Агульнае ўражаньне: тры чвэрці беларусаў у зале — толькі пашпартныя беларусы. Ні слова, ні духу беларускага ў іх грамадзе — і не чутно, і не відно. Як перайначылі бальшавікі нашу чыноўную эліту! Як выхаласьцілі з яе беларушчыну! Усяго, што засталося ў гэтых дзябёлых дзядзьках беларускага, — гэта іх клопат пра сябе. Тыя, каго выбралі на працу ў пастаянных камісіях (старшыні, намесьнікі, сакратары), дабіліся правядзеньня пастановы аб забесьпячэньні іх сталым жыльлём у Менску; не часовым, на тэрмін працы ў ВС, а — назаўсёдным. Зрэшты, нацыянальная прыналежнасьць тут значэньня ня мела.
За колькі дзён да закрыцьця першай сесіі быў прыняты Вярхоўным Саветам і адзін дакумент гістарычнага значэньня — Дэкларацыя Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Божа, як я чытаў і перачытваў галоўныя радкі прэамбулы: «Выяўляючы волю народу Беларускай ССР, усьведамляючы адказнасьць за лёс беларускай нацыі», «лічачы рэспубліку паўнапраўным і незалежным членам сусьветнага супольніцтва», Вярхоўны Савет «урачыста абвяшчае поўны дзяржаўны суверэнітэт Беларускай ССР...» І ў першым жа артыкуле — аб мове: «БССР — суверэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове... дзяржаўнасьці беларускай мовы». Дзяржаўнасьць мовы — у аснове дзяржаўнага суверэнітэту! Во, мае дарагія суайчыньнікі, мае любыя браты і сёстры беларусы! Вось і яшчэ адзін вялікі крок на шляху нашага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня!..
Дзень прыняцьця Дэкларацыі — 27-га ліпеня — тады ж быў абвешчаны дзяржаўным сьвятам Рэспублікі. Праз некалькі гадоў яно было ліквідаванае. З маўклівай згоды ўсяго насельніцтва краіны.
У першыя дні жніўня я паехаў па пуцёўцы Літфонду адпачываць у Дом творчасьці «Кактэбель» і там, паколькі ў Менску зрабіць гэта не пасьпеў, напісаў ад імя Камісіі Зварот да грамадзянаў рэспублікі — да тых, чые дзеці ўпершыню пойдуць сёлета ў школу. Зрабіць гэта было надзвычай важна: з 1-га верасьня ўступаў у сілу Закон аб мовах, у якім заканадаўча пацьвярджалася права пераходу школ рэспублікі на беларускую мову навучаньня. Наколькі сур’ёзна глядзеў я на гэту справу — можна меркаваць па наступных радках Звароту: «Будзьце ж дастойнымі вялікіх задачаў, што паўсталі перад усімі намі, дочкамі і сынамі Беларусі, — задачаў нацыянальнага беларускага адраджэньня! Патрабуйце адкрыцьця школаў або хаця б напачатку стварэньня класаў на роднай беларускай мове! <...> Цяпер для адраджэньня беларускай школы патрэбны ўсеагульныя намаганьні. Калі мы гэтага ня зробім — усё будзе каціцца па нахільнай далей, і тады мы будзем вымушаныя заплаціць за чыюсьці бяздумнасьць самай страшнай цаной — жыцьцём беларускай нацыі. Усьвядомім жа гэта, дарагія бацькі, паважаныя грамадзяне! Усьвядомім — і зробім свой выбар на карысьць роднай мовы, на карысьць нашай уваскрасаючай Бацькаўшчыны. Жыве Беларусь!»
«Зварот» паслаў заказной авія-поштай на адрас Камісіі (так было дамоўлена з Л. Баршчэўскім і Я. Цумаравым), і ён быў неадкладна апублікаваны ў рэспубліканскіх і абласных газетах. Прамаруджваць і ўпускаць час, паслабляць напор узьдзеяньня і на бацькоў, і на чыноўнікаў ад адукацыі — мы ня мелі права. Мы выдатна разумелі, што цяпер, маючы ў руках такі Закон, нашая Камісія можа зрабіць вельмі многа. Перад усім — спосабам кантролю за выкананьнем Закону, але таксама і сродкамі разумнай пераканаўчай агітацыі. Што да апошняга — то асабіста я пачуваўся ў найвышэйшай меры мабілізаваным. Не змарнаваць ні аднаго дня, ня страціць ні адной магчымасьці! Біць і біць, і біць у раскалыханы Звон Абуджэньня, у грымотна-зазыўны Набат Мабілізацыі! Яшчэ і яшчэ раз напамінаць нашай дэмакратычнай інтэлігенцыі пра галоўнае — пра змаганьне за Мову. Усё іншае, нават надзвычай важнае, трэба падпарадкаваць Галоўнаму.
У сьвятле сказанага можна, думаю, зразумець і маю тэлеграму, пасланую сябру, знакамітаму украінскаму паэту і віднаму грамадскаму дзеячу Барысу Алейніку. Падаю яе ў арыгінале — на рускай мове.
«Москва, Кремль, Верховный Совет СССР, Борису Ильичу Олейнику.
Дорогой друг и брат! Твоё вчерашнее выступление в защиту державного и духовного суверенитета, национального достоинства и чести украинского, белорусского и других народов страны войдет в историю как пример гражданского мужества, государственной и человеческой мудрости. Жаль, что в зале не нашлось белоруса, который решительно поддержал бы тебя. Но знай и помни, что твои соратники и побратимы в Беларуси слушают твой голос всем благодарным сердцем. Крепко жму руку и по-братски обнимаю — Нил Гилевич, член Президиума Верховного Совета БССР. 26 сентября 1990 г.» Тэлеграма была надрукаваная, па маёй просьбе, у газеце «ЛіМ» — каб ведалі сябры і паплечнікі ў Беларусі.