Выбрать главу

Вось такі ліст. Адзін з соцень. Вось такі крык болю, трывогі, роспачы. «Нешта трэба рабіць!» Што — нешта? Адказ — тут жа, у лісьце гэтага мужнага, сумленнага чалавека. «Трэба ўзяць у беларускія рукі...» Так, толькі так, толькі такім чынам: уладу — і ў цэнтры, у Менску, і па ўсёй рэспубліцы — трэба ўзяць у «беларускія рукі». Калі самі станем у сваім доме гаспадарамі — тады і скінем з сябе шматвекавое пракляцьце. Спынім і русіфікацыю, і ўсякі іншы гвалт, і ўсякае іншае дурноцьце.

А пакуль — ніякай эйфарыі, сябры!..

***

24 кастрычніка я выступіў на сесіі з дакладам па яшчэ адным вельмі важным законапраекце — аб сьвяточных (нерабочых) днях у Рэспубліцы Беларусь. Як вядома, у СССР гэтае пытаньне, скажам шчыра, было вырашанае ганебна — з поўнай непавагай да духоўных і культурных традыцыяў народу, да элементарных правоў чалавека. Спаконвечныя вялікія народныя сьвяты — Каляды, Вялік­дзень, Купальле афіцыйна былі пад забаронай, паколькі лічыліся рэлігійнымі. Радаўніца і Дзяды — галоўныя дні памінаньня продкаў, родных і блізкіх, забароненыя не былі, але прыпадалі не на выхадныя, і чалавек быў вымушаны ісьці на ўсякія прыніжэньні, каб ухітрыцца і зьезьдзіць праведаць родныя магілы. Ад імя Камісіі я ўнёс абгрунтаваную прапанову зрабіць у Беларусі сьвяточнымі (нерабочымі) наступныя дні: Каляды (і праваслаўныя, і каталіцкія), Вялікдзень (і праваслаўны, і каталіцкі), Радаўніцу і Дзяды, а таксама: 1-га студзеня — першы дзень Новага году, 8-га сакавіка — Дзень жанчын, 25-га сакавіка — Сьвята Рэспублікі, 1-га траўня — Сьвята працы, 9-га траўня — Дзень Перамогі, 27-га ліпеня — Дзень Незалежнасьці. А два дні сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі, 7-га і 8-га лістапада, нават не былі ўнесеныя ў законапраект. Абмеркаваньне прапановаў было бурным і доўгім — у цэлым цягнулася каля двух месяцаў, бо рашэньне ўсё не прымалася і не прымалася. Асабліва настойліва патрабавалі многія дэпутаты ўзаконіць «любімае ўсенароднае сьвята» Чырвонага Кастрычніка.

І аднак жа, як ні дзіўна, узаконенае яно не было: відаць, многія з народных абраньнікаў яшчэ пабойваліся — пад сьвежым уражаньнем ад страшнай для іх дамовы ў Віскулях — адкрыта падтрымліваць апантаных партакратаў. Хто ведае, як яно будзе? А калі тое, што здарылася — гэта «усур’ёз і надоўга», калі павароту назад чакаць марна? Праз год, а тым больш праз два, гэтай боязі ў іх ужо не было. О, як рэзка памянялася атмасфера ў авальнай зале Дома ўраду, як паднялі галаву пацярпелыя паразу ў жніўні і затым у сьнежні 1991-га! Зусім адкрыта ўзялі курс на аднаўленьне «Саюзу непарушнага» — няхай сабе і пад новай назвай — і на вяртаньне ранейшых атрыбутаў дзяржаўнай сімволікі. Пом­ню, дэпутат Качан, на адной з сесіяў, у траўні 1993-га, пачаў са мною даверлі­вую размову: «Вы, напэўна, ведаеце, што мы, камуністы ў Вярхоўным Савеце, рыхтуемся ўнесьці на разгляд сесіі пытаньне аб тым, каб вярнуць у лік сьвяточных дзён у Беларусі 7-е лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. У нас да вас вялікая просьба. Мы тады пагадзіліся апусьціць гэта сьвята ў сьпіску толькі таму, што даверыліся вам як дакладчыку, з павагі да вашага аўтарытэту. Мы вас падтрымалі — цяпер падтрымайце вы нас. У крайнім выпадку — не выступайце супроць нашае прапановы, не бярыце слова». — «Прабачце, — адказаў я, — але вы не ва ўсім мяне падтрымалі: вы не далі ўзаконіць Сьвята Рэспублікі — дзень 25-га сакавіка». — «Ну, гэта немагчыма было, каб мы, камуністы, галасавалі за сьвята БНР — гэта немагчыма...»