Выбрать главу

У канцы лістапада адбылося сумеснае пасяджэньне трох пастаянных Камісіяў ВС БССР (па адукацыі і культуры, па нацыянальных пытаньнях і заканадаўчых меркаваньняў), на якім праект Закону аб мовах быў у цэлым ухвалены. Засталося яго ўсенародна абмеркаваць, а затым вынесьці на чарговую — апошнюю сесію ВС XI скліканьня — на разгляд. На гэтым жа пасяджэньні трох пастаянных Камісіяў была выказаная прапанова Савету Міністраў БССР распрацаваць Дзяржаўную Праграму разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларусі, разлічаную на перыяд да 2000 году.

Вялікая запаветная мара пачынала набываць нібыта рэальныя абрысы. Памажы, Божа!..

За апошнія гады ў недзяржаўным беларускім друку і па радыё «Свабода» было шмат добрага сказана пра апазіцыю БНФ у ВС РБ XII скліканьня. Нават у «Гістарычнай энцыклапедыі Беларусі» грунтоўна расьпісана яе напорыста-актыўная дзейнасьць на карысьць незалежнай Беларусі. Слушна і справядліва. Хоць сёе-тое, на мой погляд, істотнае ўпушчана, ці, па ўласьцівай беларусам «шляхетнасьці», сьвядома абыдзена. Не адзначана, напрыклад, што ўсе дэпутаты, якія склалі апазіцыю БНФ, былі вылучаныя ў Вярхоўны Савет суполкамі ТБМ — адзінай тады афіцыйна зарэгістраванай нацыянальна-патрыятычнай грамадскай арганізацыяй, якая дзякуючы свайму статусу мела права на вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты і, падзяляючы праграму БНФ, натуральна была зацікаўленая ў вылучэньні сваіх аднадумцаў і паплечнікаў. А якая яшчэ афіцыйна прызнаная грамадская арганізацыя ў Беларусі магла вылучыць у Вярхоўны Савет бээнэфаўцаў? Ніякая! Іншых такіх арганізацыяў не было. Усе іншыя афіцыйна прызнаныя арганізацыі або катэгарычна не прымалі БНФ, або баяліся сябе скампраметаваць сімпатыямі да яго. Ня будзем забываць, што галоўным страшыдлам для грамадства рэспублікі па-ранейшаму заставаўся беларускі нацыяналізм (а калі дакладна — беларускі патрыятызм). З вылучэньнем сяброў БНФ кандыдатамі ў дэпутаты ВС праблемы ня скончыліся: Цэнтральная Выбарчая Камісія наважыла незарэгістраваць «гэтых дэмакратаў і нацыяналістаў». Помню, як ужо ў канцы рабочага дня да мяне ў кабінет цэлым гуртам зайшлі, відочна ўсхваляваныя, бээнэфаўцы і папрасілі тэрмінова ўмяшацца, каб уратаваць справу: заўт­ра апошні дзень рэгістрацыі, а ЦВК няйначай як рашыла не дапусьціць іх да выбараў і шукае прычыны, каб гэта зрабіць апраўдана. Я тут жа набраў па вяртушцы нумар сакратара ЦВК, назваўся (а быў намесьнікам старшыні пастаян­най Камісіі ВС) і адпаведным тонам сказаў: «Не парушайце Закону і не нарывайцеся на скандал. Іх вылучыла ТБМ — ухваленая ў ЦК, зацьверджаная Вярхоўным Саветам рэспубліканская арганізацыя». — «Ну калі вы так лічыце, што ў Вярхоўным Савеце павінны быць бээнэфаўцы — добра, зарэгіструем...» Амаль усе зарэгістраваныя праз тры месяцы былі выбраны ў парламент. (Успамінаючы ўсё гэта, ніяк не магу і да гэтага часу зразумець, чаму так несправядліва праз усе наступныя гады ставіўся да ТБМ Васіль Быкаў. Што здарылася? Ня мог жа ён ня ведаць сапраўдную пазіцыю ТБМ і яго ролю ў падзеях найпершай грамадс­ка-палітычнай важнасьці. Чаму ж ён з такім «зайздросным» пастаянствам па­пракаў Таварыства, іранізаваў і кпіў з нашых клопатаў? Хто меў сілу ўплываць на яго і падбіваць на негатыўныя ацэнкі дзейнасьці ТБМ? Паўтараю: ня верыцца, каб ён ня бачыў і не разумеў вялікай патрыятычнай, нацыянальна-адраджэнцкай ідэі, закладзенай у ТБМ і яго працы).

Так адыходзіў у нябыт, у гісторыю неспакойны, напружаны, напоўнены прадчуваньнем вялікіх пераменаў восемдзесят дзявяты год. Мне ён запомніцца яшчэ і тым, што ў гэтым годзе быў створаны Беларускі ПЭН-цэнтр, і што яго кіраўніцтва (прэзідэнт В. Быкаў, старшыня Р. Барадулін) не пусьціла ў гэтую літаратурную арганізацыю паэта і эсэіста Ніла Гілевіча. Помню, як моцна я быў зьдзіўлены выказаным мне недаверам. «Во каб цябе перуны сьпяклі, такую праклятую долю! Нават у ПЭН-клюб не гаджуся!..» Помню, і як зрэагавала на гэта сваёй любімай прыгаворкай Ніна Іванаўна: «Сьмякнеце ды радуйцеся!». «Сьмякнуў». І — вось ужо добры дзясятак з гакам гадоў — радуюся. Добра, што ніхто з беларускіх ПЭНаўцаў (а іх каля сотні) так і не агледзеўся, і не спахапіўся: а за што падвергнуты астракізму Ніл Гілевіч?..