27 чэрвеня адбыўся Устаноўчы зьезд Таварыства. (Цікавая дэталь: днём раней, 26-га, закончыўся Устаноўчы зьезд БНФ). Праз дзень у газетах была апублікавана — пад назвай «Адраджэньне роднага слова» — інфармацыя БелТА аб рабоце Зьезду, у якой гаварылася: «Прадстаўнікі практычна ўсіх раёнаў рэспублікі канкрэтна і зацікаўлена абмяркоўвалі магчымыя шляхі ўключэньня на самай дэмакратычнай аснове ў свой рух мільёнаў людзей, усіх, хто жадае ня проста захаваньня роднага слова, якое за гады культу асобы і застою аказалася на мяжы зьнікненьня, але і яго сапраўднага адраджэньня». І далей: «Удзельнікі зьезду горача падтрымалі выказаную ў дакладзе старшыні аргкамітэту, першага сакратара Саюзу пісьменьнікаў рэспублікі Ніла Гілевіча прапанову аб разгортваньні шырокага прапагандысцкага і арганізатарскага руху за наданьне беларускай мове статуса дзяржаўнай». Помню той незабыўны момант, калі прагучала гэтая прапанова. Што рабілася ў зале — якія грымелі воплескі, доўжыліся авацыі, выгукаліся воклічы! Я глядзеў на ўзбуджаных, ахопленых энтузіязмам людзей і адчуваў, што магу не стрымаць сьлёз. Дык вось жа яна, Беларусь! Вось яна — жывая, сапраўдная, непераможная! Вось як выбухова яна заяўляе пра сваю любоў да роднага слова, пра сваю вернасьць яму, пра сваё сьвятое права надаць яму дзяржаўную моц!..
Выпадкова (само па сабе, ніхто не арганізоўваў прамоўцаў), але ж і зусім не выпадкова (па волі Божай) слова на зьезьдзе ўзялі ня толькі вядомыя літаратары, філолагі, гісторыкі, настаўнікі, — гэта і чакалася, — але палымяна выступілі і рабочыя (П. Зьмітрук, У. Шушкевіч) і аж два ксяндзы (У. Чарняўскі і Я. Матусевіч).
У выбраную на зьезьдзе Раду ТБМ увайшло 58 чалавек (па недагляду — цотны лік). Сярод іх такія відныя постаці нацыянальнай літаратуры і культуры, навукі і адукацыі, як Я. Брыль, Р. Гарэцкі, В. Шаранговіч, У Калесьнік, А. Мальдзіс, Ф.Янкоўскі, Г. Бураўкін, Б. Сачанка, А. Лойка, С. Законьнікаў, Г. Цыхун, З. Санько, А.Падлужны, П. Садоўскі, А. Каўка, М. Купава, А. Клышка, А. Грыцкевіч, Л. Лыч, В. Маслюк, А. Белакоз, міністры А. Бутэвіч, Я. Вайтовіч, М. Дзямчук, сакратар сталічнага ГК КПБ П. Краўчанка. Дзякуючы апошняму ТБМ неўзабаве атрымала досыць прыстойнае памяшканьне, у якім разьмяшчаецца да гэтага часу. У будучым, на наступных зьездах (1991, 1993, 1995) у такім магутным складзе рада ТБМ ужо ніколі не выбіралася. Чаму? Гэтаму спрычыніліся важныя перамены ў грамадска-палітычным жыцьці краіны. Прыняцьце Закону аб мовах, дэмакратычныя выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі, абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, развал СССР, фактычная ліквідацыя камуністычнага рэжыму, рэзкае ўзмацненьне працэсаў дэмакратызацыі і беларусізацыі — усё гэта адцягвала многіх выдатных дзеячаў ад ТБМ, вымушаючы іх засяродзіцца на значных і адказных участках дзяржаватворчасьці (напрыклад, у пастаянных камісіях Вярхоўнага Савету, у Міністэрствах і выдавецтвах, у палітычных партыях). Спадарожнічала гэтаму ўсьведамленьне (на жаль, заўчаснае), што наконт беларускай мовы пытаньне ў прынцыпе вырашана: яна заканадаўча замацавана ў якасьці дзяржаўнай і шчасьлівы лёс надалей ёй забясьпечаны. Змагацца за яе дзяржаўны статус ужо няма патрэбы, і Таварыства можа заняцца іншымі, больш прыватнымі праблемамі.