Выбрать главу

Фактычна ў нашым лясным кутку тады ўстанавілася савецкая ўлада, дакладней — не савецкая, а бальшавіцка-партызанская, ці бальшавіцка-анархісцкая. Ніякіх саветаў, вядома, не было, іх ніхто не выбіраў, паўсюдна гаспадарылі партызаны, спрабавалі нейкі парадак навесьці, але вайна ёсьць вайна, няпэўнасьць, няведаньне, што будзе заўтра — ці ня рушаць вялікімі сіламі немцы, ці ня стануць паліць і расстрэльваць, ці не пачнуць зноў бамбіць з аэрапланаў партызанскія вёскі? — усё гэта трымала людзей у пастаяннай трывозе, у страху, у нервовым напружаньні, прымушала жыць адным днём, дазваляла несумленным і нахабным злоўжываць сілай...

Гэты апошні год акупацыі быў для мяне годам надзвычай імклівага духоўнага росту і пасталеньня. У вёсцы ўсю зіму і вясну стаялі на пастоі партызаны, навіны з фронту прыбывалі досыць рэгулярна, наладжваліся вечары мастацкай самадзейнасьці (ні адзін без маёй прысутнасьці не прайшоў: ага, каб я ды ўпусьціў!); бацька зрэдзьчасу начаваў дома, а яго скураная сумка была бітком набітая літаратурай: савецкімі, з-за фронту, і партызанскімі газетамі, улёткамі, кніжачкамі «Блакнота агітатара» і іншымі выданьнямі. Усё гэта я перачытваў ад загалоўку да выхадных дадзеных, а сёе-тое і неаднойчы. Асабліва радаваўся, калі ў газетах трапляліся беларускія вершы — іх я тут жа завучваў на памяць. I ня толькі вядомых, прызнаных аўтараў, але і сваіх тутэйшых, партызанскіх. У прыватнасьці, вельмі мне імпанавалі патрыятычныя і сатырычныя вершы ў Лагойскай партызанскай газеце, падпісаныя псеўданімам Рыгор Тойсамы. Пасьля вызваленьня ён працягваў друкаваць у «раёнцы» вершы, пераважна сатырычныя, ужо на розныя мірныя тэмы. I я даведаўся, што пад гэтым псеўданімам выступае паэт Б. Сасноўскі, чыё імя да вайны сустракалася і на старонках «Полымя», ня кажучы пра менш паважныя выданьні. Добрыя пісаў вершы Браніслаў Уладзіміравіч, і мне дагэтуль шкада, што паўсядзённая газетная цякучка патроху засмактала і загубіла яго несумненны паэтычны талент.

Тым часам у Айнаравічах я асвоіў, можна сказаць, першую рабочую прафесію: навучыўся адліваць алюміневыя лыжкі. Сыравінай служыў зьбіты ў пачатку вайны самалёт, які зваліўся на айнараўскае ІІадлужжа, і дзе яго крылы і фюзеляж абдзіралі на розныя патрэбы ўсе, хто хацеў. Працэс вытворчасьці лыжак быў элементарна просты: прыладамі былі дзьве маленькія скрыначкі з пяском, верхняя бяз дна, і жалезны кубак, у якім я плавіў у полымі звычайнай печы пасечаны на дробныя кавалачкі алюміній; скрыначкі стаўляліся адна на адну, а паміж імі лажылася якая-небудзь лыжка — для формы; калі «форма» адцісьнецца — у адтуліну заліваецца расплаўлены метал. Лыжкі, пасьля апрацоўкі іх рашпілем, напілкам і разцом, атрымліваліся проста выдатныя,— гладзенькія, ёмкія, бліскучыя, і я пачаў праз бацьку забясьпечваць імі партызанаў (салдат бяз лыжкі — не салдат). Такі быў мой уклад у перамогу над ворагам. Але ня толькі. Разоў колькі бацька пасылаў мяне ў разьведку — у нашую вёску, дзе ў час блакады партызанскага краю стаяла нямецкая заслона. У ліпені сорак трэцяга мая разьведніцкая дзейнасьць закончылася няўдала (а магла б закончыцца і зусім трагічна): мяне пераняў здаравенны, мардаты нямецкі жандар і зьбіў — спачатку аплявухамі, а затым падкаваным ботам па галаве — да паўсьмерці.

Айнараўскае «бежанства» запомнілася мне і тым, што менавіта тою зімою я ўпершыню ўзяўся за складаньне свайго ўласнага сьпеўніка. З выпрашаных у бацькі чатырох аркушыкаў чыстай паперы зрабіў малюпасенькі сшытачак і пачаў запіс­ваць у ім песьні, якія былі тады папулярнымі і ў партызанаў, і ў вясковай моладзі. Я слухаў і запамінаў іх у час сьпеваў, або нават прасіў прадыктаваць мне тэкст або асобныя строфы, радкі. Сшытачак мой у час апошняй, майскай блакады згубіўся, але помню, што амаль усе песьні ў ім былі пачутыя ад партызанаў. I канешне ж — ніводнай беларускай. Ніводнай.

Акупацыя для нас скончылася 1-га ліпеня 1944 году. Позьняй раніцай у наш цывільны «табар» на ўскрайку лесу прыскакаў на кані наш слабодскі сваяк і сусед Алёшка Барэйка і пракрычаў, што з-пад Кораня ідуць нашы і неўзабаве будуць у Айнаравічах. I мы ўсе, апрача нямоглых бабуль, пабеглі сустракаць нашых. Там, дзе дарога перасякала вёску, доўга стаялі, чакалі, са збанамі малака і сьцюдзёнай вады, з хлебам і сольлю. Нарэшце ўбачылі, як да нас набліжаецца першая калона савецкіх байцоў. Жанчыны заплакалі яшчэ галасьней, дзяўчаты і хлопцы кінуліся насустрач, напярэймы. I тады над калонай цяжка, але зладжана і магутна загучала песьня: «Пусть ярость благородная Вскипает, как волна». I тады заплакаў і я — моўчкі, зусім моўчкі.