Выбрать главу

Працы звалілася на мяне незвычайна многа — ад клопатаў, ад дум, як з ёю справіцца, — пухла галава. На шчасьце, у Камісію, апрача «баласту ў нагрузку» і «ўнядроных» «адтуль» зацятых антынацыяналістаў, трапілі разумныя, дзелавыя, поўныя творчай энергіі маладыя людзі несумненна патрыятычнай арыентацыі — Алег Трусаў, Леанід Баршчэўскі, Мікалай Аксаміт, Яўген Цумараў, Лявон Дзейка (усе — сябры БНФ). Баршчэўскага і Трусава выбралі намесьнікамі старшыні, Цумарава — сакратаром Камісіі. (Праз нейкі час адну пасаду намесьніка ў нас адабралі, Баршчэўскі пайшоў на працу ў Беларускі ліцэй, а ў намесьніках застаўся Трусаў). Распачалася дружная і спорная праца па двух галоўных кірунках: першае — падрыхтоўка і правядзеньне праз Сесію законапраектаў, якія датычаць сфераў адукацыі, культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны, другое — кантроль за выкананьнем законаў, і найперш — за выкананьнем Закону аб мовах, за ажыцьцяўленьнем Дзяржаўнай Праграмы разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларусі.

***

Да якой мяжы дайшла расправа з беларускай мовай у Беларусі і наколькі насьпела неабходнасьць дзяржаўна-заканадаўчага ўмяшаньня ў сітуацыю — пасьведчыла праз месяц пасьля прыняцьця Закону аб мовах адна публікацыя ў «ЛіМе». У артыкуле «Чым жа мы апраўдаемся?» гарадзенец П. Маляўка піша: «Зроблены яшчэ адзін крок на паскораную, фарсіраваную падрыхтоўку настаўнікаў польскай мовы для пачатковых класаў. Тлумачыцца гэта тым, што ў першы клас з польскай мовай навучаньня ў гэтым годзе пайшло больш за дзьве тысячы дзяцей, і катастрафічна не хапае настаўнікаў польскай мовы. Прынамсі, польскія класы ёсьць у большасьці школаў г. Гродна. А вось у беларускі клас, адзіны ў абласным цэнтры, пераступілі парог школы толькі 16 дзяцей.»

Такая вось арыфметыка, даступная і для пачаткоўцаў-школьнікаў, а ня толькі для дыпламаваных дзяржаўных чыноўнікаў: на ўвесь вялікі беларускі горад — адзін беларускі клас, у якім усяго 16 дзетак. Усё, што можна сказаць, прачытаўшы такое: «Жах!» Так, гэта жахліва, гэта — трагедыя. І які ж беларускі інтэлігент, дый наогул, які культурны, інтэлігентны чалавек можа зьмірыцца з такім гвалтам над душой народу, можа моўчкі, спакойна ўспрыняць такую канстатацыю факта? Маўчаць — немагчыма і нельга. І я радаваўся, што сапраўдная беларуская інтэлігенцыя не маўчыць, што гэта перадусім яна дабівалася і дабі­лася прыняцьця Закону аб мовах.

Менавіта гэтую «сьвядомую», як скора пачне яе дражніць пан начальнік дзяржавы, інтэлігенцыю, у атмасферы вакол Закону, узяліся драпежыць некаторыя «двухсотпрацэнтовыя» дэмакраты, ужо знаёмыя чытачам па выявах непавагі і нянавісьці да беларускага слова, да беларускай літаратуры і культуры. Закон, які зрабіў мову народа адзінай дзяржаўнай у краіне, — ах як жа ён уздыбіў у іх душах атрутныя гадзючыя жарсьці, якую чорную сьмярдзючую сьліну пагнала з іх пашчэнкаў на адрас галоўных «вінаватых»! Усё, што хочаце, — люббя вам, беларусы, дэмакратыя, любое права, — толькі ня права мець сваю мову ў статусе адзінай дзяржаўнай. Чаму? Таму што калі ў Беларусі запануе ваша беларуская мова — дык вы і самі запануеце ў гэтай краіне, станеце гаспадарамі гэтае цудоўнае зямлі. А на гэта мы ніколі згоды не дадзім: гаспадарамі тут будзем мы, а вы будзеце слугаваць нам і гаварыць на мове гаспадароў. А сваю з цягам часу забудзеце канчаткова, і супакоіцеся, паверыўшы, што на гэта была воля Божая.

Падкрэсьліваю: гаворка ідзе не пра аўтараў часопісу «Политический собеседник», а пра ваяўнічых «дэмакратаў» і «звышдэмакратаў», аўтараў адпаведных менскіх і маскоўскіх выданьняў. Што да «Политического собеседника» — тут усё зразумела, што з яго аўтараў возьмеш? Яны на дэмакратыю і не прэтэндуюць, яны кіруюцца пушчаным па ўсіх партарганізацыях рэспублікі дакументам пад назвай «Арыентыроўка», у якім рэзка крытычна асуджаецца ідэйная платформа беларускіх староньнікаў дэмакратызацыі. Лідэрамі, ці галоўнымі постацямі гэтага «шкоднага і небясьпечнага» працэсу ў памянутым дакуменце ЦК названыя тры пісьменьнікі: А. Адамовіч, В. Быкаў, Н. Гілевіч. Ня думаю, што самы скарпіёністы скарпіён, які больш за іншых і асабліва ўедліва кусаў мяне на старонках друку, ня бачыў і не чытаў «Арыентыроўку» — яна абмяркоўвалася ва ўсіх партыйных ячэйках, хадзіла па руках, друкавалася. Помню званкі маёй Ніне Іванаўне, якія ішлі ад яе школьных і універсітэцкіх сябровак, ад шчыра-зычлівых знаёмых: «Што гэта вы сабе думаеце? Няўжо Ніл Сымонавіч не разумее, што яму пагражае?!» — «Разумее, — адказвала Ніна Іванаўна, — але ён здрадзіць сабе ня можа, бо гэта азначала б здрадзіць Беларусі, беларускаму нацыя­нальнаму адраджэньню. І я яго падтрымліваю ў гэтым». Прачытаўшы «Арыентыроўку», я спытаў у думках ядавітага паклёпніка «дэмакрата»: «Вось бачыш, скарпіён: побач з імёнамі Быкава і Адамовіча стаіць імя Гілевіча. А што ж не паставілі трэцім тваё імя, скарпіён, — калі ты гэткі дэмакрацісты, і гэткі сьмелы, і гэткі «вумны»? А-а, вось жа яно і ёсьць! Так што — прэч з маіх вачэй, паклёпнік!..»