У прамове В. Быкава мяне болей зьдзівіла іншае — нейкая празьмерная злосьць на Саюз пісьменьнікаў, дакладней — на яго кіраўніцтва. Сказаў: «Кіраўніцтва СП у той час вяло зацятую вайну з БНФ». Горшую няпраўду і прыдумаць цяжка. Саюз пісьменьнікаў і яго газета «ЛіМ» былі заснавальнікамі «Мартыралогу», а ў значнай меры і БНФ. Пра асабіста мае адносіны да БНФ я ўжо расказаў (быў членам аргкамітэту, паўгода сваімі касьцьмі трымаў у ДЛ штаб аргкамітэту). Якое ж кіраўніцтва мае на ўвазе Быкаў? Калі некага з сакратароў Праўленьня — дык называй па імені. СП, гаварыў далей прамоўца, «безумоўна патрэбны», але «ня як зброя ўлады супраць літаратуры». Няшчасныя беларускія пісьменьнікі! Іх прафесійны саюз, аказваецца, выконвае такую ганебную місію. Кіраўніцтва СП «павінна быць ня ў ролі паноў-міністраў, а ў ролі нашых таварышаў, дэмакратаў па перакананьнях, не дзялкоў, а сумленных, разумных грамадзянаў». Перабраў у памяці грамадзянаў, якія працавалі на працягу апошніх дзесяці гадоў сакратарамі СП: Н. Гілевіч, А. Вярцінскі, І. Чыгрынаў, Б. Сачанка, В. Зуёнак, А. Жук, В.Казько, Л. Гаўрылкін... Хто з іх цягне на пана-міністра? Ня ведаю. Хіба мілы Віктар Апанасавіч Казько? Дык ён зусім мала працаваў. Ну, хто дзялок — тут усё ясна. Большага дзялка, чым Н. Гілевіч, за ўсю гісторыю СП у яго кіраўніцтве не было.
Для поўнай яснасьці неабходна зрабіць адно ўдакладненьне. Кіраўніцтва СП — гэта перш за ўсё Праўленьне (Рада) і Прэзідыум Праўленьня СП, — гэта ім дадзенае права зьняць з пасады любога сакратара і выбраць новага. В. У. Быкаў да X зьезду ўжо 25 гадоў быў і ў Праўленьні, і ў Прэзідыуме — і ні разу не па-
трабаваў кадравых пераменаў у сакратарыяце.
Зласьлівасьць, нярвознасьць, грубіянства (нават каля трыбуны) характарызавалі атмасферу зьезду, у залу няйначай уварваўся мяцежны дух мітынгу, люднай плошчы. Аб літаратуры на зьезьдзе амаль не гаварылася. Настрой мой, у выніку, быў, як гэта кажуць, ніякі, і я яшчэ раз «бразнуў дзьвярыма» — узяў самаадвод пры выбарах Рады СП.
***
З канца траўня пачалася мая штодзённая чыноўніцкая служба ў якасьці старшыні пастаяннай Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны.
На працягу чатырох гадоў, дзякуючы апантанай працы і настойлівасьці нашай Камісіі, Вярхоўным Саветам РБ былі прыняты Закон аб культуры, Закон аб адукацыі, Закон аб бібліятэках, падрыхтаваны Закон аб архівах. А пачалі з іншых першаступеннай важнасьці законаў. Менавіта наша Камісія была вядучай, калі на сесіі разглядалася пытаньне аб дзяржаўнай сімволіцы — аб назве дзяржавы, аб Гербу, Сьцягу, Гімне і аб назьве сталіцы. Але пра гэта трохі пазьней. Напачатку — хоць дзьве-тры старонкі пра маё агульнае ўражаньне ад новага складу парламенту РБ і пра падзеі, што адбываліся ў ім у першы год яго кадэнцыі.
***
15-га траўня адкрылася Першая сесія Вярхоўнага Савету XII скліканьня (завяршыла працу 31-га ліпеня). За два з палавінай месяцы дастаткова дакладна зразумеў адно: разьлічваць на масавую падтрымку беларускай ідэі, беларускай мовы, беларускай школы — не прыходзіцца. Дай бог, калі з агульнага ліку пад 330 дэпутатаў набярэцца з паўсотні сьвядомых староньнікаў і абаронцаў беларушчыны. Праўда, багата ў зале людцоў палітычна неакрэсьленых, «мякіністых», якіх пры выпадку можна павярнуць на бок Беларусі і атрымаць іх галасы. Але ж багата і перакананых, зацятых ворагаў беларушчыны, якія рашуча не прымаюць ідэяў нашага нацыянальнага адраджэньня, якія даўно звыкліся з поўнай перамогай крамлёўскага «інтэрнацыяналізму» на прасторах Саюзу Савецкіх Сацыялістычных. Гэта — генералы, палкоўнікі, маёры (у бальшыні — не беларусы), гэта — партыйна-савецкае чынавенства, гэта — дырэктары заводаў, кіраўнікі элітных гаспадарак. Нарэшце, гэта — каля трыццаці дэпутатаў ад ветэранскай арганізацыі, у пераважнасьці — былая наменклатура. Галасы ўсіх гэтых абраньнікаў народу можа павярнуць на карысьць Беларусі толькі... вялікі страх, што і здарылася на пачатку восені наступнага, 1991-га году.
Прыслухоўваюся да ўсяго, што гаворыцца ў зале пасяджэньняў сесіі, прыглядаюся да тых, і хто гаворыць, і хто заяўляе пра сябе бяз слоў. Божа, колькі шчасьлівых людзей! На кожнай фізіяноміі: «Я — дэпутат! Я — улада!»