Выбрать главу

***

Беларусы таго пакаленьня, да якога належу я, пераказваючы або пішучы сваю аўтабіяграфію, звычайна зазначалі: «вучобу ў школе на тры гады перапыніла вайна», маючы на ўвазе, што тры гады цягнулася нямецка-фашысцкая акупацыя Беларусі. Гэта не зусім так. Ці, дакладней, гэта датычыць далёка ня ўсіх маіх равесь­нікаў, якія свае дзіцячыя і падлеткавыя гады правялі ў акупаванай немцамі Беларусі. Цалкам менавіта такі, трохгадовы перапынак у вучобе выпаў на долю школьнікаў усходніх раёнаў рэспублікі — той тэрыторыі, якая знаходзілася ў распара­джэньні вайсковых нямецкіх уладаў і не адносілася да гэтак званай «Беларутэніі», што была ў веданьні гітлераўскага гебітс-камісарыяту начале з гаўляйтэрам. З другога боку, школьнікі крайніх заходніх тэрыторыяў Беларусі, уключаных у склад Рэйху (Беласточчына і заходняя Гарадзеншчына), а таксама школьнікі гарадоў «Беларутэніі», дзе аж да лета 1944-га панавала нямецкая ўлада, хадзілі ў школу, вучыліся пад акупацыяй усе тры гады. У выніку яны, не страціўшы ў школьнай вучобе ні году, ні паўгоду, паступалі пасьля вайны ў інстытуты і ў Беларускі дзяржаўны універсітэт на два ці тры гады маладзейшымі за сваіх усходнебеларускіх равесь­нікаў. Калі я прыйшоў на першы курс філфака БДУ, мой аднагодак са Слоніму Алег Лойка ўжо быў на чацьвёртым курсе. Што ж датычыць школьнікаў вясковых школаў цэнтральнай Беларусі («Беларутэніі»), то тут — як каму пашанцавала: хто вучыўся пад акупацыяй год, хто — год з гакам, а хто і ўсе два. Але тры гады не вучыўся ніхто. Восеньню 1942-га ўжо набірала сілу партызаншчына, і настаўнікам, якія лічыліся службоўцамі акупацыйнай улады, працаваць стала немагчыма: народныя мсьціўцы, дакладней — закінутыя з-за фронту энкавэдзісты прыраўнівалі іх да здраднікаў і нярэдка, не цырымонячыся, расстрэльвалі.

Я пад акупацыяй вучыўся ў школе фактычна толькі адзін год — закончыў чацьверты клас у сваёй Слабадзе. У наступны ж пяты (ужо ў суседняе мястэчка Гайна) пахадзіў усяго тыдні тры, ня болей — і школа была зачыненая. У яе вялікім новым будынку (тыповым, пастаўленым за год да вайны) разьмясьціўся паліцэйскі гарнізон. Але зусім не надоўга. На пачатку зімы, ад страху быць разгромленымі, яго ваякі перабраліся ў суседні гарнізон у Лагазе, а школу — новы, цудоўны будынак — партызаны спалілі. «Каб не было куды вярнуцца бобікам» (так пагардліва называлі тых, хто пайшоў у паліцыю). Пазьней, пасьля вайны, гэтае бяздумнае, нічым не апраўданае спажараньне школы будзе даплюсавана да зруйнаваньняў, што ўчынілі на Беларусі нямецка-фашысцкія акупанты,— як і сотні іншых спаленых ці разбураных «ляснымі салдатамі» школаў і самых розных казённых будынкаў, узарваных былых панскіх палацаў, касьцёлаў і цэркваў. Усё прыпісалі акупантам — усе свае дурныя, бязглуздыя спажараньні і разбурэньні. Гэта ня значыць, што не палілі і не руйнавалі нямецкія фашысты — і палілі, і руйнавалі страшна. Але гэта значыць, што ўся праўда аб тым, што было, што чынілася-рабілася на Беларусі ў гады Другой сусьветнай вайны, яшчэ не напісана. Яшчэ на ўвесь голас так і не сказана, чаму і адны, і другія — і фашысты, і антыфашысты — былі такія бязьлітасныя да беларусаў і да багацьцяў-скарбаў нашай матэрыяльнай культуры, да рукатворных помнікаў нацыянальнага генія народу. I ня толькі да рукатворных.