Я адвёў долю ўвагі нахабнай, брутальнай хлусьні разьюшанага псеўда-дэмакрата (псеўда, вядома, бо немагчыма ўявіць: дэмакрат — вораг нацыянальнай свабоды, мовы, культуры!). У дзясяткі разоў больш сыпалася на мяне са старонак газетаў абразьлівай пісаніны імпершавіністаў-славянасаборцаў. І ня толькі з газетаў, але і з лістоў, адрасаваных або непасрэдна мне, або прэзідыуму ВС Беларусі. Няма патрэбы называць прозьвішчы пісакаў, яны ня вартыя таго, іх прымітыўныя артыкулы і лісты ўсе прагнаны праз ушчэнт зьбітую, сьляпую антыбеларускую капірку. Выключэньне зраблю толькі для аднаго з іх — і не таму, што заслугоўвае як самы зацяты і злосны, а таму, што яму быў аказаны найвышэйшы гонар. Невядомы мне мастацтвазнаўца В. Смаль напісаў ліст на імя старшыні прэзідыуму ВС М. І. Дземянцея — і дасягнуў мэты. Яго поўнае нянавісьці да беларускай мовы, да Закону аб мовах і да Н. Гілевіча пасланьне лягло на стол старшыні, а адтуль — з рэзалюцыяй «Ознакомить членов Президиума Верховного Совета, народных депутатов БССР» — пайшло па кабінетах і ў авальную залу ВС. Глядзеў я на тую рэзалюцыю і адно галавой хітаў. Якой «важнасьці» дакумент абавязаў распаўсюдзіць старшыня Прэзідыума ВС! Не даручыў, як звычайна робіцца, адпаведнай пастаяннай Камісіі разгледзець ліст В. Смаля і даць на яго непісьменную дурноту адказ. Ну не! Хай прачытаюць члены Прэзідыуму і ўсе дэпутаты — хай ведаюць, што «народ» не прымае Закона аб мовах і курсу на беларусізацыю.
***
Спынюся на адной не шараговай падзеі ў тагачасным літаратурным жыцьці краіны. 25 красавіка адбыўся нечарговы X зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Першы за апошнія дзесяць гадоў зьезд, на якім я ўжо прысутнічаю як звычайны дэлегат, не абцяжараны чыноўніцка-адміністратарскімі клопатамі. Нават крыху нязвыклае пачуваньне. Ні за што ня трэба хвалявацца, перажываць, можаш зусім спакойна сядзець і слухаць, — калі будзе цікава. Тое маё, што стварала эмацыйнае напружаньне, — ужо ў мінулым, адышло, — і непасрэдная зацікаўленасьць, і адказнасьць, каб абышлося без ніякіх непрыемных накладак, прыкрых недаглядаў... Але зусім неспадзявана крыху ўзварушыў маё нядаўняе мінулае ўва мне пісьменьнік А. Жалязоўскі: менавіта ў гэты дзень апублікаваў у газеце «Советская Белоруссия» артыкул «Нужен ли писателю союз», у якім адвёў маёй міласьці немалое месца. «Казалось бы, давно пора забыть последний пленум нашей писательской организации. Затихли горячие споры, улеглись страсти, кулуарные разговоры. Но не покидает чувство вины и горькой досады, что ушел из руководства союзом Нил Гилевич. И не потому, что ушел, по-видимому, уставший от нападок своих собратьев «справа» и «слева», а потому, что в тот миг ни одной души не нашлось в зале, кто бы поблагодарил его за многолетнюю работу на посту первого секретаря. Мы забыли это сделать в порыве эмоциональной возбужденности, а возможно, и не захотели, торжествуя маленькую победу над большой и незаурядной личностью.
Свалили «зубра» и успокоились, облегченно вздохнули... Ну а если по-человечески, то надо было бы попросить его поработать до съезда, всем миром сказать спасибо.
А сказать спасибо есть за что. Подвижник, не одно десятилетие действительно, как зубр, пробивал Нил Гилевич глухие ворота сталинско-хрущевско-брежневского законодательства, чтобы вернуть белорусам их язык. Он один из тех, кто будил от летаргического сна наше национальное самосознание, один из немногих «литературных генералов», в свое время не подписавший «смертного приговора» Александру Солженицыну, как это сделали другие».
Зьезд быў адметны тым, што з яго трыбуны не адзін-два прамоўцы, як было раней, а амаль ня ўсе гаварылі пра роднае слова, пра толькі што прыняты Закон аб мовах і пра цяжкасьці яго ажыцьцяўленьня. «Нарэшце, — усьцешана слухаў я калегаў, — загаварылі грамадой. Нарэшце! Дзякаваць Богу і за гэта. Толькі ці надоўга хопіць пораху? Бо, дарагія мае, усё яшчэ наперадзе — уся барацьба і змаганьне. Ворагі беларушчыны здавацца і ня думаюць. Закона аб мовах яны катэгарычна не прынялі. Групуюць і перагрупіроўваюць сілы».
Гаварылі, натуральна, ня толькі пра мову, пра беларускую школу, а і пра аднаўленьне нацыянальнай гісторыі, пра непавагу грамадства да беларускай літаратуры і яе творцаў — пісьменьнікаў, да беларускай мастацкай культуры, выказалі свае непрымірымыя адносіны да ворагаў беларусізацыі і дэмакратызацыі, да апантаных абаронцаў сталінізму. У якасьці ўзорнага і самага заслужанага змагара за беларускую мову В. Быкаў назваў з трыбуны У. Дамашэвіча. Больш нікога. Гэта — да пытаньня аб справядлівасьці.