У самым канцы сорак першага або на пачатку сорак другога — дакладна не скажу, але помню, што ў разгар небывала сьнежнай зімы, — ува мне абудзіўся сьверб складаць «сьцішкі». У адрозьненьне ад тых першых спробаў амаль гадавой даўнасьці, на. гэты раз «сьцішкі» не былі, па-першае, перайманьнем сюжэтаў ці матываў нейкіх вядомых твораў, а па-другое, былі ня «лірыкай», а «сатырай». Тэмай аднаго з іх стаў сьмешны выпадак, які адбыўся ў хаце суседзяў зьлева: сабака абярнуў гаршчок з булёнам (у нас булёнам называлі бульбяны суп), з-за чаго сям’я засталася без абеду. Помню толькі першую страфу з той бытавой «сатыры»:
Гаспадынька Ліксандрынка
Як зварыла раз булён,
Дый паставіла на ўслоне,
Каб хутчэй прастынуў ён.
«Сьцішок» вельмі спадабаўся бацьку: ажно голасна сьмяяўся і пры ўсіх, хто быў дома, выдаў аўтару шчодрую пахвалу. У другой «сатыры» апісаная раніца ў суседзяў справа, хаця поваду для яе напісаньня ня помню. Зноў жа захавалася ў памяці толькі адна страфа:
Манька сварыцца на Толю:
— Ты чаго равеш, бабыль?
А Якуб вышаў на ганак,
Кліча курэй: пыль-пыль-пыль!
Тады ж напісаў доўгі сатырычны верш з цалкам выдуманай фабулай «Як дурны жаніўся». Пачынаўся ён так:
Дзе то бачана было,
Каб разумны біўся?
А дзе бачана было,
Каб дурны жаніўся?
Далей раскручваўся нейкі забаўны сюжэт пра недарэчныя паводзіны і ўчынкі дурня на ўласным вясельлі. Што канкрэтна — у памяці не засталося, затое засталося іншае: першае публічнае, на чужых людзях, выкананьне гэтай «сатыры» і яе «грамадская» ацэнка. Сябрук Ваня Жызьнеўскі, да якога я прыйшоў «на сяло», паслухаўшы мой «сьцішок», тут жа сказаў пра гэта прысутным мужчынам — бацьку Рыгору і Зьмітраку Драгуну. Тыя запатрабавалі, каб я прачытаў уголас і ім. I я прачытаў. «Сапраўды сам напісаў, ня хлусіш?» — паступіла пытаньне.— «Сам...» — адказаў, шморгнуўшы носам». —«Дык ты, брат, малайчына! Гэта ж лепей, чым у Ванькі Сяртука. У цябе болей складна». Высокая ацэнка майго верша «грамадскасьцю» вельмі мяне акрыліла, напоўніла пачуцьцём гонару. Асабліва, што «лепей, як у Ванькі Сяртука». Што Іван Бладыка (Сяртук — мянушка) пісаў перад вайной сатырычныя «сьцішкі» для калгаснай насьценгазеты — я ведаў, адзін з іх нават трохі помніў: «Сьцёпка бег і паваліўся, Бо сінюк у сіло ўчапіўся». Дык жа Сяртук гадоў на восем за мяне старэйшы, ужо дарослы дзяцюк, а я... а мне толькі за дзесяць пераваліла. I раптам — у мяне лепш, больш складна.
На гэтым дзіцячае захапленьне складаньнем «сьцішкоў» надоўга абарвалася — амаль аж на чатыры гады. Можна сказаць: было не да гэтага. Ужо ў сьнежні сорак другога народныя мсьціўцы з блізкіх лясоў штурмавалі фашысцкі гарнізон у самім Лагойску і захапілі шмат правіянту. Помню іх вяртаньне з нападу і праведзены імі ў нашай вёсцы кароткі мітынг. «Вораг будзе разгромлены і зьнішчаны! А нямецкім паслугачам, здраднікам-сабакам — сабачая сьмерць!» — выгукаў, стоячы на санях, на мяшках з мукой, іх камандзір, у рыжым кажушку і чорных валёнках, у круглай шапцы-кубанцы з чырвонай стужкай наўскасяк сьпераду, з аўтаматам на грудзях і з наганам у кабуры пры боку. Уразіў мяне той эпізод незвычайна. Колькі ў ім было высокага гераізму, колькі рамантыкі і прыгодніцкага запалу!..
Улетку сорак трэцяга бацька, які да гэтага часу быў сувязным атрада «Бальшавік» і падпольнага райкаму партыі, пайшоў у лес (аж да вызваленьня быў палітруком партызанскай роты), і нам, маме з васьмярыма дзяцьмі, жыць дома стала небясьпечна: Слабада стаіць на досыць бойкай дарозе, на гравійцы. I мы падаліся ў «бежанцы» у Айнаравічы, ад якіх блізка да вялікага балоцістага, з баравымі выспамі, лесу. Калі і ў Айнаравічах «прыпякала» — перабіраліся ў лес, у зямлянку на высьпе. У «бежанцах» жылі спачатку ў хаце мамінай сястры цёткі Ганны, а затым — у дзедавай. З ліпеня 1943-га абедзьве хаты пуставалі — іх гаспадароў, як і амаль усіх астатніх айнараўцаў, немцы вывезьлі ў Германію на катаргу.