На ўстаноўчым зьезьдзе, апрача статуту ТБМ, былі прынятыя і некаторыя іншыя дакументы, у прыватнасьці «Зварот да грамадзянаў Беларускай ССР, да беларусаў, якія жывуць за межамі рэспублікі, да ўсіх прыхільнікаў беларускага слова». У звароце гаварылася: «Горача заклікаем з разуменьнем і адчуваньнем гістарычнай адказнасьці паставіцца да катастрафічнага становішча беларускай мовы ў Беларусі — падтрымаць шматлікія прапановы грамадскасьці аб неадкладным наданьні ёй дзяржаўнага статусу ў рэспубліцы». І такі ж палымяны заклік уступаць у Таварыства, усюды ствараць яго суполкі, растлумачваць яго мэты і задачы, і вядома ж — сваім асабістым прыкладам — заахвочваць, «каб беларуская мова ў будзень і сьвята гучала ва ўсіх сферах нашага жыцьця».
Як жа хацелася верыць, што гэтыя словы будуць пачутыя, што яны дойдуць да сэрцаў мільёнаў і што водгукам на іх будзе вялікае абуджэньне сумленьня і волі народа — волі будаваць сваю свабодную суверэнную Бацькаўшчыну!..
28 верасьня ТБМ як грамадская арганізацыя было зацьверджанае Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР (Тады была такая практыка). Ня гледзячы на мой грунтоўны даклад, зацьвярджэньне прайшло без аніякага энтузіязму — наадварот, з пэўнай насьцярожанасьцю і паблажлівасьцю: маўляў, ну што ж, зацьвердзім, але, але... глядзіце, каб уся праца Таварыства ішла ў рамках закона, адпавядала Канстытуцыі, не падагравала нацыяналізму.
Гэта была апошняя кропка ў працэсе афармленьня арганізацыі. ТБМ тым часам разгарнула актыўную дзейнасьць. У гарадах і пасёлках, пры навучальных установах і на прадпрыемствах пачалі ўзьнікаць першасныя суполкі, якім належала аб’яднацца ў гарадскія і раённыя арганізацыі (пазьней былі створаныя і абласныя). На Радзе быў выбраны намесьнік старшыні ТБМ (ім стаў настаўнік Я. Цумараў) і рабочы сакратарыят, былі зацьверджаныя кіраўнікі камісіяў. Кожная з камісій распрацавала канкрэтную праграму дзейнасьці, хоць за працу далёка ня ўсе з іх узяліся аднолькава энтузіястычна. Найбольш плённа з самага пачатку і ў наступныя гады працавалі камісіі: выдавецкая, тэрміналагічная, па ўдасканаленьні правапісу, па сувязях з суайчыньнікамі за межамі рэспублікі, па тапаніміцы. Амаль не разгарнулі працы — ні на пачатку, ні пасьля — камісіі па культуры мовы, па зрокавым і гукавым афармленьні жыцьцёвага асяроддзя, па моўных скарбах народу. Недастаткова актыўна працавала галоўная, у маім разуменьні, камісія — арганізацыйна-прапагандысцкая. У выніку — толькі на палавіне тэрыторыі рэспублікі былі створаныя суполкі ТБМ, ды і з тых, што меліся, многія існавалі намінальна, бо фактычна бяздзейнічалі. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што і арганізоўваць на перыферыі суполкі было неймаверна цяжка — у многіх раёнах партыйнае кіраўніцтва ня толькі не спрыяла і не падтрымлівала гэты рух, але перашкаджала, не дазваляла яго разгортваць (як пазьней у 1990—1991, сабаціравала выкананьне Закона аб мовах і распрацаванай на яго аснове Праграмы ажыцьцяўленьня ў рэспубліцы Закона аб мовах).
Увогуле, мушу сказаць, што за гады працы ў ТБМ я пераканаўся яшчэ больш у адной сваёй даўняй думцы пра беларускую творчую інтэлігенцыю — пісьменьнікаў, мастакоў, музыкаў, артыстаў: у бальшыні сваёй — безініцыятыўныя і лянотныя ў тым, што датычыць не асабістых, а грамадскіх інтарэсаў. За трыбунай, на сходах, на зьездах, на канферэнцыях і г. д.— гавораць голасна і нават палымяна, і крытыкуюць, і заклікаюць, і разумна разважаюць, а як дойдзе да канкрэтнай практычнай справы — дзе што дзявалася? Дзе той пафас і палымянасьць, тая напорыстасьць і моц духу?..
У сакавіку 1990 года пачаў выходзіць, з перыядычнасьцю — адзін раз у месяц, бюлетэнь ТБМ «Наша слова». Грошы на яго выданьне велікадушна знайшоў Савет Міністраў (дзякуючы падтрымцы намесьніка старшыні СМ Н. М. Мазай і міністра культуры А. Бутэвіча). Гэта было немалое дасягненьне — свой орган друку. Рэдактарам бюлетэня на першай пары быў старшыня Таварыства, «рабілі нумар» практычна Г. Тумаш, А. Траяноўскі, З. Санько, Н. Гілевіч. Сакратаром рэдакцыі і адказным за выпуск быў нястомны руплівец Г. Тумаш.
***
У канцы лета таго, 1989-га году адбылася яшчэ адна нязначная, прыватнага парадку ў маім жыцьці падзея, аб якой варта ўспомніць для больш дакладнага разуменьня майго тагачаснага душэўнага стану: я зьняў сваю кандыдатуру са сьпіску прэтэндэнтаў на званьне члена-карэспандэнта АН БССР. Многія ўгаворвалі мяне не рабіць гэтага, што я маю рэальныя шанцы перамагчы канкурэнтаў, (а іх было чацьвёра, усе мае добрыя знаёмыя), але я папрасіў маю кандыдатуру зьняць. Чаму? Бо адбыўся спадман. Яшчэ вясной мне пазваніў прэзідэнт акадэміі У. П. Платонаў, што ў іх ёсьць намер вылучыць мяне на чарговых выбарах у членкоры, — маўляў, як я на гэта гляджу. Я адказаў: дзякую, гляджу добра і пагаджуся, але з адной умовай: па сьпецыяльнасьці не літаратуразнаўства, а літаратура. «Я так і разумею, — адказаў Уладзімір Пятровіч, — як калісьці Максіма Танка. Я скажу сакратару аддзяленьня Навуменку, каб афармлялі іменна па літаратуры». «Пусьцілі» мяне, аднак, па літаратуразнаўству. Спаборнічаць і — хочаш ня хочаш — псаваць адносіны з блізкім сябрам і калегам па кафедры А. Лойкам — найбольш верагодным з прэтэндэнтаў — мне не хацелася. І, здаецца, добра зрабіў. Як і меркавалася, членкорам быў выбраны Алег Антонавіч. То і дзякаваць Богу.