Выбрать главу

За вёрст шэсьць-сем ад Гайны ёсьць невялікая вёска Альхавец. Там, у фальварку пад гэтай жа назвай, гадаваўся вядомы вучоны-філолаг, прафесар Маскоўскага, а пасьля — Карлавага універсітэту ў Празе Яўген Ляцкі. Сваю навуковую дзейнасьць ён пачаў студэнтам са зьбіраньня народных песень Гайна-Слабадской воласьці — на радзіме, куды прыязджаў да бацькоў на канікулы. Пра гэтую яго працу я расказаў у кнізе «З клопатам пра песні народа», ня тоячы пачуцьця радасьці, што на пачатку XX ст. песенны фальклор нашага кутка быў сабраны і апублікаваны Ляцкім у акадэмічным навуковым выданьні «Известия императорской Академии наук» (1904). I вось, як гэта кажуць,— цесны сьвет. У лістападзе 1976 году госьцем БДУ быў знакаміты славенскі лінгвіст з Любляны, выхаванец Карлавага універсітэту, прафесар, акадэмік Францэ Безлай. Адзін з вечароў шаноўны госьць правёў у нашай хаце і, распавядаючы пра свае студэнцкія гады, нечакана сказаў: «Мне пашанцавала: у Карлавым універсітэце маім настаўнікам рускай мовы і літаратуры быў бліскучы прафесар Яўген Аляксандравіч Ляцкі. Шкада, у 1942 годзе ён памёр...» Як быў спачатку ўражаны я, так быў зьдзіўлены потым ён, калі я сказаў, што Ляцкі — мой зусім блізкі зямляк, з аднае воласьці родам.

У Альхаўцы нарадзілася і вырасла Алеся Смоліч, вядомая на пачатку 20-х гадоў дзяячка на ніве беларускай асьветы і культуры, жонка выдатнага вучонага-географа і аднаго з актыўных стваральнікаў БНР Аркадзя Смоліча. У канцы 60-х, пасьля пасьмяротнай рэабілітацыі Смоліча, Алеся Ігнатаўна вярнулася з сібернай ссылкі ў Менск, мы пазнаёміліся і неаднойчы падоўгу гутарылі з ёю пра нашу Гаеншчыну. Божа, з якім замілаваньнем, з якой сьвятлістай любоўю і цеплынёй успамінала яна свае дзіцячыя паходы з Альхаўца ў Гайну — у краму, каб купіць цукерак!..

Ну, а галоўны «віноўнік», чыё імя навекі ўпісала Гайну і Гаеншчыну ў гісторыю Беларусі, беларускай літаратуры і культуры — гэта наш найвялікшы змагар за шчасьлівую долю Бацькаўшчыны, апостал нацыянальнага адраджэньня, паэт-прарок Янка Купала. Да нядаўняга часу, па ўласьцівай нам нядбайнасьці, цягам многіх дзесяцігоддзяў ва ўсіх падручніках і даведніках сьцьвярджалася, што малая ра­дзіма Купалы — Вязынка, вёска на Маладзечаншчыне. Бясспрэчна, нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч у Вязынцы, каля Радашкавіч, але — колькі ён там пражыў? Некалькі месяцаў? Так, усяго некалькі месяцаў. А затым — усе яго дзіцячыя, падлеткавыя і дзецюкоўскія гады прайшлі на Лагойшчыне: у Косіне, у Прудзішчы (дакладней — хутар Жаброўшчына каля Прудзішча), у Селішчы. Пазьней, ужо будучы вядомым паэтам, месяцамі гасьцяваў у маці ў Акопах... I Прудзішча, і Селішча — вёскі Гайна-Слабадской воласьці, цэнтр якой, валасная ўправа, знаходзілася чамусьці ня ў Гайне, а ў нашай Слабадзе (па дакастрычніцкай намінацыі, у адрозьненьне ад іншых Слабод, якіх на Беларусі мноства, наша называлася Слабада Гаенская). У будынку былой валасной управы, куды напэўна неаднойчы, застаўшыся пасьля сьмерці бацькі гаспадаром, заходзіў Іван Луцэвіч, да вайны месьцілася наша Слабодская сямігодка (у нас гаварылася толькі так: Слабодская, а не Слабадская, і слабодцы, а не слабадчане). У двары, перад фасадам будынку, захоўваўся гладкі цёмнабуры гранітны пастамент, на якім да рэвалюцыі стаяў помнік расейскаму імператару Аляксандру II.

На Лагойшчыне Ясь Луцэвіч сказаў першае слова і ўвогуле пачаў гаварыць, а ў чатырнаццаць гадоў напісаў свой першы верш. На Лагойшчыне ён з дзяцінства купаўся ў стыхіі жывой народнай мовы, навек захаваўшы ў сваіх паэмах і п’есах асаблівасьці мясцовай гаворкі (нося, кося, прося, ходзя, водзя, салодзя, любя, гавора і г. д.), на Лагойшчыне ён убіраў у душу чароўныя паэтычныя скарбы народных песень, казак, легенд і паданьняў, спасьцігаў і засвойваў адметнасьці народнага побыту, звычаяў і традыцыяў, рысы нацыянальнага характару — усё, што пасьля так геніяльна выявілася ў яго творчасьці. Адным словам, можна сказаць так: калі божая душа Іван Луцэвіч прыйшоў на сьвет у Вязынцы, то паэт Янка Купала нарадзіўся, пачаўся і склаўся на Лагойшчыне. Што і засьведчыў ён сам яшчэ ў 1908 годзе ў вершы «Я ня сокал»: «А я толькі верабейка ўзрошчаны пад Гайнай».

На Лагойшчыне, у Акопах, Янка Купала напісаў усе да адной свае п’есы: і «Паўлінку», і «Раскіданае гняздо», і «Тутэйшых», і «Прымакі», паэмы «Бандароўна», «Курган», «Яна і я», каля сотні вершаў, у тым ліку, такія шэдэўры грамадзянскай і філасофскай лірыкі, як «Песьня мая», «Жняя», «За свабоду сваю», «З вячэрніх дум», «Тутэйшы», «Песьняй толькі», «Над калыскай», «А зязюлька кукавала», «За ўсё», «I прыйдзе». Там жа быў зроблены пераклад «Слова аб палку Ігаравым». Падзеі, якія мелі месца на Гаеншчыне, склалі зьмест многіх раньніх паэмаў, вершаваных апавяданьняў і вершаў Купалы, у некаторых упамінаецца сама Гайна («Адплата каханьня», «Я ня сокал», «Сват»).