Выбрать главу

***

Адразу ж па вызваленьні, летам 1944-га, у Слабадзе аднавіўся калгас. А хадзілі чуткі, яшчэ перад прыходам «нашых», і ў многіх былі спадзяваньні, што пасьля вайны калгасаў ужо ня будзе, так усё і застанецца, як зрабілі пры немцах — аднаасобнае гаспадараньне. Але — сабралі агульны сход, прама на вуліцы, пад вербамі Ваўчковых, выступіў «прадстаўнік» з раёну, пакрычалі бабы, пабурчалі дзяды і — аднавілі. Пры пяці, а можа, і сямі конях, якія зноў аб’ядналіся ў калгасны табун і сталі галоўнай цягавай сілай у гаспадарцы. Галоўнай, а не адзінай, бо з гэтага часу пачнуць цягаць плуг і людзі, а дакладней — бабы і падлеткі,— на сваіх сядзібах, вядома. І доўга будуць цягаць, доўга,— і плуг, і барану, і дровы з лесу на калёсцах, і сена ў посьцілках за плячыма...

Нас, дзяцей і падлеткаў, больш усхвалявала навіна, што з 1-га верасьня мы зноў будзем хадзіць у школу, будзем вучыцца. Пры гэтым было сказана, што вучоба пад акупацыяй у залік не бярэцца, сапраўднай ня лічыцца, і калі, напрыклад, я да вайны скончыў тры класы, то цяпер мушу ісьці ў чацьвёрты, хоць у чацьвёртым я ўжо быў першай зімою пад немцамі. I яшчэ навіна, якая школьнікаў таксама засмуціла: у Слабадзе школа будзе толькі пачатковая, сямігодкі, як да вайны, ня будзе, бо нават і для пачатковай памяшканьня няма. Усе тры будынкі нашай Слабодскай школы,— адзін зусім новы, пастаўлены перад самай вайной, а два яшчэ дарэвалюцыйныя, але такой моцы, што маглі б стаяць сто гадоў,— восеньню сорак трэцяга партызаны разбурылі, раскідалі і перавезьлі ўсе бярвеньні, кроквы, дошкі і гантовыя дахі ў лес — сабе на хаты і зямлянкі. Старых пуняў, такоў, асецяў у абязьлю­дзелых вёсках, каб зрабіць сабе часовае жыльлё, ім не хапала, дык зруйнавалі, зьнішчылі тры школьныя будынкі! Менш чым за год да вызваленьня. Ведаючы, што сыдзе з гэтай зямлі вайна і дзецям будзе трэба вучыцца. Якая мудрасьць бальшавіцкай (савецка-партызанскай) улады, які клопат пра будучыню народа! А без іроніі — якая страшная непераможная корць руйнаваць, разбураць, нішчыць!.. Помню, аж жутка было глядзець, як не паддаваўся, не хацеў разбурацца той з трох школьных будынкаў, у якім за царскім часам была валасная управа,— як магутна-дбайна былі змацаваны яго сьцены, і столь, і падлога, і ьвушакі, і асады вокнаў!.. Ай, колькі б ён яшчэ паслужыў асьвеце беларускіх дзетак!

Бліжэйшая сямігодка будзе, сказала начальства, у суседняй Гайне. Хоць вялікі тыповы школьны будынак, таксама зусім новы, партызаны зьнішчылі і там (спалілі), але засталіся два колішнія, ужо і моцна аселыя і скрыўленыя, папоўскія дамы,— вось у іх і будзе месьціцца сямігадовая школа. Туды будуць хадзіць падлеткі і са Слабады і з усіх навакольных вёсак. (Неўзабаве высьветліцца, што хадзіць няма каму — усе шухнулі, ратуючыся ад голаду і галечы, у Менск: хлапчукі — пераважна ў «фабзайцы», у «пэтэвушнікі», дзяўчаткі — у нянькі, у домработніцы.).

Загад ёсьць загад, і першага верасьня я, маючы трынаццаць гадоў, пайшоў у чацьвёрты клас. Пахадзіў роўна месяц, і ці то прыйшло якое ўдакладненьне да загаду, ці ў саміх органах асьветы спахапіліся, але стала вядома, што той год вучобы пад немцамі можна ўсё-такі залічваць,— у выніку я стаў вучнем 5-га класу Гаенскай (цяпер пішуць Гайненскай) сямігодкі.

