Выбрать главу

Вось такая, значыць, руская жанчына, жыхарка і грамадзянка Беларусі. Не толькі прыемна, а радасна, на душы сьветла і хораша — ведаць пра гэта.

Як і трэба было чакаць, перагаласаваньне 23-га і 24-а артыкулаў было пераможна-трыумфальнае на карысьць беларускай мовы. Амаль увесь корпус дэпутатаў яшчэ раз павярнуўся роўна на 180°. Ну, такія мы, беларусы, людзі, нас яшчэ лёгка можна павярнуць і туды, і сюды. Але аднойчы мы станем іншымі. Абавязкова станем. Наш час — наперадзе.

На аснове Закону «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» была складзена Дзяржаўная Праграма разьвіцьця Беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларусі. На чале Камісіі па стварэньню гэтай праграмы была нястомная Ніна Мазай — спадзяюся, яе заслугі перад Родным Словам на гэтым этапе нашай гісторыі Будучыня ацэніць. 28 верасьня праект праграмы быў зацьверджаны пастановай Савета Міністраў, і органы выканаўчай улады ўсіх узроўняў пачалі яе ажыцьцяўляць. Хто і як — гэта ўжо іншая, вялікая і цікавая тэма, якая за­слугоўвае асобнага дасьледаваньня, — можа, хто аднойчы гэта і зробіць, я ж змагу тут закрануць яе толькі ў некаторых момантах.

У сакавіку адбыўся другі тур выбараў у Вярхоўны Савет БССР, дэпутатам якога гэтым разам быў абраны і я: з першага разу не прайшоў — было ажно пяць канкурэнтаў. Згоду балатавацца кандыдатам у ВС рэспублікі я даў не адразу — яшчэ надта добра помніў, якія гадствы давялося зьведаць роўна год назад, калі спакусіўся шанцам стаць народным дэпутатам СССР. Але грамадска-палітычная атмасфера ў краіне ўсё больш напалялася, рабілася відавочным, што істотныя перамены ў міжнацыянальных узаемаадносінах — непазьбежныя і, значыць, гэтай непазьбежнасьці трэба спрыяць, трэба фарсіраваць працэс дэмакратызацыі, а гэта ўскладаецца цяпер галоўным чынам на Саветы, у першую чаргу — на Вярхоўны Савет, роля і значэньне якога паводле рашэньня XIX партканферэнцыі істотна ўзрастае. З разуменьнем гэтай сітуацыі я і даў згоду паспаборнічаць за мандат дэпутата. Маю кандыдатуру падтрымала партыйная арганізацыя раё­ну, у кіраўніцтве якой былі разумныя, дэмакратычна і патрыятычна настроеныя людзі. У траўні я ўжо быў абраны старшынёй пастаяннай Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны і аўтаматычна стаў членам Прэзідыуму Вярхоўнага Савета РБ. Ісьці на вельмі турботную і адказную пасаду старшыні жаданьня ў мяне не было ніякага, разьлічваў на працу шараговага дэпутата ў Камісіі, але дэпутаты-бээнэфаўцы, а гэта пераважна маладыя людзі, выказалі трывогу, што калі я адмоўлюся, то гэту пасаду можа заняць хто-небудзь з ворагаў беларушчыны, хутчэй за ўсё так і будзе, бо пракамуністычны дэпутацкі корпус зацікаўлены ў тым, каб як мага больш прасунуць сваіх, — і як тады Камісія па адукацыі і культуры будзе змагацца за адраджэньне Беларусі, за выкананьне Закону аб мовах? Параіўся, як і заўсёды ў падобных сітуацыях, з Нінай Іванаўнай. «Мусіць, бярыся, — трохі падумаўшы, сказала яна. — Бо і проста дэпутатам усё роўна будзеш увесь час круціцца ў гэтым віры, так ужо на раду табе напісана... Ды і хто — калі ня ты? Вядома, пяць гадоў тваіх ляснуць, не напішаш ні радка, але — маладыя, відаць, кажуць праўду: бярыся...» І раптам схамянулася: «А цябе выберуць? Ты вагаешся, згаджацца ці не, а можа ты ня пройдзеш — зарэжуць «сыны Беларусі»?» «Сыноў» ды і «дачок» у зале было нямала, аднак, на маё вялікае зьдзіўленьне, прапусцілі мяне на пасаду Старшыні амаль адзінагалосна — толькі трое «супроць» і ніводзін не «ўстрымаўся» (Газеты назаўтра пісалі: «Унікальны выпадак!») Так давялося мне, на пяцьдзясят дзявятым годзе жыцьця, стаць досыць высокім дзяржаўным чыноўнікам. (Ну, як жа: на пасяджэньне Камісіі і для вырашэньня важных аператыўных пытаньняў магу выклікаць міністраў, іх намесьнікаў, адказных чыноў з Саўміна).