***
26-га студзеня 1990 году адбылося тое пасяджэньне Вярхоўнага Савету БССР, якое ўжо неаднойчы — і справядліва — было названа «гістарычным». У гэты дзень упершыню ў гісторыі краіны і народу быў прыняты закон, паводле якога беларуская мова абвяшчалася адзінай у рэспубліцы дзяржаўнай. Рускай мове гэтым законам быў нададзены статус мовы міжнацыянальных зносінаў. Гэтая вялікая, запаветная ад дзядоў-прадзедаў перамога была здабыта вельмі і вельмі нялёгка. Ішлі да яе доўга, і да самага апошняга часу ўсё, так бы мовіць, вісела на валаску. Надзвычай драматычна разгортваліся падзеі ў авальнай зале Вярхоўнага Савету ў дзень прыняцьця Закону. Даклад зрабіла Н. Мазай, садаклад — А. Караткевіч. Выступілі ў падтрымку, прычым — натхнёна і пераканаўча, дэпутаты І. Чыгрынаў, Дз. Арцыменя, Л. Кісялеўскі, Н. Гілевіч, М. Дзямчук, Н.Пашкоўская, І. Навуменка, І. Красіцкі, Г. Бураўкін, Я. Берасьценя, дэпутат ВС СССР І. Лучанок, міністр культуры Я. Вайтовіч, сакратар гаркама КПБ П.Краўчанка. Шэраг заўвагаў — хаця б закон не пакрыўдзіў рускую мову ў Беларусі — выказаў дэпутат І. Кенік. Дэпутат Р. Янкоўскі ўхваліў Закон, але больш гаварыў аб праблемах выхаваньня ў сям’і. Дэпутат-генерал Г. Весялоў і дэпутат-міністр А. Гурыновіч рашуча патрабавалі запісаць у Законе, што дзяржаўнымі ў Беларусі зьяўляюцца дзьве мовы — беларуская і руская. Няхай сабе ва ўсіх рэспубліках дзяржаўная мова адна — мова тытульнай нацыі, а ў нас, у Беларусі, дзяржаўнымі будуць дзьве — і руская таксама. Мы — не такія, як усе, мы — асаблівая рэспубліка, асаблівая нацыя. (У дужачках: калі не цяпер — дык гадоў праз колькі мы вам сваю правату дакажам!). А. Гурыновіч надта ж падкрэсьліваў, што дзяржаўных моў у сьвеце ўсяго паўсотні — з агульнай колькасьці звыш трох тысячаў, дык куды, маўляў, мы са сваёй плішчымся. На мяне, разьмінаючыся, глядзеў з непрыязнасьцю і пагардай, што неаднойчы здаралася, я заўважаў, і раней. (Яшчэ адзін ключ да разгадкі, чаму я ня зьезьдзіў дэлегатам БССР у ААН — ад міністра замежных спраў залежала вельмі шмат).
Насуперак асобным галасам незычліўцаў, дэпутаты, ведаючы, што пытаньне ўзгодненае ў ЦК і што ва ўсіх рэспубліках Саюзу аналагічныя законы аб мовах ужо прынятыя, дружна і з лёгкай душой націснулі на кнопкі. Раскладка галасоў мне здалася неверагодна аптымістычнай: шмат жа патрыётаў, божухна! Будзем жыць! «За» прагаласавалі 332 дэпутаты, «супроць» — 27, устрымаліся — 9 чалавек, 17 — не галасавалі зусім. (І тут «беларуская» рысачка вылезла: аж 17 ухіліліся ад галасаваньня зусім — на ўсякі выпадак. А раптам аднойчы жыцьцё паверне не туды? Хоць і гэты страх быў дарэмны: галасаваньне было не імянное). Калі на табло загарэліся выніковыя лічбы — воплескі ў зале прагучалі грымотныя. Старшыня Вярхоўнага Савету тут жа абвясьціў на 15 хвілінаў перапынак,— думаю, наўмысна, каб даць людзям абмяняцца пачуцьцём радасьці. І дэпутаты гэтай радасьці не хавалі, і горача віншавалі адзін аднаго з перамогай. Збылося! Сталася! Зьдзейсьнілася! Беларуская мова ў Беларусі ад гэтага часу — дзяржаўная! Многія ад радасьці рашылі і скончыць на гэтым свой сёньняшні рабочы дзень. Незвычайны, сапраўды гістарычны дзень! Тое, з-за чаго столькі перажывалі, хваляваліся, трымцелі душою,— адбылося. Закон прыняты! Усё! Назад ужо цяпер не адкруціш! (Запомнім, чытач, гэтыя словы, гэтыя наіўныя словы). Паводле стэнаграмы сесіі, каля 50 чалавек у залу пасьля перапынку не вярнуліся. Можа, і падаліся адзначыць радасную сьвяточную падзею. Некаторыя — дык напэўна. Астатняе, што сёньня на парадку дня, ужо нецікава.
І дарэмна так падумалі тыя, што пайшлі, зусім дарэмна! Самае цікавае, самае драматычнае пачалося якраз пасьля перапынку.
Тым, што пацярпелі паразу, хапіла і пятнаццаці хвілінаў, каб змовіцца, падрыхтавацца і пайсьці новым наваратам у атаку. Ім адразу ж удалося зьбіць з панталыку і затлуміць старшыню сесіі І. Навуменку, які, было бачна, ня вельмі ўважліва ўслухоўваўся ў фармуліроўкі артыкулаў і блытаў іх. Яны заявілі, што на сумесным пасяджэньні 4-х камісіяў, якім было даручана разгледзець заўвагі да законапраекту, ім паабяцалі, што артыкулы 23 і 24 будуць вынесеныя на галасаваньне ў трох рэдакцыях, адна з якіх — іхняя. Гэта была няпраўда, камісіі выбралі адзін варыянт з трох — той, што і быў у законапраекце, — і бальшынёй галасоў іншыя варыянты адхілілі. Так і павінен быў сказаць ім І. Навуменка. Закон прыняты ў цэлым. Але старшыня паддаўся іх націску, разгубіўся ці спалохаўся, і запрасіў дэпутатаў да новага абмеркаваньня названых артыкулаў. Гэта была вялікая непадарэчнасьць. Ён пачаў тузаць і раз, і другі, і трэці Н. Мазай, і яна тлумачыла і перачытвала фармуліроўкі. Супроць перагаласаваньня выступіла дэпутат Л. Сухнат: «Мы прагаласуем за лазейку, як і было ў ранейшым законе, калі па жаданьні бацькоў або вучняў вывучалася беларуская мова ў школах». За перагаласаваньне выступілі дэпутаты І. Кенік, Э. Пятровіч, А. Гурыновіч, іх «юрыдычна» падтрымаў Р. Васілевіч (сёньняшні старшыня Канстытуцыйнага Суда РБ).