Катастрафічна неставала ў вёсцы твораў мастацкай літаратуры для чытаньня. Выпадковай кніжцы ці кніжачцы (напрыклад, з бібліятэкі «Огонька» ці «Советского воина») я радаваўся, як нейкай шчасьлівай падзеі, і перачытваў кожную неаднойчы. Неўзабаве прага чытаць друкаванае, ды яшчэ роднае, беларускае слова пачала наталяцца: у Менску аднавілася на працягу аднаго году выданьне некалькіх беларускіх газетаў і часопісаў. Адразу ж па вызваленьні пачала выходзіць «Звязда», у канцы 1944-га — часопіс «Беларусь», у 1945-м — часопісы «Полымя», «Вожык», «Бярозка», газеты «Літаратура і Мастацтва», «Чырвоная змена», «Калгасная праўда».. У Слабадзе была адчыненая чытальня, якая першы год месьцілася ў звычайнай дый недагледжанай хаце. Туды і пачалі паступаць бадай што ўсе названыя газеты і часопісы. Падпісчыкаў у вёсцы было зусім мала, і толькі на газеты; часопісаў ніхто не выпісваў. Піянерскія выданьні атрымлівала школа. У 1945-м у хату-чытальню пачалі дасылаць і першыя беларускія кніжкі. Помню іх усе, быў іх першым удзячным чытачом: «Астап» М. Лынькова, «Поўдзень» В. Віткі, «Шырокае поле вайны» М. Лужаніна, «Праз вогненны небасхіл» М. Танка, «Гарачы поўдзень» П. Панчанкі, «Крамлёўскія зоры» А. Астрэйкі...
Можа быць, чытаньне беларускіх кніг паэзіі і вершаў у часопісах і газетах нанова абудзіла ўва мне жаданьне выказаць такім жа спосабам і свае думкі-пачуцьці, а можа, проста прыйшла для гэтага пара, але ў кастрычніку 1945-га я зноў пачаў складаць «сьцішкі» (словам «верш» ніхто ў нас не карыстаўся, нават настаўнікі. «Дзеці, хто раскажа на памяць сьцішок?»). У адрозьненьне ад усіх спроб колішніх, дзіцячых, на гэты раз пачатак быў зусім іншы, «дарослы» і на «дарослыя» тэмы, а не для забавы-пацехі равесьнікам. Сьведчаньнем гэтага была і поўная таямнічасьць «творчага працэсу» (адчуваньне, што гэта вельмі тваё асабістае, амаль нешта сакральнае, ці, можа, нават грахоўнае, пра што ніхто з блізкіх і знаёмых ведаць не павінен, і тое, што першы ж верш быў пасланы мной у такую «дарослую» і сур’ёзную газету, як «Звязда». Гэта быў верш пра вяртаньне салдата-пераможца дадому, у родную вёску. Адказ з рэдакцыі прыйшоў даволі хутка, зьмест яго быў трафарэтны: у творы ёсьць асобныя неблагія радкі, але ў цэлым верш слабы, надрукаваць ня можам. І разумная парада: зьбірайце, запісвайце фальклор, народныя казкі, песьні, прыказкі і прымаўкі. Адказ, на жаль, чамусьці быў ананімны: «Літкансультант» — і бяз подпісу. Але што датычыць выказанай мне парады — дык невядомы літкансультант як у ваду глядзеў: ведаў, каму параіць. Пройдзе трохі больш за дзесяць гадоў, і зьбіраньне, і дасьледаваньне беларускага фальклору стане маёй другой прафесіяй і рабочым хлебам надзённым.