Прыкладна тады ж адбылася яшчэ адна экзекуцыя над сімпатычнымі мне партрэтамі. На гэты раз у школе, і ўчынілі яе мы, дзеці. Настаўніца папрасіла разгарнуць чытанкі на тых старонках, дзе зьмешчаны партрэцікі маршалаў Блюхера і Ягорава, і сказала: «Дзеці, замажце гэтыя партрэцікі і подпісы пад імі чарнілам. Замажце добра, каб нельга было прачытаць». Ну, гэта ва ўсіх атрымалася найлепшым чынам. Што-што, а мазюкаць, крэсьліць, пэцкаць мы ўмелі. Некаторыя так пастараліся, што аж лісьціны наскрозь папрадзіралі. Экзекуцыя над партрэтамі — экзекуцыя над дзяцячымі душамі. Хто скажа-адкажа, у што гэта дзіцячай душы абыходзілася? Як гэта ўплывала на фарміраваньне маральных перакананьняў і прынцыпаў будучых грамадзянаў краіны? Учора — герой грамадзянскай вайны і маршал, сёньня — замаскаваны вораг-тэрарыст; учора — знакаміты, праслаўлены герой Хасана і таксама маршал — сёньня подлы пярэварацень і здраднік Радзімы. Каго будзем закрэсьліваць і замазваць заўтра?..
Тым часам вызвалілі з белапольскага ярма Заходнюю Беларусь. З гераічнага паходу на захад вярнуўся тэрмінова мабілізаваны ў верасьні сусед Валодзя Думанскі і ў якасьці трафею прынёс польскі тапор у торбе (без тапарышча, вядома). Хваліўся, што надта ж хвацкі, з надта ж добрага жалеза і што ў нас такога ня зробяць. На што слабодскі каваль Андрэй Бурбоўскі сказаў: «Ты, гэта самае, гаворыш глупства. Давай аб заклад, што я зраблю лепшы!» Але гэты эпізод — не галоўнае, чым тады захапіла мяне тэма Заходняй Беларусі. Захапіла і з кожным днём-тыднем-месяцам усё глыбей западала ў сьвядомасьць, усё больш апаноўвала маімі не зусім дзіцячымі думкамі. Да вялікай гістарычнай падзеі ўзьяднаньня беларускага народу я ўжо быў дастаткова падрыхтаваны, каб успрыняць яе радасна як перамогу справядлівасьці. Падрыхтаваны быў усёй атмасферай грамадскага быту, школай, кнігамі, і, вядома ж, у сям’і,— ува мне вельмі рана, не па гадах рана абудзілася цікавасьць да падзеяў гістарычнага кшталту і сучаснага сацыяльна-палітычнага жыцьця. Для мяне адкрылася суровая, трагічная праўда нашага лёсу: Беларусь была гвалтам падзеленая, амаль палавіна яе апынулася ў няволі, і там, у буржуазнай Польшчы, беларускі народ ня меў ніякіх правоў — нават вучыць дзяцей на сваёй роднай мове. Тады пра становішча беларусаў пад гнётам «пілсудчыкаў» пісалася надзвычай шмат, як і пра радасьць вызваленьня, пра яднаньне адзінакроўных братоў. Мастацкія творы — апавяданьні, вершы — адразу ж паявіліся ў чытаньнях і хрэстаматыях, у кнігах паэтаў і пісьменьнікаў. Дастаткова згадаць вершы Янкі Купалы на гэтую тэму — вялікую нізку «На заходнебеларускія матывы». Тое ўспрыняцьце верасьня 1939 году засталося ў маёй душы надоўга-надоўга. І калі пасьля вайны пачала друкавацца ў «Полымі» паэма Коласа «Рыбакова хата» — я ўсім сэрцам вітаў яе і лічыў вельмі значным творам. Ну а як жа: гэта ж пра барацьбу народу за ўзьяднаньне! І сам у 1949 годзе напісаў верш «Гэты дзень» — да сьвята 17 верасьня, але яго не надрукавалі. Праз пяць гадоў, восеньню 1954-га, я зноў напісаў верш пра гэта ж — і зноў яго не прынялі да друку. «Сёньня гэтая тэма ўжо не актуальная»,— патлумачылі. І я быў моцна зьдзіўлены і застаўся ў недаўменьні. «Тэма гістарычнага лёсу народу — не актуальная? Тут нешта ня тое». Агулам хачу падкрэсьліць: усё, што я тады чуў і чытаў пра вызваленьне і ўзьяднаньне, істотна паўплывала на разьвіцьцё, паглыбленьне і ўмацаваньне маёй нацыянальнай самасьвядомасьці.
