Беларусізацыя несла выдатныя плёны, асабліва відочныя ў сферы школьнай адукацыі. Імкліва нарастала з кожным годам колькасьць першых класаў з беларускай мовай навучаньня і выхаваньня. У многіх гарадах гэта лічба к 1994 году паднялася да 60-ці, 70-ці і нават да 73 працэнтаў (г. Гомель). Колькі выявілася выдатных педагогаў-патрыётаў, у тым ліку і сярод загадчыкаў РАНА ці ГарАНА, апантаных жаданьнем распаліць у бацькоўскім кутку агмень роднага слова — ды па ўсім раёне, ды па ўсёй вобласьці! Якая ж гэта магутная сіла — матчын дар, калі ён свабодна, на ўсё дыханьне прагаворыць у чалавеку! Як ён прыцягвае блізкіх табе крэўна і па духу людзей, як гуртуе і аб’ядноўвае!
Такі настрой апаноўваў мною ў тыя першыя гады дзяржаўнага станаўленьня суверэннай Беларусі часта. Але ня менш часта, а чым далей — то ўсё часьцей, пранікаў у душу і цяжкі атрутны подых непрыязьні, варожасьці, далакопства. Я сачыў за падзеямі ў Расіі і ў суседніх, ужо незалежных, краінах, прыглядаўся і прыслухоўваўся да таго, што адбываеццпа і што гаворыцца ў авальнай зале Дома Ураду. І трывога ў душы ўсё больш нарастала. Адчуваў, усім нутром адчуваў: у грамадстве, перш за ўсё ў незьлічонай масе чыноўніцтва, амаль спрэс у асяроддзі вайсковых пенсіянераў, ды і сярод інтэлігенцыі, асабліва негуманітарнай, шырацца і мацнеюць антыбеларускія настроі. Варожыя нашаму нацыянальна-дзяржаўнаму адраджэньню сілы яўна ўзялі курс на рэстаўрацыю Саюзу ССР, на аднаўленьне імпершчыны з усімі непазьбежнымі пасьледкамі: загнаньнем у рэзервацыю беларускай мовы, канчатковай расправаю з беларускай школай, поўным абезаблічваньнем беларускай нацыянальнай культуры, заглушэньнем і забіцьцём гістарычнай памяці народу.
На сесіях, пры абмеркаваньні законапраектаў аб адукацыі, аб культуры, аб СМІ, аб бюджэце і іншых, многія слугі народу адкрыта патрабуюць перагледзець і ператрэсьці Закон аб мовах: «Трэба неадкладна надаць статус дзяржаўнай таксама і рускай мове!» У гэтым хоры цьвёрдасьцю голасу вылучаюцца генерал Сарокін і генерал Гетц, не ўступаюць ім і арапістыя, гарластыя партакраты, — і прыезджыя, аселыя, прырослыя, і «тутэйшыя», сваёй гадоўлі. Колькі хапае сілаў вяду з гэтым гвалтам змаганьне. Змагаюся ў зале — з трыбуны і ад мікрафону, змагаюся ў друку — ня менш двух артыкулаў за месяц публікую ў газетах, — спрачаюся, абвяргаю, тлумачу, даказваю, заклікаю ня верыць фальшыўцам і запраданцам. Змагаюся з гэтым антыбеларускім курсам на сустрэчах з чытачамі, у Дамах культуры, у студэнцкіх і школьных аўдыторыях. Добрыя людзі бачаць і падтрымліваюць. Лісты ўдзячнасьці ідуць і ідуць, а неяк па радыё (7.XII.1992) у выступленьні настаўніцы адной менскай школы прагучаў такі кароценькі вершык:
Думкі аб роднай мове.
Чаму ніхто ў нас не разумее,
Што родная мова, напэўна, памрэ,
Што ўжо ён апошні — праўдзівы Гілевіч
Дзёрн нашых сэрцаў дарэмна арэ.
