Адказ: «Цяпер, відавочна, будзе яшчэ прыняты закон аб прэзідэнцкіх выбарах, і з той хвіліны, як ён будзе прыняты, пачнецца барацьба за пасаду прэзідэнта. Нічога добрага ад гэтай барацьбы я не чакаю. Асабіста я супраць прэзідэнцкай формы кіраваньня, таму і не галасаваў імянным бюлетэнем за тры разьдзелы Канстытуцыі. Нам лепш мець формай дзяржаўнага кіраваньня парламент, дзе, дасьць Бог, збярэцца дастаткова сьветлых разумных галоў, якія і будуць выпрацоўваць законы, а ўрад будзе строга гэтыя законы выконваць. Баюся, што прэзідэнт у нас хутка ператворыцца ў таго «бацьку з палкай», пра якога яшчэ Аляксей Талстой у сваёй «Истории государства Российского...» пісаў, маючы на ўвазе Пятра I: «Он молвил: мне вас жалко, Вы сгинете вконец. Но у меня есть палка, И я вам всем отец!» Пры нашым узроўні культуры і грамадскай маралі атрымаць такога «бацьку з палкай» — небясьпека зусім рэальная. (...) Баюся, што ў нашай сёньняшняй сітуацыі пераможа на прэзідэнцкіх выбарах той, хто ўсю сваю прадвыбарную праграму пабудуе на сьпекуляцыі сацыяльнымі бедамі нашых людзей, на сацыяльнай дэмагогіі. Нічым так лёгка не заваюеш душу і сэрца беднага, няшчаснага паўгалоднага чалавека, як сацыяльнай дэмагогіяй. Мы ведаем гэта з гісторыі.» І далей: «Ёсьць небясьпека, што ў нас на прэзідэнцтва можа прабіцца вельмі нядобры чалавек, які ў сацыяльнай дэмагогіі стрымліваць сябе ня будзе, абяцаньняў будзе даваць шмат: «Вот давайце зломім-скрышым гэтых баламутаў-дэмакратаў, расправімся з імі канчаткова, навядзем парадак, і ўсё ў нас будзе выдатна!» А на аснове чаго будзе гэтае «выдатна»? На аснове тэрору? Калі ня будзе каму сказаць слова праўды, тады лёгка будзе здаць краіну з усімі яе багацьцямі суседняй дзяржаве».
Гэта гаварылася задоўга да вылучэньня кандыдатураў на прэзідэнта, калі ніякія імёны, апрача Кебіча, Шушкевіча і Пазьняка, яшчэ не называліся.
Праз два гады адна з беларускіх газетаў у ЗША надрукуе, а менская газета «Свабода» перадрукуе нататку пад загалоўкам «Ніл Гілевіч як у ваду глядзеў». У нататцы ўспаміналіся першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і давалася характарыстыка дзейнасьці першага ўсенародна абранага.
Пасьля прыняцьця Канстытуцыі (з разьдзеламі аб прэзідэнцтве») у Вярхоўным Савеце ўсё закруцілася ў адзін бок — насустрач прэзідэнцкім выбарам: скарэй, скарэй выбраць свайго сябра ці аднадумца начальнікам дзяржавы! Усе іншыя пытаньні законатворчасьці і жыцьцядзейнасьці дзяржаўнага арганізму як бы страцілі сваю значнасьць, актуальнасьць і на нейкі час былі адсунутыя ў цень. Пытаньні, якімі перадусім жылі я і мае паплечнікі-адзінаверцы, спадароў дэпутатаў і членаў прэзідыуму ВС не цікавілі, а тым больш не хвалявалі. Пераканаўся ў гэтым, калі рабіў (18 траўня) свой апошні ў будынку Вярхоўнага Савету даклад. Тэмай даклада было — выкананьне «Закону аб мовах у Беларускай ССР». Думалася і верылася, што замацаваньне ў новай Канстытуцыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай паслужыць моцным імпульсам для выкананьня Закону аб мовах, для больш інтэнсіўнага разгортваньня працы ў гэтым кірунку. Як ніяк, а ўсё ж ізноў, ужо ў другі раз пасьля 1990 году, асноўны Закон краіны надаў Роднаму Слову дзяржаўную годнасьць. Трэба абавязкова скарыстаць гэтую сітуацыю, гэты гістарычны шанц! Даклад я падрыхтаваў досыць грунтоўны, амаль на дваццаць старонак, з мноствам фактаў-доказаў, як кепска ажыцьцяўляецца ва ўсіх сферах і на ўсіх узроўнях Закон аб мовах, як выканаўчыя ўлады адкрыта яго ігнаруюць, фактычна ўчыняюць сабатаж, сьвядома падтрымліваюць антыбеларушчыну. Якое ж было маё расчараваньне і засмучэньне, калі я адразу ж адчуў і ўбачыў, што члены прэзідыуму мой даклад ня слухаюць — усе перашэптваюцца між сабою пра штосьці сваё, або нешта крэмзаюць у нататніках, пазіраюць на гадзіньнікі і нецярпліва ёрзаюць на крэслах, усім сваім выглядам даючы знаць: Канчай! Годзе! Нас гэта не цікавіць! Да выбараў Прэзідэнта засталося крыху больш за месяц — і трэба думаць пра гэта, а не пра беларускую мову!.. Закончыў даклад — і каб табе адно пытаньне ці хоць адна якая прапанова. Усё зразумела, усё ясна. Трыбуну пакінуў з вялікім цяжарам на душы. Пастанова па дакладу была прынята фармальная, «адпісачная». У сэнсе — напомніць Міністэрствам, Ведамствам і Выканкамам, што Закон аб мовах неабходна ажыцьцяўляць.
Нейкае нядобрае, трывожнае прадчуваньне, зарадзіўшыся, пакуль яшчэ стаяў за трыбунай і сьпяшаўся дагаварыць даклад, цяпер разрасталася ў душы, запаўняючы яе даастатку. Гэтая абыякавасьць калегаў да найбалючага, да найгалоўнага, да лёсавызначальнага — нічога ўцешнага абяцаць ня можа, і калі яе не пераадолець, калі яе не пазбыцца — нас чакае самае горшае. Бо абыякавасьць — маці паразы.