Доўгая, шчырая гутарка з Піменам Емельянавічам яшчэ раз пераканала мяне ў думцы: якая шчасьлівая магла б быць Беларусь, маючы такіх паэтаў, калі б ня ліха-нядоля нашая! Ну, але і ўсё адно дзякаваць Богу, што такія паэты, як Панчанка, ёсьць, бо бяз іх Беларусі было б яшчэ цяжэй, яшчэ горш.
ЧАСТКА ЧАЦЬВЁРТАЯ
1990—1994
Апошнія месяцы 1989-га я амаль цалкам ахвяраваў на падрыхтоўку «Закону аб мовах у Беларускай ССР», паводле якога беларуская мова павінна стаць у Беларусі, — кроў з носа — толькі так! — адзінай дзяржаўнай. Пастанова Вярхоўнага Савета БССР аб выпрацоўцы гэтага Закону была прынятая яшчэ ў ліпені, тады ж на сесіі была створаная адмысловая камісія — з вельмі доўгай, каб усё ахапіць, прадугледзець і ня схібіць, назвай: «Камісія па падрыхтоўцы прапаноў аб заканадаўчым урэгуляваньні статуса беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва Беларусі». Старшынёй Камісіі прызначылі Н. М. Мазай, а намесьнікам — Н. Гілевіча. У Камісію, апрача дэпутатаў (В.Быкаў, І. Чыгрынаў, Ю. Смірноў, Г. Бураўкін і інш.) увайшлі таксама мовазнаўцы П. Садоўскі, А. Падлужны, М.Яўневіч, пісьменьнікі Б. Сачанка, В. Рагойша, сакратар ГК КПБ гісторык П. Краўчанка, юрыст А. Абрамовіч і інш.
На першым жа пасяджэньні Камісіі разгарэліся спрэчкі. Як і трэба было чакаць, далёка ня ўсе былі згодныя з фармуліроўкай самага галоўнага артыкулу будучага закону: беларуская мова зьяўляецца ў Беларусі адзінай дзяржаўнай, а рускай мове адводзіцца роля мовы міжнацыянальных зносінаў. Некаторыя дэпутаты дамагаліся, каб у праект Закону былі прапанаваныя ў якасьці дзяржаўных дзьве мовы — і беларуская, і руская. Асабліва ваяўніча, помню, змагаўся за дзьве дзяржаўныя мовы прадстаўнік рабочага класу дэпутат Г. Капанік: колькі нянавісьці пёрла з яго і да беларускай мовы, і да нас, «нацыяналістаў»! Такая была ў партыйна-савецкіх вярхах практыка: выпускаць і нацкоўваць на беларускую інтэлігенцыю інтэрнацыяналістаў-пралетарцаў. Аднойчы сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі мне так і сказаў (гаворка ішла пра рашучы бээнэфаўскі настрой у студэнцкай моладзі): «А мы на них рабочий класс напустим». Страшнавата стала.
На гэтым жа першым пасяджэньні Камісіі была створаная рабочая група для напісаньня праекту Закону аб мовах, узначаліць якую даручылі мне. Праект быў падрыхтаваны досыць хутка, да сярэдзіны кастрычніка — дапамаглі атрыманыя намі матэрыялы з тых рэспублік Саюзу, дзе аналагічны Закон ужо быў прыняты (у прыватнасьці, з Эстоніі: там Статус эстонскай мовы быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам рэспублікі яшчэ ў канцы мінулага году). Шмат спрэчак пры абмеркаваньні праекту Закону ў Камісіі выклікала пытаньне аб тэрмінах выкананьня яго паасобных артыкулаў. Выбралі аптымальны варыянт, найбольш рэалістычны — з увагі на тое надзвычай цяжкае становішча, у якім беларуская мова ў Беларусі на сёньняшні дзень знаходзіцца. Пазьней, на працягу многіх гадоў, з боку некаторых актывістаў БНФ будзе весьціся крытыка, што вызначаныя тэрміны былі занадта вялікія, расьцягнутыя, трэба было даваць менш часу на беларусізацыю дзяржаўных установаў і школаў. Пытаньне спрэчнае, але асабіста я лічу, што гэта крытыка няслушная, усё, што датычыць тэрмінаў, было прадумана і ўзважана самым сур’ёзным чынам. Мы зыходзілі з разуменьня таго сумна-горкага факту, што за дзьвесьце гадоў панаваньня расейскай улады русіфікацыя ў нас зайшла занадта глыбока, і ня толькі як моўная практыка, але і як сьвядомасьць, і як псіхалогія — масавая псіхалогія недастатковай самапавагі, прыніжанай нацыянальнай годнасьці, абыякавага і нават нігілістычнага стаўленьня да свайго, роднага. Тое, што накручвалася дзьвесьце гадоў, «адкруціць» хутка, за год-два — не рэальна, рэвалюцыйны гвалт можа толькі нашкодзіць справе. Як раіць мудрая прыказка: цішэй едзеш — далей будзеш.
Наконт хуткасьці ў мяне была трывога іншага парадку. У студзені наступнага 1990-га году адбудзецца апошняя сесія Вярхоўнага Савета XI скліканьня, — набліжаюцца новыя выбары ў парламент рэспублікі. Ці ня зробяць сваю нядобрую справу сілы, якія катэгарычна супраць беларусізацыі, супроць вяртаньня дзяржаўных правоў беларускай мове — ці не зацягнуць яны падрыхтоўку Закону з тым, каб перадаць яго новаму, дванаццатаму скліканьню ВС. Пакуль новы склад будзе выбраны і распачне працу — пройдзе добрага паўгода. А як вядома — адклад не ідзе на лад. Перамаўляўся наконт гэтага з Нінай Мікалаеўнай Мазай, яна супакойвала, што такое не павінна здарыцца — план працы ВС зацьверджаны на сесіі і пераглядаць гэта пытаньне ў кіраўніцтва рэспублікі намеру няма. Іншая рэч, што малавата часу на публічнае, усенароднае абмеркаваньне праекту Закону аб мовах. Хацелася, каб як мага больш нацыянальна сьвядомых грамадзянаў выказаліся ў падтрымку беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы. Рада ТБМ прыняла зварот — да ВС СССР, ВС БССР і дэпутатаў ВС рэспублікі з заявай, што ТБМ выступае супроць наданьня рускай мове статусу агульнадзяржаўнай мовы ў СССР. Так новаствораная грамадская арганізацыя адназначна і катэгарычна вызначыла сваю пазіцыю ў гэтым надзвычай важным палітычным пытаньні.