Выбрать главу

На мяжы рэспублік нас сустрэлі прадстаўнікі ВС Літвы, адзін з іх перасеў у наш «рафік» і па дарозе распавёў пра сітуацыю ў горадзе і пра план нашага прабывання. Нават у словах яго адчувалася напружанасьць і трывога. Прыехалі мы, калі Вільня ўжо была абвечарэлая. У фае гасьцініцы нас спаткала неспа­дзяванка: са скрынкі рэпрадуктара (тады тэле не працавала, і ўся Літва слухала рэпартажы з Вярхоўняга Савету па радыё) гучаў знаёмы-знаёмы, досыць барытоністы, мужчынскі голас. Я зірнуў на Карпенку: «Што такое?» — «Дык гэта ж Навумчык!» — адказаў Генадзь Дмітрыевіч. Сьцішыліся, услухаліся: тое ж бэштаньне «камунякаў» і беларускага «камуняцкага» Вярхоўнага Савету, якое мы ўжо чулі не аднойчы ў Менску. Літоўскі дэпутат патлумачыў: «Гэта таксама дэлегацыя ад вас, прыехалі раней і папрасілі слова...» Пазьней выясьніцца: трое маладых дэпутатаў з апазіцыі, схапілі машыну і рванулі на Вільню, каб апярэдзіць афіцыйную дэлегацыю і «падрыхтаваць» літоўскі парламент да візіту беларускіх «камунякаў». У пэўнай меры мэты яны дасягнулі: на жалобным мітынгу 16-га студзеня, на які сышлося, мабыць, больш за мільён народу, прадстаўніку Беларусі слова не далі. Было, вядома, крыўдна, але ж... прыехалі «камунякі», хай сабе і беларускія, усё адно «камунякі», значыць, ворагі свабоднай Літвы, — ворагі тых ахвяр, якіх памінаем, — як жа мы дадзім вам слова?..

І аднак жа слова кіраўнік беларускай дэлегацыі атрымаў — не на мітынгу, а на пасяджэньні сесіі Вярхоўнага Савету, ужо позна вечарам... Калі сьпікер абвясьціў, што наступным будзе гаварыць старшыня Камісіі беларускага парламенту, многія дэпутаты рушылі да дзьвярэй. Прызнаюся, я перажыў непрыемны момант. Ну, што ж, — падрыхтавалі залу яшчэ ўчора вечарам: што «камуняку» слухаць? Пра што я гаварыў у сваім слове — тут паўтараць ня стану. Скажу адно: слухалі мяне пры поўнай цішыні, а калі я скончыў і падзякаваў за ўвагу — усе дэпутаты падняліся і, стоячы, гучнымі воплескамі праводзілі мяне аж да месца ў самым канцы залы.

Позна, ужо ноччу, вярнуліся ў Менск. Назаўтра, з раніцы, цэлай паўгадзіны стаяў за трыбунай — як кіраўнік дэлегацыі трымаў справаздачу аб паездцы у Вільню. Фактычна — зрабіў даклад на тэму міжнацыянальных адносінаў. Пасьля амаль цэлы дзень у зале ішлі наконт літоўскіх падзеяў спрэчкі. Двойчы вельмі несправядліва і таму балюча кусануў мяне В. Ганчар, груба, абразьліва — А. Лукашэнка. Адчувалася, што ў дэпутацкім корпусе нястрымна нарастае палітычнае разьмежаваньне і канфрантацыя сілаў. Незадаволеныя рвуцца да ўлады. Рвуцца. Але — з чым? З якімі ідэямі? Ці з беларускімі?

***

Зіма і вясна пайшлі на падрыхтоўку законаў «Аб культуры» і «Аб адукацыі». І абодва былі, хоць і ў цяжкім змаганьні, прынятыя. Прэса падкрэсьліла, што закон «Аб культуры ў Беларускай ССР» — гэта першы закон аб культуры на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Мяне і ўсіх хто дабіваўся яго прыняцьця, асабліва радавалі некаторыя яго артыкулы: «Асноўнымі прынцыпамі культурнай дзейнасьці ў Беларускай ССР зьяўляюцца: прыярытэт умоў для разьвіцьця беларускай нацыянальнай культуры». Прыярытэт — для будучыні Беларусі! Гэта нешта ды значыць!.. Артыкул 35: «Дзяржава ўстанаўлівае гарантаваную долю бюджэтных сродкаў на разьвіцьцё мастацтва і культуры ў разьмеры ня меней 3 працэнтаў ад агульнай сумы Дзяржаўнага бюджэту Беларускай ССР». Дасьведчаныя людзі разумеюць, якая гэта была вялікая перамога — тры працэнты на культуру. Ня менш цяжка было дабіцца вызваленьня ад падатку на прыбытак прадпрыемстваў установаў культуры, які (прыбытак) ішоў на ажыцьцяўленьне статутнай дзейнасьці творчых саюзаў, фондаў, таварыстваў, у тым ліку аб’яднаньню «Бацькаўшчына» і ТБМ. Нават і ПЭН-цэнтру, які адпэньдзіў ад сябе паэта і эсэіста Н. Гілевіча. Пабачылі б пэнаўцы, якімі нервамі, якой крывёй адваёўваў гэны паэт і эсэіст права на ільготы па падатку для Культуры. Усьлед за першай перамогай нашай Камісіі ў Вярхоўным Савеце Беларусі была атрымана другая — закон «Аб адукацыі». Я быў проста шчасьлівы, што ўдалося «прабіць» артыкул шосты — «Мова навучаньня», другі абзац якога поўнасьцю супаў з адпаведным абзацам «Закону аб мовах»: «Беларуская мова зьяўляецца мовай навучаньня і выхаваньня ў дашкольных, пачатковых, сярэдніх, прафесіянальных і вышэйшых навучальных установах». Мінула крыху больш за дзесяць гадоў з таго яснага летняга дня. Проста неверагодна, што тую маю і нашу ўсебеларускую радасьць здолелі за гэты час так бязьлітасна пагасіць.