***
Праца Шостай сесіі ВС (верасень-кастрычнік 1991 году) пачалася з абмеркаваньня і прыняцьця законаў аб назьве дзяржавы, аб назьве сталіцы і аб дзяржаўных сімвалах Беларусі — Гербе, Сьцягу і Гімне. Хачу зазначыць, што ў падрыхтоўцы гэтых законапраектаў выключная заслуга належыць дэпутатам апазіцыі БНФ — яны папрацавалі здорава! Нагадаю, што ў нашай Камісіі іх была цэлая група, начале... са старшынёй. Так, так, — сьпяшаюся сказаць тым, хто зьдзівіўся. Я толькі фармальна не лічыўся ў апазіцыі — і гэта была разумная тактыка. Бо калі б я і фармальна належаў да апазіцыі — многае на сесіях круцілася б іначай, і некаторыя законы, — як аб Гербу, аб Сьцягу і іншыя, — проста не прайшлі б, — упэўнены ў гэтым.
Сітуацыя з разглядам пытаньня аб сімволіцы склалася такая. Законапраект аб назьве сталіцы нават не ўдалося ўключыць у парадак дня сесіі. «Менск» не прайшоў. Сьцяной паўстала супраць пагалоўная бальшыня Прэзідыуму ВС. А думалася, што нашая аргументацыя відочна пераканаўчая і сур’ёзных пярэчаньняў не павінна быць. Ад свайго заснаваньня Менск (Менеск) на працягу многіх стагоддзяў быў Менскам, «Мінск» нам навязалі палякі, а царысты аўтаматычна перанесьлі гэтую назву на расейскія мапы. На жаль, перамаглі, мякка кажучы, недасьведчанасьць і эстэтычная глухата. Што датычыць Закону аб Гімне — агульнай згодай рашылі так. Новы гімн з ходу ня створыш, а калі і выбіраць з наяўных гімнічных песень, дык на гэта таксама патрэбен час. Таму даручылі нашай Камісіі заняцца падрыхтоўкай гэтага пытаньня да адной з наступных сесіяў.
Такім чынам, на разгляд Сесіі 19 верасня былі вынесеныя тры законапраекты: аб назьве дзяржавы, аб Гербе і аб Сьцягу. Даклад па ўсіх гэтых законапраектах зрабіў старшыня Камісіі Н. Гілевіч. На жаль, ва ўсе наступныя гады «летапісцы» найноўшай гісторыі Беларусі аб гэтым факце спрэс забываюць — як быццам роля старшыні Камісіі нічога ня значыла. А яна, мушу сказаць пра гэта сам, значыла зусім-зусім ня мала. Пра гэта і ворагі сімволікі мне гаварылі, а ня толькі прыхільнікі-сябры. Але — што зробіш? Ну такой бяды. Як пісаў Маякоўскі: «Сочтемся славою, ведь мы свои же люди...»
Калі Закон аб назьве дзяржавы (Рэспубліка Беларусь) прайшоў лёгка, бяз спрэчак, то за два другія іх ініцыятарам прыйшлося пазмагацца. Зноў жа хачу адзначыць стойкасьць у гэтым змаганьні дэпутатаў ад апазіцыі. А яшчэ павінен асобна вылучыць выступленьне прэзідэнта Акадэміі Навук У. П. Платонава і выступленьне Г. С. Таразевіча. Прамова У. Платонава, з пераканаўчымі гістарычнымі даведкамі, падрыхтаванымі ў Інстытуце гісторыі, несумненна паўплывала на пазіцыю і настрой дэпутатаў. Гэтаксама і нечакана «нацыянальна-дэмакратычнае» выступленьне Г. Таразевіча, якога хлопцы з апазіцыі ўпрасілі падтрымаць нас. Ну а галоўнае — памагла агульная палітычная сітуацыя ў Саюзе ССР: месяц назад адбыліся жнівеньскія падзеі ў Маскве, путч праваліўся, і хоць бадай ніхто яшчэ тады ў нашай зале не прадбачыў, што так недалёка засталося да «Віскулёў», — сама агульная атмасфера гаварыла, што ўсё ідзе да гэтага, што з ідэяй выратавальнай Нова-Агароўскай сустрэчы М. С. Гарбачоў, напэўна, спазьніўся.