адчыніліся, і Вася пазнаў: яна! Яе постаць добра акрэслівалася ў блакітным месячным святле.
— Хто тут? Ты?! — голас дзяўчыны задрыжаў, але ў наступную хвіліну ў ім пачуліся ўжо халаднаватыя ноткі: — Што гэта такое раптам прывяло... вас... уночы?..