У гэтым курсе літаратурнай самаадукацыі, які цалкам ішоў па-за школай, я адкрываў шмат новага і ў творчых лёсах і абліччах тых, чые імёны былі вядомы яшчэ з буквара і чытанкі, чые творы вывучаліся на ўроках літаратуры. Скажам, той жа М. Ларчанка ў артыкуле «Янка Купала — вялікі асьветнік» цытуе радкі паэта, якія я ня змог бы знайсьці ні ў адным яго выданьні 30-х гадоў — радкі вельмі і вельмі купалаўскія. А тут я іх прачытаў.
Шчасьлівы ты ці не шчасьлівы,
Будзі сыноў сваёй зямлі.
Над беларускай соннай нівай
Нязгасны сьветач распалі!
Помню, як мяне ўразіў адным момантам артыкул-успамін жонкі паэта У. Луцэвіч «Янка Купала ў Вільні». Яна згадвала нейкую вечарынку, на якой Купала «танцаваў неяк сьмешна дробненька «польку». Купала — танцаваў? Ён жа вялікі паэт! Ён жа ... Бог! Хіба багі танцуюць? Такое неразумнае дзіцячае зьдзіўленьне запыніла мяне на прачытаным. З гэтага ж успаміну У. Луцэвіч даведваюся, што Сяргей Палуян «быў самы блізкі друг Янкі Купалы». Самы блізкі друг! Той Сяргей Палуян, якому Максім Багдановіч прысьвяціў свой геніяльны трыялет «Ты быў як месяц адзінокі...» Значыць, і Багдановічу быў блізкім сябрам. А хто ён, гэты Сяргей Палуян? Як даведацца? Там жа вычытаў, што ў Вільні Купала сустракаўся са знакамітым рускім паэтам Бальмонтам і ня менш знакамітым Брусавым. Цікава! Страшна цікава! Абодва знакамітыя, а я нічога, ні радка, з іх паэзіі не чытаў.
Так адкрываў я для сябе ня толькі класікаў, але і імёны зусім новыя, маладыя, што якраз тады ўваходзілі ў беларускую літаратуру. Упершыню ўчытваўся і запамінаў: Іван Мележ, Янка Брыль, Аляксей Кулакоўскі, Мікола Лобан, Мікола Лупсякоў, Іван Шамякін, Алена Васілевіч, Кастусь Кірэенка, Аляксей Бурдзель (пазьней ён возьме сабе прозьвішча Русецкі) і інш.
Неаднойчы за апошнія чатыры дзесяцігоддзі я цытаваў пры нагодзе вялікага рускага педагога К. Ушынскага: «Язык народа — это его бессмертие». І далей: «Отнимите у народа все, и он все может воротить, но отнимите язык, и он никогда более уже не создаст его; новую родину даже может создать народ, но языка — никогда; вымер язык в устах народа — вымер и народ». Мудрае, геніяльнае выказваньне. Вялікая, непадлеглая аспрэчаньню ісьціна. І прачытаў я гэту мудрую выснову ўпершыню ў 1945 годзе, у часопісе «Беларусь», у артыкуле Міхася Судніка «Мова народа як фактар яго сілы і непераможнасьці». Аж хочацца паўтарыць: фактар яго сілы і непераможнасьці! Падкрэсьліваю: яшчэ ў 1945 годзе. Пасьля зусім недалёкіх нечуваных пагромаў беларускай нацдэмаўшчыны! У афіцыйным часопісе. Аўтар — супрацоўнік афіцыйнай навуковай установы. Пры Сталіне і яго вернападданых «сталіністых». Як жа гэта зразумець? Што за свабода слова? Што за паслабка-аддушына ў нацыянальнай палітыцы дзяржавы? А менавіта так і было: невялікая паслабка-аддушына, на якую пайшоў Крэмль у цяжкую, драматычную часіну вайны. Быў вымушаны «мудры з мудрых» часова адступіць ад жорсткай «інтэрнацыянальнай» дактрыны, каб хоць трохі задобрыць украінцаў, беларусаў, прыбалтаў і іншых насельнікаў акупаваных тэрыторыяў і не падштурхнуць іх да супрацоўніцтва з немцамі, не павялічыць сілы і маштабы калабаранцтва. Якраз тады, у 1943-1944 гадах і напісалі нашыя паэты: Броўка — пра Беларусь, пра Кастуся Каліноўскага, Максім Танк — пра родную мову, Пімен Панчанка — геніяльную нізку «Іранскі дзёньнік», усю пранізаную пяшчотнай любоўю да Маці-Беларусі. Вось з такімі радкамі:
Стаю ля Касьпійскага мора на беразе
I думкай уласнае сэрца трывожу:
Мая Беларусь, у рамонку і верасе,
Цябе не на жарты зрабіць я намерыўся
I самай багатай,
I самай прыгожай!
Але гэтая аддушына трывала зусім нядоўга — у жніўні 1946-га яна была наглуха перакрытая. Дакладам таварыша А. А. Жданава пра часопісы «Звезда» і «Ленинград», пра што гаворка наперадзе. Тут адно зазначу, што пададзеную вышэй страфу Панчанку прымусілі праз нейкі час перарабіць. Месца паэзіі заступіла штось несуразнае, банальнае, поснае: «Цябе не на жарты зрабіць я намерыўся Багатай, шчасьлівай, як песьня, прыгожай.» Як гэта кажуць: каб і хацеў горш сапсаваць — дык нельга.