28-га лістапада завяршылася мая кар’ера літаратурнага чыноўніка ў СП БССР. У поўным сэнсе слова — «бразнуў дзьвярыма». Цалкам неспадзявана для ўсіх — і для пісьменьнікаў, і для старшыні СП Максіма Танка, і для ЦК (а гэта ўжо амаль хуліганства, бо пасада — наменклатурная, і ад яе самавольна не вызваляюцца, абавязкова патрабуецца ўзгадненьне). Зрабіў я гэта на чарговым пленуме Праўленьня, выйшаў на трыбуну, прачытаў заяву «Прашу вызваліць...» і сеў. Зала — анямела. У сяго-таго ў прэзідыуме аж сківіца адвісла. Прадстаўнік ЦК пабег званіць начальству: як быць? ЧП! Першы схамянуўся агаломшаны Яўген Іванавіч і пачаў угаворваць, каб я адмовіўся ад заявы, — маўляў, гэта несур’ёзна, выбіраў цябе зьезд — зьезд і вызваліць... Запярэчылі і іншыя, зашумела зала. Я ўзяў слова яшчэ раз: можаце не вызваляць, але з заўтрашняга дня на працу я выходзіць ня буду, я здымаю з сябе гэтыя абавязкі; тым больш, што мяне выбралі старшынёй ТБМ, а там неймаверна шмат работы... Тады з аўтарытэтным словам зьвярнуўся да аўдыторыі Я. Брыль: «Ну што — ён на ўсё жыцьцё наняўся? Дзевяць гадоў адслужыў — мала? Прапаную ставіць на галасаваньне і просьбу задаволіць.» Так і сталася. Бывай, кантора!..
За тыдні тры да гэтага, прадчуваючы разьвітаньне з «канторай», рашыў схадзіць да Пімена Панчанкі — найбольш блізкага мне духам і характарам творчасьці з усіх сучасных паэтаў. Схадзіць, каб, так бы мовіць, трохі паспавядацца, шчыра, даверліва пагутарыць — аб тым, што набалела. Вось што запісаў у сваім дзёньніку Пімен Емельянавіч пра гэты мой візіт да яго: «8-га лістапада прыйшоў Ніл Гілевіч. Зоя і я праседзелі з ім за сьвяточным сталом больш чатырох гадзінаў. Мне было цікава (здаецца, і яму). Я думаў, што ён даўно зьезьдзіў у ААН (ЗША). Аказваецца, ён ня езьдзіў: яму не прапанавалі. Нехта на яго накапаў, як нацыяналіста № 1. І, як быццам, КДБ яго не пускае. Недарэчнасьць!» (Полымя, 1998, № 9). Помню зьдзіўленьне і абурэньне Панчанкі, калі я сказаў яму пра гэта. Як жа так?! — ніяк ня мог паверыць П. Е. А вось так! Членамі беларускай дэлегацыі на сесіях ААН пабывалі бадай ня менш як трыццаць пісьменьнікаў. І ня толькі ваяўніча ідэйным членам КПСС аказалі давер ЦК і КДБ, але і некаторым беспартыйным літаратарам (А. Адамовічу, Р. Барадуліну). А мне — не! Ні членства ў партыі, ні пасада — нічога ня значаць, калі да цябе недавер Там. Калі там ведаюць, што ты нізашто і нідзе не паступішся ў галоўным — у вернасьці Беларусі, беларускаму слову, беларускай праўдзе.
Між іншым, на гэту тэму прамахнуўся са сваім прагнозам вядомы выдавец М.Дубянецкі. У сваім дзёньніку «Трэба рызыкаваць» (запіс за 8.I.1982) г.) ён характарызуе склад выдавецкага Савету, у якім 29 чалавек, з іх — 19 пісьменьнікаў. З гэтых 19-ці — 14 членаў КПСС, якіх Дубянецкі іранічна называе «дваранскай» групай, або групай «першародных» (у адрозьненьне ад «ня поўных савецкіх дваранаў» — В. Быкава, Я. Брыля, А. Адамовіча, Р. Барадуліна і далучанага да іх члена КПСС А. Сабалеўскага). Дык вось аўтар дзёньніка піша, што некаторыя з іх, у тым ліку Н. Гілевіч, «яшчэ не «прадстаўлялі» сваю рэспубліку на сесіях генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Але ж абавязкова ня сёньня-заўтра Палітбюро ЦК КПСС зацьвердзіць іх на гэтую ролю...» Прамахнуўся, паўтараю, Міхал Фёдаравіч. У наступныя гады Палітбюро зацьвердзіла дэлегатамі на сесію ААН А.Адамовіча, В. Адамчыка, Р. Барадуліна, В. Зуёнка, апошнім, у 1990 годзе — А.Мальдзіса. Н. Гілевічу такі гонар не дастаўся, бо, сказала Ніна Іванаўна, «ты гаворыш тое, што думаеш, а ня тое, што ім трэба».
Уражаны быў Панчанка ня толькі сюжэтам пра ААН. Ня менш зьдзівіла яго і яшчэ адно накладзенае на мяне спагнаньне за нацыяналізм. Ён даведаўся ад мяне, што за 9 гадоў працы на пасадзе першага сакратара СП я ні разу ня быў выбраны ня толькі ў ЦК, як мой папярэднік, але і ні ў абкам, і ні ў гаркам і нават у райкам КПБ. (Нядаўна адзін стары сябар па радыё «Свабода» і ў газеце «Вячэрні Мінск» запальна-пераканана абвясьціў, нібыта я быў кандыдатам у члены ЦК КПБ і таму ня мог напісаць дысідэнцкі «Сказ пра Лысую гару». Хлусьня, ды яшчэ і подлая! Ну, калі б я фіглярыў так, як ён, дык, напэўна, мяне б выбралі — калі б не ў ЦК, дык хоць у які з гэтых ніжэйшых «камаў». Але дзякаваць Богу — не заслужыў. Так што — трохі магу і паганарыцца).