Выбрать главу

Тады ж да герояў рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і калектывізацыі ў маёй дзіцячай сьвядомасьці далучыліся героі-пагранічнікі. Фільмы «Граніца на замку», «Джульбарс» глядзеў у ваенным гарадку (а ён быў у нашым жа лесе, за паўвярсты ад вёскі) неаднойчы. Неаднойчы перачытаў і кнігу апавяданьняў пра знакамітага вартавога рубяжоў Айчыны Карацупу. Увогуле тэма граніцы і шпіёнаў-дыверсантаў на доўгі час аказалася ў нашых хлапчукоўскіх размовах і гульнях галоўнай, адцясьніўшы на задні план усе іншыя тэмы. Тлумачылася гэта яшчэ і тым, што да верасьня 1939-га мы жылі ў прыгранічнай зоне — да савецка-польскай мяжы, якая расьсекла Беларусь напалам, было вёрст пятнаццаць. Таму і ваенны гарадок побач, і магутныя жалеза-бетонныя ДОТы на тэрыторыі нашага сельсавету. І пастаянная апрацоўка мясцовага насельніцтва: сачыце, сачыце, сачыце! Глядзіце-прыглядайцеся, ці не прабраўся з-за мяжы вораг, ды ці не дапамагае яму тут хто-небудзь з вяскоўцаў чыніць дыверсіі. Нават «Буквар» у той год, як я пайшоў у школу, заканч­ваўся вершам «Пагранічнік», які нам трэба было завучыць на памяць.

Відаць, нядаўна, на сьвітаньні,

Граніцу вораг перайшоў.

Яго сьлядоў незатаптаных

Яшчэ і вецер не замёў.

Ужо калгасьнікі і дзеці

Бягуць гурмой наперарэз.

Але і вораг іх прыкмеціў

І зноў, як воўк, пабег у лес.

Асабліва важным у вершы было вось гэта: «Ужо калгасьнікі і дзеці Бягуць гурмой наперарэз». «Скажыце, дзеці, — пытала настаўніца, зьвяртаючыся да класу, — хто памог пагранічніку злавіць шпіёна?» І клас хорам адказваў: «Калгасьнікі і дзеці!» — «Вось бачыце: і дзеці павінны памагаць дарослым у барацьбе з ворагам!»

Атмасфера шпіёнаманіі (тады, вядома, гэтага слова ў нашай мове не існавала) была неймаверна напаленая і панавала паўсюдна. І хапун 1937-га ў нас цалкам прывязваўся да татальнай барацьбы са шпіёнствам. Аднавяскоўца, звычайнага калгасьніка Мікалая Бурбоўскага схапілі за тое, што нехта бачыў, як ён хаваў у сваёй пуні шпіёна. Другога мужа (прымака) нашай дзядзіны Барбары, краўца і калгаснага конюха, непісьменнага Ліксандра Барэйку забралі за тое, што, гонячы коней на начлег, браў з сабою торбу з ядой і там, на пашы, «перадаваў» яе польскім шпіёнам. Ні адзін, ні другі ніколі не вярнуліся дадому. І па сёньняшні дзень ніхто ня ведае, дзе, у якіх Курапатах, іх магілы.

У тым жа 1937 годзе ў суседнім Плешчаніцкім раёне (у 1962-м далучаны да Лагойскага) за гэткія самыя «сувязі з польскімі шпіёнамі» хапун схапіў майго роднага дзядзьку, старэйшага бацькавага брата Аляксандра Гілевіча, які калісьці прымаў актыўны ўдзел ва ўстанаўленьні ў нашай мясцовасьці савецкай улады. Толькі праз дваццаць гадоў у нашай хаце загавораць пра гэта адкрыта. А да таго — і бацька, і маці, і родныя дзядзькі Пётра і Валодзя пры нас, дзецях, яго імя не ўспаміналі. Хоць увогуле яшчэ ў пачатку акупацыі, калі на гэтыя тэмы людзі загаварылі сьмялей, я даведаўся, што дзесьці ў Задрозьдзі Плешчаніцкага раёну «забралі» нашага дзядзьку.

Пройдзе XX зьезд КПСС з выкрыцьцём культу асобы Сталіна — і я ўпершыню зразумею, як увесь гэты час было «лёгка» бацьку — роднаму брату «ворага народа». I чаму ў нашай хаце, на самым відным месцы — на сьцяне, трохі вышэй над адрыўным календаром, можа гады два ці тры красаваўся ў ладнай драўлянай рамцы наркам Яжоў. У высокай фуражцы з зорачкай, з вялікімі пятліцамі ў ромбіках, з вясёлай усьмешкай на круглым маладым твары, — ён мне здаваўся вельмі сімпатычным. I я быў страшэнна зьдзіўлены, калі аднойчы вечарам, прыйшоўшы дадому, бацька раптам, нічога ня кажучы, зьняў партрэт са сьцяны, выдраў з рамкі і, разарваўшы на чатыры часткі, кінуў у полымя грубкі. На нямое пытаньне маіх спалоханых вачэй адказаў: «Аказаўся ворагам народу, прахвост». «Прахвост» — было адным з яго любімых слоў.