Крык роспачы. І апошні... «...дарэмна арэ!» Гэта ўжо не падтрымка, канешне, гэта — голас тых, даведзеных да зьнявер’я, якія самі маюць пільную патрэбу ў падтрымцы, якім я ўвесь час, амаль нязмоўчна, адрасую свой кліч, сваю просьбу: «Не падайце духам! Не складайце ў бясьсільлі рук! Што хочаце — толькі не песімізм! Ніхто з нас ня мае права — апускаць бездапаможна крылы!.. Змагацца трэба, дарагія сябры! Трэба выстаяць і перамагчы!...»
***
Нечакана-неспадзявана ў падмогу імпершавіністычным антыбеларускім сілам выступіла група асобаў з грамадскага культурнага аб’яднаньня «Полісьсе». Ня ўсё аб’яднаньне, падкрэсьліваю, а група асобаў. Яшчэ ў канцы 80-х у друку пачала мусіравана праводзіцца ідэя, што насельніцтва паўднёва-заходняга (Пінска-Брэсцкага) Палесься ёсьць асобны этнас, асобны народ — яцьвягі, і ён павінен дабівацца як мінімум нацыянальнай аўтаноміі ў складзе Беларусі, а яшчэ лепш — дзяржаўнай незалежнасьці. Страшная, скажам шчыра, ідэя! Вельмі страшная! Мне гэта стала зразумела адразу ж, з першага ж азнаямленьня з заявамі сепаратыстаў. Ды і што тут было не зразумець! Цытую артыкул аднаго з самых зацятых і ваяўнічых праваднікоў ідэі «яцьвяжскай» адасобленасьці М. Шаляговіча: «Если же белорусы окажутся не готовыми к разделу политической власти, то БССР сегодняшняя может быть расчленена на три части: Полесье отойдёт к Украине, а Западная Белоруссия к Польше... Шанс «шчырых» белорусов — только в конфедерации или федерации с полешуками.» Вось так! Такі прагноз, такая ультыматыўная пагроза. Падзяліся, Беларусь, дзяржаўнай уладай! Іначай — раскол, расчляненьне краіны. Відочная палітычная правакацыя. А пачалося ня з гэтага, а з патрабаваньня прызнаць паўднёва-заходні палескі дыялект асобнай мовай — яцьвяжскай, з правам узаконенай літаратурнай нормы (школа, выданьне газетаў, кніг і г. д.). Ад недасьведчаных, між іншым, хавалася, што даўно адмерлае племя яцьвягаў было не славянскае, а належала да балтыйскай групы этнасаў, і мова яго, вядома, уваходзіла ў сям’ю моў балтыйскіх. Небясьпечная правакацыйная задума, падтрыманая некаторымі навукоўцамі і журналістамі, выклікала ў маёй душы абурэньне. Ужо ў лютым 1992-га я апублікаваў у «Народнай газеце» адкрыты ліст дэпутатам Пінскага гарсавету пад назвай «Спыніць замах на адзінства і цэласнасьць Беларусі!» Пасьля, на працягу ўсяго году, быў вымушаны яшчэ неаднойчы даваць публічную — праз друк — водпаведзь правакатарам-сепаратыстам, якія паставілі мэтай «разбурыць гістарычна замацаванае — за доўгія стагоддзі — адзінства беларускага народу і Беларусі». У канцы году і Рада ТБМ апублікавала з гэтай нагоды вельмі сур’ёзную заяву — зварот да грамадзянаў Беларусі «Ня трэба хітрыць і разьлічваць на наіўных!», у якім выкрывала глыбока замаскаваную палітыку крамлёўскіх імпершавіністаў («разделяй и властвуй»): расколем з дапамогай запраданцаў-янычараў Беларусь — лягчэй у нестабільнай сітуацыі, разарваную па кавалках, праглынем яе. Праз год з гакам «яцьвяжскія» воі супакоіліся і замоўклі. Гэта не азначала, вядома, што супакоіліся іх ваяводы, іх натхняльнікі і стратэгі.