Выбрать главу

Гэта было маё першае і апошняе старшыняваньне ў Камітэце па Дзяржаўных прэміях. Ведаючы, што за 1994 год указ аб лаўрэатах ужо будзе падпісваць новасьпечаны пан начальнік дзяржавы — я загадзя падаў у адстаўку. Хоць толькі адзін раз віншаваў лаўрэатаў у якасьці старшыні Камітэту, але з чыстай радасьцю, бо званьне атрымалі годныя. Прэмію імя Янкі Купалы — Сяргей Законьні­каў і Алесь Звонак (на 86-ым годзе, вязень ГУЛАГу, уважыць паэта раней не дадумаліся!); прэмію імя Якуба Коласа — Сяргей Грахоўскі, Алесь Жук і Васіль Сёмуха; прэмію імя Кастуся Каліноўскага — Мікола Ермаловіч; за творы для дзяцей — Яраслаў Пархута; у галіне тэатральнага мастацтва — М. Пінігін, В.Манаеў, У. Кур’ян і У. Кін-Камінскі за сьпектакль «Тутэйшыя»; а яшчэ славутыя мастакі Э. Агуновіч і М. Селяшчук... Але было і тое, аб чым дагэтуль успамінаю са шкадаваньнем: Камітэт адхіліў дакументальны фільм кінарэжысёра В. Дашука. Мой грэх у тым, што паддаўся думцы многіх, якія даказвалі, што гэта ня лепшы твор таленавітага аўтара.

***

Бачачы ашалелае супраціўленьне асімілятараў-русіфікатараў курсу на нацыя­нальна-культурнае адраджэньне Беларусі, найперш — курсу на пашырэньне ў грамадскім ужытку беларускай мовы, нашая Камісія, сумесна з сакратарыятам ТБМ, прыняла рашэньне заклікаць патрыётаў Беларусі выступіць у абарону роднай мовы, а менавіта — падаць свой голас лістом ці тэлеграмай у Вярхоўны Савет. Водгук грамадскасьці перавысіў нашыя спадзяваньні: кожны дзень пош­та пачала прыносіць дзясяткі лістоў і тэлеграмаў. Ды якіх палымяных, якіх зьмястоўных, разумных, пераканаўчых! Сама сабою набегла думка — выдаць іх брашурай, ладным накладам, каб і кожнаму дэпутату даць — так бы мовіць, для «патрыятычнага выхаваньня», і пусьціць у продаж праз кнігарні. Укладаньне і напісаньне прадмовы было даручанае старшыні Камісіі. Летам 1993-га брашура пад назвай «Голас народа — голас божы» была аддрукаваная накладам 10 тысячаў асобнікаў. Але лісты і тэлеграмы ў Вярхоўны Савет працягвалі ісьці — і праз колькі месяцаў я склаў з іх яшчэ адну кніжыцу — пад назвай «Мы не просім — мы патрабуем!..» Яна выйшла ў сьвет накладам 5 тысячаў асобнікаў ужо ў наступным, 1994-м годзе, у канцы лютага, якраз перад прыняцьцем Канстытуцыі з артыкулам аб статусе беларускай мовы. У абедзьвюх брашурах зьмешчана больш за 200 лістоў і тэлеграмаў. Гэта была сапраўдная народная публіцыстыка, чытаць якую без хваляваньня немагчыма — столькі ў ёй неспакою, трывогі, болю, пратэсту, надзеяў і спадзяваньняў. І мне здавалася, што гэтага балючага і гнеўнага голасу народу не перакрые і не заглушыць ніхто, што яго абавязкова пачуюць і паслухаюцца, бо пабаяцца не паслухацца і з’ігнараваць. Складаючы гэтыя кніжачкі, я радаваўся і ганарыўся нашым народам, да спазмаў у горле — ганарыўся, і быў упэўнены ў незваротнасьці працэсу адраджэньня, і ў прадмоўцы «Сведчанне волі народа» узьнёсла пісаў: «...Тое, што здарылася ў 30-я, калі спроба беларускага нацыянальнага адраджэньня была бязьлітасна задушана, цяпер не паўторыцца. На гэты раз беларускі народ свой гістарычны шанц ня ўпусьціць. Яго душа высьпела, а воля дастаткова падужэла. Красамоўнае сьведчаньне гэтага — сотні пісем і тэлеграм выбаршчыкаў у Вярхоўны Савет Беларусі...»