У маім жыцьці было некалькі сапраўды шчасьлівых дзён. Першы — калі пасьля трох гадоў нямецкай акупацыі, жыцьця пад пастаянным страхам сьмерці, я сустракаў у ліпені 1944-га «нашых» («Нашы ідуць! Гэй-гэй! Нашы ідуць!»), разумеючы, што вайну перажыў, ацалеў, не загінуў. Другі — калі ўлетку 1946-га ўбачыў у часопісе «Бярозка» свой першы надрукаваны верш. Трэці — калі ўступіў у шлюб з каханай дзяўчынай. Чацьверты — калі нарадзіўся сын. Быў і яшчэ адзін дзень — калі 26 студзеня 1990 году быў прыняты Закон аб мовах, паводле якога беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Але тады Закон прымаўся простай большасьцю галасоў у Вярхоўным Савеце, ды і сама Беларусь была яшчэ савецкай рэспублікай, а не самастойнай незалежнай дзяржавай. І вось, нарэшце, беларуская мова запісана як адзіная дзяржаўная ў Канстытуцыі суверэннай незалежнай Беларусі. Надыйшоў і гэты Доўгачаканы Вялікі дзень. Сталася самае радаснае, самае запаветнае, аб чым марылі многія пакаленьні верных сыноў і дачок Беларусі. Свая дзяржава — і свая дзяржаўная мова! Па Канстытуцыі! Па асноўным Законе краіны! Нікому больш ня кланяемся, нікога не баімося! Самі сабе гаспадары! І роднае слова таксама будзе ад гэтага часу гаспадарыць паўсюдна і скрозь — па ўсёй Беларусі! Ад гэтага часу — і на вечныя векі!..
Так пачуваўся я, выходзячы з Дому Урада, у той шчасьлівы дзень на пачатку вясны, так думалася мне, так верылася, так дыхалася. І не хацелася, аніяк не хацелася думаць і дыхаць іначай! Вядома ж, гэта быў міг узьлёту да нябёс — міг адключэньня ад рэчаіснасьці. Але калі ты маеш жывую душу і сэрца, — такі настрой доўга трываць ня можна. І ён закончыўся літаральна праз ноч, бо рэчаіснасьць мяне чакала ўжо назаўтра ж у зале. Сесія падступала да пытаньня аб прэзідэнцтве — пытаньня, якое мяне турбавала і трывожыла надзвычай. Усё ў ва мне пратэставала супроць прэзідэнцкай формы кіраваньня дзяржавай, усё падказвала, што для нас. для Беларусі, — гэта шлях пагібельны. І на двух пасяджэньнях Прэзідыуму — ужо ў апошні месяц я рашуча выказаўся супроць. Але са мной пагадзіўся адзін А. В. Сасноў, усе астатнія члены Прэзідыуму ВС як бы і не зрэагавалі — маўляў «дзівак — паэт, што ён патрабуе? Ды мы ўжо рыхтуемся віншаваць Прэзідэнта, нам ня церпіцца хутчэй падкінуць яго на руках угору, бо ён будзе наш. Мы ўжо ведаем — хто!..» Праўда, як паказаў найблізкі час, адны ведалі і зьбіраліся віншаваць аднаго, другія — зусім іншага. Адны прамахнуліся адразу ж — у дні выбараў прэзідэнта, другія — трохі пазьней, але больш драматычна і нават трагічна...
З увагі на надзвычайную важнасьць пытаньня, галасаваньне за тры разьдзелы аб прэзідэнцтве праводзілася па імянных бюлетэнях. Каб ведаць «злачынцаў» — праціўнікаў прэзідэнцкай формы кіраваньня — паімённа. Вечарам на тэлебачаньні старшыня падліковай камісіі дэпутат В. І. Ганчар абвясьціў вынікі галасаваньня. «Супраць» прагаласавалі дэпутаты апазіцыі начале з З. Пазьняком і... дэпутат Н. Гілевіч. Ганчар палічыў патрэбным даць свой высакамерна-іранічны каментар да майго «супраць». Гэта ж трэба: член Прэзідыуму, старшыня пастаяннай камісіі ВС — і такі недарэка, такі палітычна непісьменны! Ах, мілы, мілы Віктар Іосіфавіч, сумленны і мужны чалавек! Як табе хацелася, табе і некаторым тваім сябрам, каб у Беларусі быў прэзідэнт! Ды не прадстаўнічы, як у Германіі (ці як каралева ў Англіі), а надзелены ўсёй паўнатой улады кіраўнік дзяржавы. Хацеў бы я сёньня паўспамінаць з табою тыя дні, але — дзе ты?
Назаўтра супрацоўніца газеты «Наша слова» Ірына Крэнь узяла ў мяне вялікае інтэрв’ю наконт апошніх падзеяў у Вярхоўным Савеце (было апублікаванае ў нумары за 30 сакавіка).
Пытаньне: «Якія Вашы палітычныя прагнозы на бліжэйшы час? Чаго нам далей чакаць ад Вярхоўнага Савета, калі Канстытуцыя прынята цалкам?»