Год вучобы ў школе пад немцамі адзначыўся ў маёй сьвядомасьці двума новымі момантамі, якія мелі, як я цяпер разумею, немалаважныя для мяне наступствы. Па-першае, усе ранейшыя, савецкія школьныя чытанкі і хрэстаматыі былі са школьнага ўжытку зьняты, апынуліся пад забаронай (фактычна былі сабраны, рэквізаваны і зьнішчаны), і таму ва ўсіх класах нашай (цяпер ужо не сямігадовай, а пачатковай) школы мову і літаратуру дзеці вывучалі па выдаваным у Менску з восені 1941-га году часопісе «Беларуская школа», у якім усе матэрыялы (і метадычныя, і літаратурна-мастацкія) былі надрукаваны гэтак званай «тарашкевіцай». На «тарашкевіцы» друкавалася і «Беларуская газэта», якая да сьнежня 1942-га даходзіла да нас, у Слабаду, і якую я з вялікай цікавасьцю чытаў. Гэты адметны ад ранейшага правапіс роднай мовы, павінен прызнацца, прыйшоўся мне да душы, асабліва абазначэньнем мяккасьці зычных З, С, Л, Н, Ц на пісьме з дапамогай мяккага знаку (зьбіў, сьнег, гальлё, сёньня, жыцьцё). Нейкае падсьвядомае нутраное чуцьцё як бы гаварыла мне, што гэтак пісаць лепш, што гэтак і трэба. За год вучобы я так прызвычаіўся да «тарашкевіцы» (гэтага тэрміну, вядома ж, я тады ня чуў), што нейкі час яшчэ і пасьля вайны ў маіх пісаньнях праскокваў, як партызан-дыверсант, лішні мяккі знак і «пускаў пад адхон» жаданую, запланаваную ў амбітнай душы «пяцёрку».
Другое, што было пэўным шчасьлівым адкрыцьцём для мяне ў тагачаснай вучобе,— гэта знаёмства з беларускім народным земляробчым календаром, з апісаньнем нашых даўніх народных сьвяткаваньняў і звычаяў, абрадаў і гульняў, з узорамі абрадава-каляндарнай і сямейнай паэзіі, з гістарычнымі паданьнямі і легендамі беларускага народу. Рэч у тым, што такога матэрыялу было багата ў названым часопісе, ды і газеты яго друкавалі, і што на ўсім гэтым акцэнтавалася на ўроках увага, чаго абсалютна, зусім-ніяк не рабілася ў школе да вайны. У савецкай школе гэтым займацца было нельга, ва ўсякім разе — у беларускай савецкай, бо на гэтае багацьце народнай духоўнасьці, народнай паэзіі вучылі глядзець як на нічога ня вартую забабонную старыну, не толькі непатрэбную, але і шкодную, зьвязаную з беларускім буржуазным нацыяналізмам, і таму фактычна забароненую. Народныя лірычныя (пазаабрадавыя) песні сьпяваць і казкі расказваць (асабліва антыпанскія і антыцаркоўныя) — не забаранялася, яны ўваходзілі і ў вучэбныя праграмы, але каб старыя сьвяты сьвяткаваць і язычніцкія ці хрысьціянскія абрады выконваць — крый Бог! Толькі хіба ўпотай, падпольна. А тут — пра ўсё гэта гаварылася ня толькі адкрыта, але і з ухвалою, з заклікам адраджаць у жыцьці свае старажытныя сьвяты, звычаі, абрады. I трэба сказаць, што часовае адраджэньне пэўных, ужо прызабытых атрыбутаў нацыянальнага беларускага быту, сьвяточных абрадавых дзействаў і рытуалаў мела, прынамсі ў нашым навакольлі, месца, заклік да яго быў пачуты і прыняты вясковай моладдзю з задавальненьнем. Помню, як мне, страшэнна заінтрыгаванаму чуткамі, хацелася пранікнуць у перадкалядны вечар у хату да Маславых, дзе — усе ў вёсцы гэта ведалі — дзяўчаты «пякуць ката». I Каляды першай ваеннай зімы, і затым Вялікдзень, і Сёмуха, і Купальле сьвяткаваліся па ўсіх канонах і правілах, як і ў былыя дакастрычніцкія часы. Усё гэта ўваскрашалася ў памяці і адраджалася ў вясковым побыце імгненна і само сабой, без ніякіх распараджэньняў і загадаў. Зрэшты, садзейнічалі гэтаму і самі варункі акупацыйнага рэжыму — жыцьцё бяз кніг, без кіно, бяз радыё, а пачынаючы з восені сорак другога — і бяз школы. Разам з жорнамі, з самаробнай гарэлкай (самагонкай) і іншымі прадметамі старога быту ў жыцьцё вярталіся і старыя абрады, і даўнейшыя, амаль зусім забытыя, гульні-забавы, на вечаровых зборышчах моладзі не абыходзілася бяз розных прымхаў, варажбы і іншых забабонаў.
Быў у той першы год акупацыі і яшчэ адзін нечаканы прарыў маёй «зялёнай» сьвядомасьці ў раней наглуха ад мяне схаванае і невядомае,— у тую таямніцу, на якую было накладзена самае страшнае з усіх дзяржаўных «табу» савецкай эпохі: у праўду пра Сталіна, пра яго атачэньне і пра ўсталяваны пры ім у краіне палітычны рэжым. Забясьпечылі мне гэты «прарыў» галоўным чынам менскія беларускія газеты, якія дастаўляліся ў вёску бургамістру нашай Слабодскай воласьці Івану Бурбоўскаму і якія я, дзесяці-адзінаццацігадовы падлетак, згаладнелы па друкаваным слове, прагна чытаў. Рэч у тым, што гэты самы Бурбоўскі даводзіўся майму бацьку дваюрадным братам, быў мой стрыечны дзядзька (досыць блізкая радня). Я сябраваў з яго дзецьмі і пад выглядам «пагуляць» прыходзіў да іх у хату «пачытаць». Газеты, падшытыя ў стос, ляжалі на шырокай драўлянай канапе, і калі нават гаспадар быў дома — гартаць іх мне дзядзька Іван не забараняў. Чаго толькі на палосах тых «газэт» я ня вычытаў — і пра нашае жыцьцё пры «саветах», пад уладай «жыдоў і камуністаў», і пра зьверствы Сталіна і яго апрычнікаў, і пра тое, як сілай заганялі сялянаў у «калгасны рай», і пра гвалт над беларускай мовай і культурай, і, вядома ж, пра блізкую перамогу харобрых войск фюрэра над рэшткамі разьбітай Чырвонай Арміі. Вельмі ўражвалі карыкатурныя выявы Сталіна і іншых кіраўнікоў савецкай краіны, выявы страшэнна пачварныя і таму сьмешныя. Пасьля ўсяго таго, што я чуў і чытаў пра Сталіна да вайны,— гэта здавалася нечым неверагодным, амаль нерэальным, і я падоўгу глядзеў на карыкатуры, як агаломшаны. Разумеў, нават і ў тым узросьце, што гэта робіцца рукамі ворагаў нашай Радзімы, і аднак жа, аднак жа... штосьці ў сьвядомасьць западала нейкай неразгаднай да часу загадкай.