Так, на той сесіі на зазімку 91-га не прайшло ня толькі сьвята ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі, але і сьвята ў гонар абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. І калі першае — не тады, як ладзіліся дэпутат Качан і яго сябры, а пазьней, ужо з дапамогай начальніка дзяржавы — было ўсё ж адноўлена, і на пасьмешышча ўсяму былому Саюзу ССР, у тым ліку — на пасьмешышча Расіі, радзіме Кастрычніка, зноў сьвяткуецца ў нашай суверэннай краіне, — то другое — сьвята ў гонар 25-га сакавіка — нават не ўпамінаецца ў гэты дзень у афіцыйных сродках масавай інфармацыі.
***
8-га сьнежня 1991 году, апераджаючы жаданьні і прадчуваньні многіх паасобных грамадзянаў і цэлых народаў, адбылася вялікая гістарычная падзея: на ўрадавай дачы Віскулі ў Белавежскай пушчы кіраўнікі трох усходнеславянскіх рэспублік — Расіі (Б. Ельцын), Украіны (Л. Краўчук) і Беларусі (С. Шушкевіч) — падпісалі пагадненьне аб утварэньні СНД — Садружнасьці Незалежных Дзяржаў. З гэтага дня Дагавор 1922 году «Аб утварэньні Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік» перастаў дзейнічаць. СССР распаўся. Спыніла існаваньне вялікая савецкая імперыя, пераемніца імперыі Расейскай. Пачаўся новы адлік часу ў гісторыі пятнаццаці краінаў, «аб’яднаных сьвятлом Крамля», у тым ліку — у гісторыі Беларусі. О, як ускалыхнула гэта сэрцы і душы мільёнаў людзей, да якой грамадскай актыўнасьці пабудзіла іх, на якія творчыя жыцьцяразьбежныя памкненьні і пачынаньні натхніла! І якую палярызацыю поглядаў, настрояў і пазіцыяў парадзіла ў грамадстве, у тым ліку — у асяроддзі інтэлігенцыі! Адметнасьць гэтага працэсу палярызацыі ў Беларусі азначаецца двума момантамі. Першы: ні ў адной іншай рэспубліцы (аб Расіі размова не ідзе, зразумела) непрыняцьце Віскулёўскага Пагадненьня не было такім масавым і катэгарычным, як у Беларусі. Чаму? А таму, што Беларусь аказалася самай савецкай, самай бальшавіцкай, самай камуністычнай у СССР рэспублікай, — нават у параўнаньні з Расіяй. Другі момант: паглыбленьне расколу па нацыянальным пытаньні, па адносінах да беларускай мовы, культуры, гісторыі, сімволікі і інш. У выніку асабліва апантанага культываваньня нацыянальнага нігілізму ў Беларусі і ажыцьцяўленьня палітыкі лінгвацыду, вельмі многія абарыгены рэспублікі ўжо звыкліся з непазьбежнай асіміляцыяй, з растварэньнем у расейскім катле ці — «у новай гістарычнай супольнасьці — адзіным савецкім народзе», і цяпер, пасьля Віскулёў, іх нават ахапіў страх: дык а як жа будзе? Без Масквы? Без Крамля? Самі сабой будзем жыць і ладзіць сваю гаспадарку? Будзем суверэннай незалежнай дзяржавай? І ў грамадскім жыцьці пачне панаваць свая беларуская мова — як польская ў Польшчы?.. І сталі прыслухоўвацца і вычэкваць: ці не гучаць дзе галасы нязгоды, ці не падымаецца супраціў? А тады і самі заварушыліся і падаліся на ўспамогу зацятым ворагам нашай незалежнасьці. На шчасьце, беларусы маладога і зусім маладога ўзросту, якіх не магла зачапіць сталіншчына і толькі ледзь-ледзь захапіла брэжнеўшчына, якія за гады Перабудовы пасьпелі сёе-тое вельмі істотнае зразумець, хутка, каб не сказаць «імгненна», адгукнуліся душой і сэрцам на тое, што адбылося, чаго сьвядома ці падсьвядома чакалі. І менавіта яны асабліва горача пайшлі на абарону падоранай лёсам свабоды, пачалі гуртаваць сілы, каб не дапусьціць рэстаўрацыі мінулага. Вядома, у маладых былі аўтарытэтныя настаўнікі, дасьведчаныя ідэолагі, выпрабаваныя ў бяскроўных паядынках з нялюдскім рэжымам старэйшыя таварышы. Шмат-шмат разоў бачыў я і тых, і другіх разам у рашучых вулічных калонах, у шэсьцях пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, чуў іх на людных мітынгах на плошчах, дзе і сам не аднойчы браў слова, і кожны раз радасна-трывожна заходзілася сэрца: радасна — бо ніколі раней такога ня бачыў і ня чуў, трывожна — бо не-не і працінала думка: няўжо ня выстаім і не пераможам злыдняў канчаткова, няўжо гэтыя тысячы натхнёных прамяністых вачэй прыцьмеюць і пацягнуцца холадам зьняверу?
Які тады, напярэдадні і ў першыя тыдні па абвяшчэньні незалежнасьці, панаваў энтузіястычны настрой у душах патрыётаў Беларусі! У Менску амаль кожны дзень перад Домам ураду, дзе працаваў Вярхоўны Савет, зьбіраўся вялізны натоўп — са сьцягамі і транспарантамі, выбухова ўспыхвалі раз за разам мітынгі, гучалі заклікі і пракламацыі. А якія лісты пайшлі ў Вярхоўны Савет, у тым ліку і ў нашую Камісію! «Няхай жыве Беларусь! Гэтак хораша зрабілася ў мяне на сэрцы, аж я заплакаў, калі пачуў з трыбуны Вярхоўнага Савету: «Няхай жыве Беларусь!»