Выбрать главу

Адразу ж, як «зьедзены» Шушкевіч (можна ўявіць яго настрой) схапіў машыну і паехаў дадому, у пакоі за сьцяной сабраўся Прэзідыум — каб тэрмінова падабраць кандыдатуру на пасаду Старшыні ВС і прапанаваць зале на зацьвярджэньне. Пачалі па-парадку, па кругу, як сядзелі, апытваць: «Вашая прапанова?» Я быў ці не другім у гэтым крузе і замест адказу спытаў: «Можа, спачатку абмяркуем, як гэта здарылася, чаму мы дапусьцілі, каб так неразумна застацца без старшыні?» Было паўхвіліны маўчаньня. Ухмылак на тварах ня бачыў, але адчуваў іх. Знайшоў у каго спытаць. Гэта было маўчаньне змоўшчыкаў-пераможцаў. А затым разважлівы генерал Грыб сказаў: «Ну, здарылася, дык здарылася, назад ужо не адробіш. Трэба выбіраць новага...» Было бачна: ніхто ні трохі не засмучаны тым, што адбылося. Радасьці не выказвалі, але і засмучэньня ці разгубленасьці — ні знаку. Значыць, гэтага чакалі, ведалі, што так будзе (можа, і ня ўсе, але бальшыня — напэўна). Бальшыні Шушкевіч не падабаўся. Ня з іх гурту, не з партыйна-савецкай наменклатуры. Прафесар, навуковец, а галоўнае — нацыяналіст, да таго ж — гне і верне на Захад, з Клінтанам сябраваць хоча. Во — толькі што ў Беларусь прыцягнуў, без нашае згоды. Удумацца: прэзідэнт ЗША ў Беларусі — бяз згоды Крамля! Ну не! Гэткі Старшыня ВС нам не патрэбен!..

Праз колькі дзён на пасаду сьпікера была прапанаваная зале кандыдатура генерала міліцыі М. І. Грыба. Прайшоў, як па масле!..

***

Пасьля гэтага ВС і яго Прэзідыум ушчыльную заняліся Канстытуцыяй — з разьлікам, што да 15-га сакавіка яна павінна быць прынятая. Фактычна тэкст новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь быў гатовы, рабіліся апошнія ўдакладненьні. Галоўнымі ў новым асноўным Законе краіны былі тры сапраўды новыя і архіважныя, лёсавызначальныя палажэньні: 1) дзяржаўная незалежнасьць, 2) дзяржаўная мова (адна ці дзьве?), 3) прэзідэнцкая форма кіраваньня. Калі на сесіі пачалося паартыкульнае абмеркаваньне і галасаваньне — артыкул аб поўнай дзяржаўнай самастойнасьці і незалежнасьці Беларусі пярэчаньняў ня выклікаў (Артыкул 1).

Артыкул 17 — аб дзяржаўнай мове Рэспублікі Беларусь — абмяркоўваўся і прымаўся пры надзвычайным процістаяньні поглядаў і пазіцыяў. Шанц адстаяць беларускую мову ў якасьці адзінай дзяржаўнай з кожнай хвілінай зьмяншаўся і зьмяншаўся, і нарэшце ўсё завісла на валасінцы: перамагала «двухмоўе», — перамагала агідная, сьляпая Вандэя. Канстытуцыйная Камісія не прыдумала нічога лепшага, як зусім зьняць артыкул аб дзяржаўнай мове. Гэта азначала, што ў Канстытуцыі беларуская мова ня будзе ўзаконеная як адзіная дзяржаўная, што яна застанецца такой у фармаце існуючага Закону аб мовах, які заўсёды можна будзе лёгка перакантаваць на дзьве дзяржаўныя. Свой апошні зварот да дэпутатаў я пракрычаў у залу ўжо амаль ня помнячы сябе. «Народная газета» назаўтра зазначыла, што слова дэпутата Н. Гілевіча прагучала «На апошняй ноце стрыманасьці». Стэнаграма захавала гэны мой роспачны, на мяжы нярвовага зрыву, крык.

«Гілевіч Н. С. Шаноўныя дэпутаты! Нельга, калі мы не прыйшлі да згоды, адразу прымаць такое рашэньне, якое зьдзівіць цэлы сьвет. Я зьвяртаюся да ўсіх прысутных: давайце мы яшчэ раз — хоць ужо былі галасаваньні, адзін раз 204 набралі, учора менш, — і ўсё ж такі давайце вернемся да гэтага варыянту і прагаласуем яшчэ раз. Я зьвяртаюся да нашых рускіх братоў, — у гэтай зале, у дэпутацкім корпусе вас 70 чалавек. Зьвяртаюся да вас, браты нашы палякі, украінцы, яўрэі, — вас тут больш за 20. Падтрымайце вы перш за ўсё! Не бярыце грэх на душу! (...) Памажыце сёньня, у гэты гістарычны, у гэты лёсавызначальны момант нам — памажыце! Калі гэта ня будзе зроблена — гэта пасее ў краіне страшную смуту. Вы ня думайце, што маладыя беларусы, маладыя людзі прымуць гэта і зьмірацца з гэтым. Пачнецца вялікая смута на нашай зямлі! Не рабіце гэтага! (...) Я зьвяртаюся да ўсіх беларусаў, у каго з вас жыве памяць пра вёску, дзе вы нарадзіліся, пра мову вашых бацькоў. У такім разе я заклікаю вас — не галасаваць за Канстытуцыю наогул! Не галасаваць зусім за Канстытуцыю!..

Старшыня: Паважаныя народныя дэпутаты, я прашу вас супакоіцца! Я зьвяртаюся да ўсіх».

Так, сапраўды, зала наэлектрызавалася і шумела-гаманіла на ўсе галасы. Яшчэ многія бралі з месца слова ў падтрымку «адзінай дзяржаўнай беларускай» з прапановай — «ну давайце прагаласуем яшчэ раз». Сёй-той напэўна і з разьлікам: правалім і ў трэці раз, — калі ўжо дэпутат Н. Г. так хоча перагаласаваньня. Да мяне падсеў аўтарытэтны сярод дэпутатаў ад грамадскіх арганізацыяў (ад пенсіянераў) высокі кашчавы генерал Гетц і спытаў: «Ну вы хоць згодны даць рускай мове ў Беларусі статус мовы міжнацыянальных зносінаў?» Я ведаў, што ў прыбалтыйскіх дзяржавах руская мова такога статусу не атрымала, але ведаў, разумеў і тое, што мы не Прыбалтыка, і таму адказаў: «Згодзен». І дзіва дзіўнае: дэпутат-генерал сказаў некалькі слоў у падтрымку таго варыянту, які, ўрэшце рэшт, і быў запісаны ў Канстытуцыі: «Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь зьяўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забясьпечвае права свабоднага карыстаньня рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносінаў».