Выбрать главу

У сярэдзіне чэрвеня адбыўся Другі зьезд ТБМ. Мушу крыху распавесьці аб ім, бо ён пакінуў у маёй памяці сьлед, я сказаў бы, моцна прыпарошаны гаркатою. Дух разладу і варажнечы — тое, што біла ў вочы ў авальнай зале Вярхоўнага Савету, — няйначай як перакінуўся ў залу Дому Літаратара. Зусім нечакана для мяне з першых хвілінаў зьезду сваёй адметнай бесцырымонна-цынічнай мовай загаварыла д’ябальшчына, — дакладней, не загаварыла, а закрычала, завыгукала, заўлюлюкала. Асабліва дзіка хуліганіў адзін здаравілісты мясаморды «дэмакрат» — ад пачатку і да канца зьезду падхопліваўся з месца, перабіваў прамоўцаў, узьлятаў на сцэну, да трыбуны, захопліваў мікрафон і драў горла аб адным: «Далоў старшыню ТБМ! Трэба выбіраць новага!» Прызнаюся, напачатку я трохі было разгубіўся. Што гэта? Абструкцыя? Рашылі сарваць зьезд? Але прыгле­дзеўся і разабраўся: правакатары. І іх нямнога. Паспрабуем іх асадзіць. Спакойна. Ня думаю, каб зала пайшла за імі.

Вось выйшла за трыбуну вядомая настаўніца з Салігорску Марыя Сьцяпанаўна Мацюкевіч*. Ёй ёсьць што расказаць, падзяліцца вопытам, іх суполка ТБМ адна з лепшых у Беларусі. Але Божа, што пачало рабіцца! Проста не даюць сказаць. Ня тое гаворыш! Чаму не кляймуеш камуністаў? Чаму не заклікаеш на штурм?! Давялося зноў узяць мікрафон мне. «Калегі! Хочаце ператварыць зьезд у мітынг на плошчы? Слухаць тых, хто робіць канкрэтную работу па ажыцьцяўленьню Закону аб мовах, — не цікава? Што за ачмурэньне найшло, прабачце? ТБМ — ня тая грамадская арганізацыя, дзе на першае месца выходзяць вульгарнае палітыканства і сацыяльная дэмагогія, мы будзем змагацца за нашу справу мовай культуры і перакананьня.

Нахабства і хамства не для нас. Я параіў бы некаторым звышактыўным прамоўцам спачатку навучыцца хоць больш-менш прыстойна гаварыць па-беларуску — і гэта будзе ваша лепшае змаганьне за мову». Каго я перш за ўсё меў на ўвазе — у зале амаль усе зразумелі і падтрымалі мяне апладысьментамі.

І ў маім дакладзе зьезду і ў бальшыні прамоваў прагучала вялікая трывога за стан беларускай мовы: і закон прыняты, і Праграма зацьверджаная — але рух наперад пакуль што вельмі-вельмі марудны. На адрас Ураду было выказана шмат крытыкі і прад’яўлена прэтэнзіяў. Многае паабяцалі ў сваіх прамовах зрабіць міністры і намесьнік прэм’ера. Яшчэ больш паабяцаў сам прэм’ер В. Кебіч. У прыватнасьці, заявіў, што з восені беларуская мова стане для яго рабочай. На вялікі жаль, гэта быў усяго лёгкі і танны папулісцкі прыём. Праўда, зьезд на радасьцях тут жа прыняў В. Ф. Кебіча ў сябры ТБМ, і я выдаў яму пасьведчаньне. Між іншым, можна было і паверыць у заяву прэм’ера, бо ўжо было вядома, і я сказаў пра гэта ў дакладзе, што Бюро ЦК КПБ паставіла перад партыйнымі арганізацыямі рэспублікі задачу — перайсьці на працягу паўтара года на беларускую мову. Ну, у абяцаньнях, як і ў прыгожых высокіх словах, у тое лета недахопу ўжо не было.

