Выбрать главу

Сябры і паплечнікі... Вельмі засмучала мяне прынцыповае разыходжаньне з некаторымі аўтарытэтнымі аднапалчанамі ў вызначэньні стратэгічнай мэты нашае патрыятычнае дзейнасьці. «Мова — ня мэта, мэта — свабода, незалежнасьць», — заявіў адзін з іх у чарговым інтэрв’ю, іранізуючы над задачамі, якія паставіла перад сабой ТБМ. Такі пагляд на гістарычную, а хочаце — на боскую місію нацыянальнай мовы, — памылковы. Мова ёсьць мэтай, шаноўны сябар, мова! Бо калі ня мова — тады няма чаго і плот гарадзіць. Размова ідзе аб стратэгіі выжываньня народу, ацаленьня яго як этнічнай асабовасьці. Размова аб тым — будзем мы, беларусы, на мапе сьвету, на планеце Зямля, ці ня будзем. Калі ня страцім мову — будзем, калі страцім — ня будзем. Адыдзем у нябыт, зьнікнем, як зьніклі яцьвягі, пра якіх згадвае ў інтэрв’ю мой шаноўны аднапалчанін. Пра мову мы павінны клапаціцца і дабівацца для яе хоць нейкай палёгкі ў любых умовах, у любой гістарычнай сітуацыі. Мову трэба ратаваць пры любой антыбеларускай уладзе, пры любым каланіялісцкім рэжыме. Рэжым — катэгорыя ня вечная, ён можа памяняцца і абавязкова — раней ці пазьней — памяняецца. Зусім штось іншае — мова. Не чакаць жа нам, склаўшы рукі, пакуль лёс пойдзе насустрач, і народ здабудзе незалежнасьць, бо гэтае чаканьне можа быць такім доўгім, што ад мовы тым часам нічога і не застанецца. Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст., лёс пайшоў насустрач Польшчы толькі праз 125 гадоў (у 1918-м), але праз увесь гэты час палякі, на трох паасобных частках, пад ярмом акупацыі, найпершым чынам зьберагалі сваю мову, звычаі, культурную спадчыну, гістарычную сьвядомасьць, развівалі нацыянальную літаратуру, тэатр, мастацтва. Бо мэтай было — зьберагчы душу народу, — хоць і без свабоды, і без незалежнасьці. Пакуль жыве мова — жыве народ.

Уважліва чытаю лісты, якія прыходзяць у Камісію і канкрэтна на маё імя. Часам застаюся пад моцным ад іх уражаньнем: якія разумныя інтэлігенты, удумлівыя мысьляры-аналітыкі ціха сядзяць у гарадах і гарадках Беларусі, незапатрабаваныя грамадствам. Адзін з такіх — незнаёмы мне маладзечанец Алег Тарыкаў. У яго лісьце — цэлая праграма для доўгатэрміновай дзейнасьці па нацыянальным адраджэньні Беларусі. «Вам належыць стварыць стратэгію нацыянальнага разьвіцьця не на некалькі гадоў, а на цэлую эпоху — па меншай меры на стагоддзе». Так, думка справядлівая, — трэба глядзець далёка наперад, у будучыню, і ўлічваць многія асьпекты гэтага «глядзеньня», гэтага патрыятычнага клопату. Напрыклад, вылучае аўтар ліста: «Патрэбна абарона этнічных граніцаў беларусаў ад неаэкспансіі сяброў-суседзяў. Сродкамі культуры»; або: «Культура беларусаў бессаромна раскрадзеная, расцягнутая па замежжу, пачынаючы з 16-га стагоддзя поўнасьцю пераніцаваная і вывернутая навыварат гісторыя краіны і дзяржаўнасьці»; або: «Патрэбен пастаянны інфармацыйны канал радыё-Беларусь. Што можа радыё-Беларусь? Адыграць большую ролю для нацыі, чым «Наша Ніва». <...> Усё зводзіцца к простаму: у каго інфармацыя — у таго і ўлада». І яшчэ — многае іншае.

Сёе-тое з гэтай маштабнай праграмы пачало ў наступныя гады ажыцьцяўляцца ў Беларусі, але, па-першае, з вялікім скрыпам, а па-другое — ненадоўга: супраціўленьне паднялося страшэннае. Не аддадзім! Не дазволім! Ня дзеля гэтага шчыравалі!..

***

Уступіў у свае паўнамоцтвы векапомны 1991 год. Векапомны і для Беларусі і для ўсіх астатніх рэспублік Саюзу, які з 8-га сьнежня гэтага ж году стане называцца «былым». І мы, і ўвесь сьвет імгненна звыкнемся і гаварыць і пісаць: «у былым СССР», «кіраўніцтва былога СССР» і г. д.

Для мяне гэты сапраўды векапомны год пачаўся з адной незвычайнай і вельмі няпростай місіі. У ноч з 12-га на 13-га студзеня ў Вільні адбылася страшная крывавая падзея: пры штурме савецкімі танкамі нацыянальнага тэлецэнтру, які ўжо быў у руках літоўскіх «сепаратыстаў» і ня слухаў загадаў з Масквы, былі забітыя 14 і параненыя 164 чалавекі — з ліку абаронцаў, вядома. Навіна ўскалыхнула, можна сказаць, увесь сьвет, ну а нас, самых блізкіх суседзяў, усхвалявала і ўзрушыла, можа быць, наймацней. Напэўна, па падказцы з Крамля, з ЦК КПСС, старшыня Прэзідыуму ВС М. Дземянцей унёс на пасяджэньні сесіі прапанову — паслаць у Вільню афіцыйную дэлегацыю Вярхоўнага Савету БССР з тым, каб і выказаць на дзяржаўным узроўні наша суседскае спачуваньне, і каб такім чынам хоць трохі залацьвіць крайне непрыемную для «всей Страны Советов» сітуацыю. (Між іншым, гэта было даўняй практыкай крамлёўскіх дыпламатаў — кідаць у падобных выпадках на залацьвеньне памяркоўных беларусаў. Успомніце: у 1968 годзе ў Чэхаславакію быў кінуты ў якасьці галоўнай асобы беларус К. Мазураў). У склад дэлегацыі ўключылі семярых дэпутатаў, а кіраўніком, чаго я зусім не чакаў і не хацеў, назначылі мяне (думаю, што «назначальнікі» пасьля пашкадавалі аб гэтым). Гэта было зроблена 15-га па абедзе, і праз гадзіну дэлегацыя, бласлаўлёная высокімі наказамі, выехала ў Вільню.