Выбрать главу

Дарэчы, хіба ня шчырасьцю творчага натхненьня тлумачыцца той бясспрэчны факт, што ўсе тагачасныя масавыя і эстрадна-лірычныя песьні вызначаліся выдатнымі паэтычна-музычнымі якасьцямі, уразьлівай меладычнасьцю, напеўнасьцю, глыбокай, пранікнёнай эмацыянальнасьцю? Ледзь паявіўшыся на сьвет, скажам, упершыню прагучаўшы на экране кіно, яны лёгка запаміналіся, яны тут жа падхопліваліся мільёнамі маладых людзей, рабіліся важнай, неабходнай, істотнай часткай іх культурнага побыту, іх духоўнага жыцьця. У пацьвярджэньне сказанага згадаю такія шэдэўры песеннай лірыкі 1930-х гадоў, як «Кацюша», «Провожанье», «И кто его знает» (вершы М. Ісакоўскага), «По военной дороге» (верш А. Сур­кова), «Нас утро встречает прохладой» (верш Б. Карнілава), «Дзе ж ты, чарнавокая?» (верш А. Ушакова), «Бывайце здаровы!» (верш А. Русака).

Выдатныя папулярныя песьні перадваеннай пары, разам з фальклорнымі, народнымі (беларускімі, рускімі і ўкраінскімі), разам з хрэстаматыйнымі вершамі і паэмамі вядомых паэтаў фарміравалі мой мастацкі густ, маё адчуваньне і разуменьне прыгожага, паэтычнага, станоўча ўплывалі на працэс духоўнага росту, ідэйнага і маральнага станаўленьня асобы. На жаль, тады ж паглыналася мною і «паэзія» зусім іншага кшталту, процілеглага. Маю на ўвазе ня толькі тыя вульгарна заідэалагізаваныя культаўскія песьні-оды, але і многія нібыта-вершы, зьмешчаныя ў нашых букварах і чытанках. Ну як мог паўплываць на эстэтычнае разьвіцьцё васьмі-дзевяцігадовага школьніка, які да таго ж яшчэ і адчувае сваё нераўнадушнае ўспрыняцьце паэзіі, вось такі лірычны «шэдэўр» з чытанкі:

Аралі, садзілі, палолі,

А вось і зьбіраць ужо час.

Гародніна сёлета добра

Ўрадзіла ў калгасе у нас.

Падобныя нібыта-вершы даводзілася ня толькі чытаць, але і завучваць на памяць. I ніхто ж табе не сказаў, не патлумачыў, што гэтая недалугая, убогая эрзац-творчасьць ніякіх адносінаў да паэзіі ня мае, што яе трэба як мага хутчэй забыць, калі нават і было загадана вывучыць.

На шчасьце, што датычыць чытанак і хрэстаматыяў, то нават і тады ў іх пераважалі ўзоры паэзіі сапраўднай, прыгожай, высокай, чыстай, і ня дай Бог, каб было іначай! Мы адкрывалі для сябе і запаміналі на ўсё жыцьцё радкі Янкі Купалы («I лягла ж цішына У бары за гарой: Каб дравінка адна Хоць кіўнула сабой»), Якуба Коласа («Звоніць, скача, як дзіцятка, Гэты жэўжык-ручаёк, На яго, бы тая матка, Сонца кідае свой зрок»), Максіма Багдановіча («Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі сьнег!»), Зьмітрака Бядулі («Сьняжыначкі-пушыначкі Ляцелі матылькамі. Над хмызамі над шызымі Дыміліся дымкамі») і інш. Гэтае сапраўднае-прыгожае, вядома ж, перамагала зарыфмаванае пустое абы-што.

Заадно з высокай паэзіяй класікаў вельмі спрыялі выхаваньню мастацкага густу цудоўныя народныя песьні. Як я любіў іх слухаць! I колькі адслухаў! Іх сьпявалі за бяседным сталом — і ў нашай хаце, і ў сваякоў-суседзяў, дзе я ў такія часіны аціраўся, сьпявалі, адвячоркамі, жнеі на постаці, сьпявалі дзяўчаткі ў полі, кароў пасучы, ды і на школьнай сцэне, вучаніцы-харыстачкі, на сьвяточных канцэртах... Колькі ў тых песьнях было хараства, паэзіі, і чагосьці такога чароўнага, вабнага, роднага, што аж сэрца заходзілася, і хацелася слухаць бясконца, і далучыцца да сьпеву самому. Зрэшты, зраблю і адну агаворку. Рана давялося пачуць і непрыстойныя фальклорныя песьні — ад старэйшых хлопцаў-падлеткаў, за якіх гэта «кароста» надта чаплялася. Сьпявалі яны іх звычайна ў сваім асяродку, іншы раз наўмысна громка, каб і дзяўчаты пачулі. Сьпявалі і дарослыя — па п’янцы, вядома, як правіла — на вечарынцы. Часьцей гэта былі песьні фрывольнага зьместу, але бяз крайне вульгарнай лексікі, «гэна самае» падавалася ў празрыстых метафарах і параўнаньнях. Аднойчы ж, запомнілася, у полі, на пашы, пры нас, малых пастушках, дарослы, але яшчэ не стары мужчына пачаў сьпяваць прыпеўкі страшна паскудныя, з гэтак званымі табуіраванымі словамі. I я слухаў тое пяяньне, апусьціўшы вочы ад няёмкасьці, ад сораму. Што ёсьць такія прыпеўкі — я ведаў, але што дарослы мужчына для нас, малых, можа пець такое — не чакаў. А ён бачыў, што яго «фальклор» робіць на нас уражаньне, і стараўся яшчэ больш, некаторыя нават паўтараў у другі раз. Між іншым, праз шэсьцьдзясят з гакам гадоў паасобныя з тых паскудных прыпевак я знайду ў зборніку Р. Барадуліна «Песні матчыны з Вушаччыны», якія яму, ужо даросламу, насьпявала (ці надыктавала) родная маці. Дзе Лагойшчына, а дзе Вушаччына, а прыпеўкі адны і тыя ж, у тым ліку і брыдкія, нечытэльныя. Багата, багата іх было ў песенным рэпертуары старой беларускай вёскі. Ня лішне зазначыць, што некаторыя з іх, мяркуючы па мове, былі гарадскога паходжаньня, належалі да гэтак званага «блатнога фальклору», хоць і прыкметна беларусізаваліся.