Але вернемся ў апошнія перадваенныя гады. На ўроках сьпеваў мы развучваем і пяем усё новыя і новыя песьні,— рускія, вядома: «Если завтра война»; «Собирались казаченьки», «На границе тучи ходят хмуро», «В далёкий край товарищ улетает»... Асабліва ж старанна развучвалі і часта паўтаралі дзьве: вось гэту:
Споем же, товарищи, песню
О самом большом человеке,
О самом родном и любимом,
О Сталине песню споем!..
І вось гэту — пра чатырох герояў-папанінцаў, якія пакарылі Паўночны полюс:
Но знали герои, что если нагрянет
Угроза в суровом краю —
Сквозь бури и штормы им Сталин протянет
Надежную руку свою.
Божа, колькі добрых, сумленных, невінаватых людзей гінулі як нявольнікі ГУЛАГу ў суровых паўночных краях, сярод сьнегавых буранаў і на штармавых пранізьлівых вятрах, і як спадзяваліся на паратунак, на тое, што бацька Сталін пачуе крык іх чыстых перад Радзімай душ і працягне ім «надежную руку свою»! Працягнуў «бацька», працягнуў. А як жа! Так працягнуў, што з мільёнаў жывымі дадому вярнуліся сотні.
I ўсё ў гэтых песьнях было ў вышэйшай ступені сур’ёзна, усё — узапраўду, і ўсё ад самага шчырага сэрца. Не, не, хай ніхто і не падумае сказаць, што гэта было ад страху, ад боязі, або нават — што гэта пісалася фармальна, абы адбыць, абы не чапіліся; або што гэта — з чыста кар’ерысцкіх разьлікаў, з хітрым прыцэлам... О не, шаноўныя, нічога падобнага! Такія вершы і такія мелодыі проста так, пэўным намаганьнем волі, без затратаў энергіі душы і сэрца, бяз шчырай пашаны і любові — ня пішуцца, не складаюцца. Ня трэба заднім чыслом рабіць ніякіх апраўдальных маніпуляцыяў, бо апраўдвацца няма за што,— тым, хто шчыра верыў, шчыра гэтаю верай натхняўся, а ў натхненьні хораша пісаў. Судзіць за веру ў самыя высакародныя ідэалы чалавецтва — у камуністычную будучыню? Ну гэта тое самае, што і судзіць за веру ў казку пра рай нябесны. Судзіць за любоў і пашану, за апантанае, фанатычнае пакланеньне чалавеку, пра якога ведаў адно толькі самае добрае і абсалютна нічога дрэннага, які быў для цябе апосталам гэтай веры? Ну гэта тое самае, што судзіць за пакланеньне Ісусу Хрысту. Хай апраўдваюцца і выкручваюцца тыя, хто сёньня кажа, што ведалі ўсю праўду і пра Леніна, і пра Сталіна, і пра беспадстаўны масавы тэрор, і ня верылі ў ніякія камуністычныя ідэалы, а таму і ў партыю не паступалі,— ну, а пісалі хвалебныя оды Леніну, Сталіну і ўсёй слаўнай гвардыі камуністаў, таму што было выгадна. Таму што за гэта добра плацілі. Таму што на гэтым можна было зрабіць бліскучую кар’еру...