Нягледзячы на выказаную зьездам ухвалу дзейнасьці кіраўніцтва ТБМ і на гарачую падтрымку яго курсу, калі дайшло да выбараў старшыні — экстрэмісты на чале з «мясамордым» зрабілі спробу зваліць з пасады кіраўніка ТБМ Н.Гілевіча. Гэта была ня толькі не рэальная задума, але і вельмі не разумная — з гле­дзішча інтарэсаў справы. Я быў старшынёй пастаяннай Камісіі ВС па адукацыі і культуры і членам Прэзідыуму ВС. З такімі дзяржаўнымі паўнамоцтвамі старшыня Таварыства — гэта проста рэдкі для нацыянальна-патрыятычнай грамадскай арганізацыі шанц. Вылучаная альтэрнатыўная кандыдатура (В. Вячорка) не праваліцца не магла, гэта было ясна. Не зусім ясна, чаму адбылося вылучэньне другой кандыдатуры. Дзеля чаго? Зрэшты, гэта тады мне было не зусім ясна. Крыху пазьней усё праясьнілася зусім-зусім. Карані «мясамордай» стратэгіі ляжалі ня так і глыбока.

***

Жнівень рэвалюцыйнага (ці контррэвалюцыйнага? — паколькі: назад, да капіталізму!) 1991 году ўвагу ўсяго сьвету прыкаваў да падзеяў у Маскве. Да змагарнай постаці Барыса Ельцына на танку — сярод мора ўзбунтаванага, узрушанага, пераважна маладога народу. да панікла ашляхлых за сталом прэзідыуму ініцыятараў асуджанага на паразу ГКЧП (на беларускай гэту абравіятуру ні разу ня бачыў). Праз два-тры дні значную долю сваёй увагі сьвет пераключыў на Кіеў і на Менск. 24-25 жніўня адбылася Нечарговая пятая сесія Вярхоўнага Савету БССР, з’ініцыяваная дэпутатамі дэмакратычнай апазіцыі, найперш — бээнэфаўцамі. Пад уражаньнем ад разгрому камуністычнага путчу ў Маскве, беларуская партыйная вярхушка «склала зброю» без супраціўленьня. Неверагодна лёгка ўступіла ўладу дэмакратам — як бы і не даражыла ёю, або як бы ўпотай чакала гэтага сама. Адрокся ад пасады Старшыні Прэзідыуму ВС М. Дземянцей. Сьпікерам быў абраны яго дагэтулішні намесьнік Станіслаў Шушкевіч (для недасьведчаных — мой аднакурсьнік па БДУ, толькі не філолаг, а фізік). Сьпікерам і — фактычным кіраўніком дзяржавы. Сесія прыняла Закон «Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР» Гэта быў перадапошні крок да поўнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі — апошні будзе зроблены ў сьнежні. Былі прынятыя на сесіі і надзвычайнай важнасьці пастановы. Першая: аб часовым спыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі, другая: аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня, дзяржаўных прадпрыемстваў, установаў і арганізацыяў і аб уласнасьці КПБ і ЛКСМБ. Паводле гэтай другой пастановы ўся ўласнасьць партыі і камсамолу перадавалася органам дзяржаўнай улады (Саўміну, аблвыканкамам, райвыканкамам і г. д.). Бадай ці ня самым каштоўным у той рэквізаванай маёмасьці былі будынкі. Галоўны з іх — будынак ЦК КПБ (вуліца К. Маркса, 38) — дастаўся, натуральна, Вярхоўнаму Савету. Гэта мяне, сказаць па-шчырасьці, абыходзіла мала. Моцна ўсхвалявала іншае: магчымасьць не ўпусьціць шанцу і адваяваць грандыёзны будынак Рэспубліканскай партыйнай школы для філфаку БДУ. І гэта нам удалося. Галоўным довадам-аргументам было: філфак — нацыянальная візітная картка Беларусі. Мае перамовы з прэм’ерам В. Кебічам былі нялёгкія — у яго меліся свае віды на будынак Партшколы. Але сварыцца і псаваць адносіны з такой аўтарытэтнай Камісіяй ВС, як наша, ён ня стаў. Мне заставалася толькі крыкнуць: ура! Лепшага падарунку для роднага філфаку я і ў сьне ўявіць ня мог. Праз нейкі час дэкан факультэта прафесар А. Лойка арганізаваў перасяленьне ўсіх службаў і студэнтаў філфаку ў новы корпус.