Выбрать главу

Вельмі рэзка выступіў у абарону нацыянальных моў Іон Друцэ, з якім мяне па­знаёміў у Маскве А. Адамовіч — і мы крыху на гэту тэму пагаварылі з ім. «Старажытныя іудзеі ўстанавілі, што самым слабым, балючым і далікатным месцам любога народу ёсьць яго мова, г. зн. той масток, ад якога наш зямны пачатак пераходзіць у духоўны. І, вядома ж, наш клопат пра мову дыктуецца перш за ўсё тым, што жывое ніяк ня можа зьмірыцца са сваёй сьмерцю.» І далей: «Сапраўды, для выратаваньня нацыянальных моў трэба ўжыць дзяржаўны механізм. Сёньня іншы сродак не дапаможа. А абвяшчэньне абедзьвюх моў роўна дзяржаўнымі — гэта азначае «привет вашей бабушке». Гэта азначае, на «трасянцы» гаварылі, на «трасянцы» і будзем гаварыць».

Так выступілі на Зьезьдзе народных дэпутатаў СССР кіргіз, украінец, малдаванін і інш... Ну, а як жа выступіў беларус — прадстаўнік рэспублікі, у якой мова карэннага народу знаходзіцца ў найбольш бядотным становішчы? А ніяк! Беларус слова ня ўзяў. Беларусу сказаць няма чаго, няма патрэбы. У Беларусі — усё ў парадку, усё добра. Народныя ад Беларусі, ня толькі жанчыны, але і мужчыны прыехалі ў Маскву, у Крэмль па апельсіны — як прыязджалі дэпутаты-цёткі на сесію Вярхоўнага Савету БССР у Менск, — ладавалі экзатычнымі пладамі авоські і, шчасьлівыя, вярталіся дадому. Абурэньне маё, мушу прызнацца, было вялікае. Чаму прамаўчалі нашыя? Чаму не сказалі, як нам баліць душа ад несправядлівасьці, ад прыгнёту, ад зьдзеку? Пра гэта я досыць іранічна сказаў у друку, чым, як неўзабаве пераканаюся, вельмі раззлаваў некаторых нашых «нардэпаў».

Вось калі я пашкадаваў, што не прайшоў у дэпутаты Вярхоўнага Савету СССР. А ўжо ж бы дабіўся, каб мне слова далі. А калі б не далі — дык беларускі народ ведаў бы: нашаму слова не далі. Як гэта кажуць, запішам для гісторыі.

***

З прадвесьня ўшчыльную заняўся стварэньнем ТБМ, падрыхтоўкай да першага Устаноўчага зьезду Таварыства. Згода ЦК КПБ на гэта была дадзена лёгка — і ня дзіва: аналагічнае Таварыства на Украіне ўжо было афіцыйна зарэгістраванае і пачало дзейнічаць. Прыклад ёсьць! — значыць і мы можам пайсьці на такую саступку «нацыяналістам». Ды і Крэмль, несумненна, не пярэчыў, там ужо ў такіх таварыствах небясьпекі ня бачылі. Што належала перш за ўсё зрабіць — самае неабходнае? Распрацаваць статут Таварыства і арганізаваць па ўсёй Беларусі, у гарадах і гарадскіх пасёлках, першасныя суполкі ТБМ, якія выберуць дэлегатаў на Устаноўчы зьезд. У працы над статутам актыўны ўдзел прымалі пісьменьнікі і навукоўцы (Б. Сачанка, П. Садоўскі, Г. Цыхун, З. Санько і інш). Па дзяржаўна-партыйнай завядзёнцы, дзеля паважнасьці, арганізацыямі-заснавальнікамі ТБМ афіцыйна запісаны: Саюз пісьменьнікаў Беларусі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Інстытут мовазнаўства АН, Інстытут літаратуры АН, Фонд культуры, Дзяржтэлерадыё, Таварыства «Радзіма», Таварыства Дружбы і культурных сувязяў з заграніцай. У пачатку чэрвеня рэспубліканскія газеты апублікавалі праект Статуту ТБМ. Найбольш цешылі тыя разьдзелы і параграфы, у якіх гаварылася пра самыя важныя мэты і задачы Таварыства. «3. ТБМ — масавая арганізацыя, якая першаступеннай задачай мае адраджэньне ў духоўным жыцьці народа беларускай мовы і праз яе ўсёй нацыянальнай культуры...» «6. ...Лічыць абавязкам праводзіць грунтоўную растлумачальную і прапагандысцкую работу, настойліва фарміраваць грамадскую думку з тым, каб усе жыхары рэспублікі зразумелі жыцьцёвую неабходнасьць наданьня беларускай мове статусу дзяржаўнай мовы БССР». «10. Адной са сваіх галоўных мэт таварыства лічыць адраджэньне ў Беларусі... нацыянальнай асьветы і сістэмы нацыянальнай школы ўсіх тыпаў і забесьпячэньне ўмоваў для бесьперапыннай адукацыі на беларускай мове».