Вучыцца было цяжка. Па-першае, страшэнная беднасьць: холад і голад. Адзетку-абутку няма, есьці — як калі давядзецца, найчасьцей унадгаладзь. Па-другое, падручнікаў няма, сшыткаў няма (пішам і рашаем задачы на газетах), нават чарніла няма (пішам бурачковым). Школьная мэбля — грубыя негабляваныя ўслоны і зьбітыя з дошак «козлы», за якімі сядзім. Ды і з памяшканьнямі нявыкрутка: тых двух папоўскіх дамоў не хапіла, і наш пяты клас увесь год правучыўся ў звычайнай вясковай хаце, гаспадары якое, двое старых, вярнуліся з Германіі, з катаргі, і туліліся ў першай палавіне. Па-трэцяе, да школы ў Гайне ад нашага дому добрыя дзьве вярсты, а то і з гакам, і хадзіць туды і назад завейнай зімою, або па асеньнім дажджы, або напрадвесьні разводдзем, у тым адзетку-абутку,— гэта таксама давалася ў знакі.

Была і яшчэ адна акалічнасьць, ужо іншага парадку, якая прымушае ўспамінаць нашу тагачасную школу з жалем і сумам, і — з крыўдай на нашу агульную долю беларускую і са шкадаваньнем усяго нашага пакаленьня. Маю на ўвазе прафесійную педагагічную кваліфікацыю тых, хто нас вучыў,— настаўнікаў. Добрыя, мілыя, клапатлівыя людзі, і стараліся, як мага, але... за выняткам двух-трох чалавек — нават сярэдняй педагагічнай адукацыі ня мелі, у некаторых за плячыма — адзін-два курсы даваеннага педвучылішча або наогул дзевяць класаў даваеннай школы і дакумент аб тым, што «паступіла на завочнае аддзяленьне педвучылішча». І гэта — пры амаль поўнай адсутнасьці падручнікаў, дапаможнай вучэбна-метадычнай літаратуры і кніг для чытаньня, для самаадукацыі па тым ці іншым прадмеце. А пасьля... праз шмат гадоў пасьля, слабасьць базавай школьнай падрыхтоўкі тысячаў беларускіх падлеткаў ваеннай пары будзе непапраўна сказвацца на ўзроўні іх агульнай адукаванасьці, начытанасьці і дасьведчанасьці, на іх інтэлектуальнай разьвітасьці. Мы будзем імкнуцца дагнаць тых, каму пашанцавала больш, хто ўсе гады ваеннага ліхалецьця і пасьля вайны вучыўся ў нармальных умовах, неабмежавана карыстаўся бібліятэкамі, хадзіў у кіно, а ў гарадах — і ў тэатр, і на сімфанічныя канцэрты, і ў дамы піянераў і г. д. Будзем старацца навярстаць упушчанае і — на жаль, на жаль! — дзесьці, у чымсьці так ніколі і не навярстаем. Бо так і не прачытаем, выбыўшы з адпаведнага ўзросту, тое, што чытаецца ў дзесяць-пятнаццаць гадоў, у самую-самую азартную чытацкую пару. Горкія, балючыя прабелы застануцца на ўсё жыцьцё і будуць — неаднойчы — ставіць нас у ніякаватае становішча, прымусяць, без віны вінаватых, перажыць пачуцьцё сораму. І мы так запозьнена будзем даходзіць да некаторых элементарных ісьцін. А маладыя паэты і пісьменьнікі, з бяспрэчнымі прыроднымі задаткамі, будуць так доўга дабірацца да свайго, прадвызначанага Усявышнім, узроўню пісьма, літаратурнага майстэрства. Гэтая трагедыя творчых асобаў з ліку падлеткаў і дзяцей вайны была бязьлітасна ўзмоцнена — у пару студэнцкай іх маладосьці — тым, што ўсе грамадскія навукі, якія ім выкладаліся ў інстытутах і універсітэце, знаходзіліся ў сьмяротных цісках дагматызму, партыйнай заідэалагізаванасьці, вульгарна-сацыялагічных канцэпцыяў. Пераадолець некаторыя пастулаты тых няслушных і фальшывых канцэпцыяў аказалася для многіх з нас неймаверна цяжка і, можа быць, да канца вызваліцца ад іх ня ўсім удалося.