Выбрать главу

Так: іначай тады думаць не хацелася. Волю народу, які пасьпеў уздыхнуць свабодна, зламаць ня ўдасца! Хоць да канчатковай перамогі яшчэ, на жаль, далёка. Ворагі беларушчыны яшчэ зусім не зьбіраюцца «скласьці зброю». О, не!

На пачатку 1994-га ў зале пасяджэньняў Вярхоўнага Савету меў месца адзін нязначны, але цікавы і паказальны эпізод. Ідучы раніцой да свайго месца ў зале, я ўбачыў, што на многіх крэслах ляжыць невялікі, на чвэрць аркуша, лісток. І на маім крэсьле — таксама. Падумаў: нешта афіцыйнае, з Сакратарыяту. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі на лістку я ўбачыў свой верш «Пакуль ня позна», два дні назад апублікаваны ў «Народнай газеце». Верш акуратна, без памылак, перадрукаваны на машынцы і памножаны на ксераксе. Вось яго апошнія дзьве страфы:

Ці, звыкшы несьці крыж пакутны,

Мы так і будзем жыць-цярпець,

Пакуль наш дух, калісь магутны,

Не перастане нават тлець?

Дык не маўчыце ж! Станьце грозна

Жывой сьцяной, у поўны рост —

І рушце ўсе, пакуль ня позна,

За вольны край, за новы лёс!

Пад вершам было дадрукавана: «Дык вось хто падбухторвае народ!» Прачытаў — і ўсьміхнуўся. «Ну, хай будзе — «падбухторвае». Хоць дакладней — я за­клікаю. І ня першы раз. І буду заклікаць, панове-таварышы, буду! Маўчаць, шаноўныя, ня маю права.»

Прадметам абмеркаваньня ў зале эпізод ня стаў, на трыбуну з гэтай прычыны ніхто ня вылез. Ініцыятары зразумелі: ім жа нявыгадна.

***

У Вярхоўным Савеце тым часам абазначыліся дзьве галоўныя кропкі прыкладаньня сілаў, яны ж — і дзьве галоўныя інтрыгі. Першая — падрыхтоўка новай Канстытуцыі, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая павінна заканадаўча замацаваць вялікія гістарычныя заваёвы беларускага народу. Другая — падрыхтоўка «дварцовага перавароту». Паглыбленьне і абвастрэньне процістаяньня патрыётаў-дэмакратаў, непахісных незалежнікаў на чале са сьпікерам С. Шушкеві­чам і — рэваншыстаў-эсэсэсэрнікаў, апантаных інтэгратараў на чале з прэм’ерам ураду В. Кебічам уступіла ў стадыю адкрытай варажнечы. Вось такія дзьве «падрыхтоўкі», фармальна — нібыта дзьве «паралельныя прамыя», а насамрэч — зусім па-жывому сплеценыя і ўзьвязаныя між сабой. Спачатку — пра гэтую другую інтрыгу, пра курс на «дзяржаўны пераварот».

Радкі з «Дзёньніка»:

(15.9.1993): «Цэлы дзень «празасядаў» на Прэзідыуме. Абстаноўка напальваецца. Дзьве хвіліны гаварыў і я. «Агульную рублёвую зону» і «агульную грашовую сістэму» безагаворачна кваліфікаваў як першы крок да ліквідацыі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі — прычым такі крок, пасьля якога ўжо ніякіх ілюзіяў не застанецца. Гаварыў гэта пры мёртвай цішыні ў зале. «Што мы робім выгляд, быццам не разумеем, што гэта значыць?! — з гэтага пытаньня пачаў, ім жа і закончыў». (Праз дзясятак гадоў С. А. Багданкевіч па радыё «Свабода» скажа: «Адзін Ніл Гілевіч змагаўся за беларускі талер».)

(16.9.1993): «Сітуацыя ў Расіі разьвіваецца вельмі нядобра, і падобна на тое, што яе ўжо мірным шляхам не адрэгуляваць.

Заходзіў Вярцінскі. Гаварылі пра гэтак званы Зьезд народу Беларусі, пра абвастрэньне становішча ў Беларусі, пра нападкі на Шушкевіча, пра здрадніцкую пазіцыю Ураду».

(18.9.1993): «Слухаў раніцой па радыё частку выступленьня Шушкевіча — яго водпаведзі Кебічу. Малайчына! (...) Ну, а ўвогуле — пачалося! Такой пікіроўкі паміж Ш. і К. яшчэ не было.

У Беларусі нарастае... дзяржаўны пераварот. Не сумняваюся, што дзеля гэтага «Саюз афіцэраў Беларусі» аб’явіў сябе палітычнай арганізацыяй (да сёньня быў дабрачынна-грамадскай)».

Пераварот адбыўся 26 студзеня 1994 году. Без удзелу Саюза афіцэраў. С.С.Шушкевіча скінулі з пасады Старшыні Вярхоўнага Савету — вышэйшай дзяржаўнай пасады ў Беларусі — дэпутаты, — тыя самыя, што ў свой час яго і выбралі. В. Кебіч з хаўрусьнікамі ў дэпутацкім корпусе арганізаваў механізм перавароту найлепшым чынам: сказаў паставіць на галасаваньне, на прадмет аказаньня ці не аказаньня даверу — дзьве кандыдатуры: і яго, і Шушкевіча, наперад ведаючы (падлічылі, папрацавалі), што Шушкевіч «праваліцца», а ён — пройдзе. Так і сталася. Такая была расстаноўка сілаў у авальнай зале. Будзем помніць, дарэчы, што супроць Шушкевіча былі і многія дэмакраты, не маглі яму дараваць зрыў рэферэндуму ў 1992 годзе, мэтай якога было правядзеньне новых, поўнасьцю дэмакратычных, выбараў у Вярхоўны Савет. Праўда, не зразумела, на што цяпер дэмакраты разьлічвалі: што замест Шушкевіча сьпікерам выберуць каго-небудзь з іх? Але ж гэта — звышнаіўнасьць!.. Бясьпечна, вельмі бясьпечна паставіўся Станіслаў Станіслававіч да той інфармацыі аб блізкім перавароце, якою валодаў. У яго быў час, былі магчымасьці не дапусьціць вынясеньня на сесію пытаньня аб даверы, для чаго трэба было здорава папрацаваць з людзьмі, з дэпутатамі, з міністрамі, а ён, падобна, махнуў рукой — маўляў: марныя іх намаганьні. Ад празьмернай самаўпэўненасьці, ці што?