Нас прывучалі і прымушалі жыць казённым аптымізмам, жыць сацыяльна-палітычнымі лозунгамі і пісаць паводле лозунгаў. Гэта станавілася тваёй «пуцяводнай зоркай» — і ў жыцьці, і ў творчасьці. Ад «пуцяводнага» дакладу т. Жданава. Ад пуцяводных дакладаў і артыкулаў ідэалагічных лідэраў літаратуры. Дурная сацыяльна-класавая дыдактыка павінна была выцясьніць у літаратуры жывое шчырае слова пісьменьніка. У сэрца паэзіі патачыўся фальш. Галоўнае — прызнаньне ў савецкім патрыятызме, у вернасьці камуністычным ідэям. Што пустата і рыторыка — не бяда, ня важна.
Так партыя, вуснамі і пёрамі літаратурных «вучыцялёў» моладзі, зьбівала з тропу, з дарогі натуральнага самавыяўленьня яшчэ зусім зялёных пачаткоўцаў. Ды хіба толькі пачаткоўцаў? Хіба менш выматвалі, круцілі-выкручвалі душу паэтам франтавога пакаленьня? Ды і жывым класікам?..
У ліпені 1947-га году мяне запрасілі на першую рэспубліканскую нараду маладых пісьменьнікаў. Было мне няпоўных шаснаццаць, я толькі закончыў сямігодку і сабраўся везьці сваё «чырвонае» пасьведчаньне ў Менскае педвучылішча, якое выбраў не таму, што надта хацеў стаць настаўнікам, а таму, што лічыў яго, можна сказаць, беларускім аналагам расейскага Царскасельскага ліцэю. З хрэстаматыйных біяграфіяў і іншых публікацыяў я ўжо ведаў, што ў Менскім педвучылішчы (у 1920-я гады — Белпедтэхнікум) выкладчыкам методыкі роднай мовы і літаратуры працаваў сам Якуб Колас, што студэнтамі гэтага «ліцэю» былі Паўлюк Трус (адзін з самых любімых тады маіх паэтаў), Пятро Глебка, Максім Лужанін, той жа Алесь Якімовіч. Паехаў у Менск на нараду і заадно павёз пасьведчаньне, пахвальны ліст і заяву-просьбу залічыць мяне студэнтам педвучылішча (дзе, вядома ж, збудзецца мая патаемная мара!).
Тады мне і ў галаву не магло прыйсьці, што ў 1921-1931 гадах, апрача названых чатырох, у Белпедтэхнікуме вучыліся яшчэ дваццаць, а можа, і больш паэтаў і пісьменьнікаў, у тым ліку Лукаш Калюга, Валеры Маракоў, Андрэй Александровіч, Сяргей Дарожны, Сяргей Астрэйка, Сьцяпан Ліхадзіеўскі, Віктар Казлоўскі, Міхась Багун, Зінаіда Бандарына, Станіслаў Шушкевіч, Антон Адамовіч, Міхась Кавыль, Уладзімір Стэльмах, Уладзімір Ляўданскі, Уладзімір Сядура, Сымон Хурсік і інш. Гэта — на працягу аднаго дзесяцігоддзя! Амаль усе яны былі ў 30-я гады арыштаваныя як удзельнікі падпольнай нацдэмаўскай арганізацыі Саюз Вызваленьня Беларусі (неіснуючай, прыдуманай у НКВД), многія былі расстраляныя, або загінулі ў канцэнтрацыйных лагерах, памерлі ў ссылцы. Сёньня ўжо можна гаварыць пра Белпедтэхнікум як пра зьяву унікальную ў гісторыі беларускай літаратуры, і, можа, калі-небудзь хто з гісторыкаў напіша працу аб гэтым. Цікава ўсё ж, чаму не універсітэту, а сярэдняй педагагічнай установе выпала такая гістарычная місія стаць агменем беларускага нацыянальнага духу, рассаднікам «нацыяналізму»... Ну, а мне ў 1947 было дастаткова ведаць, што там вучыліся і там сталі паэтамі Паўлюк Трус, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Алесь Якімовіч.
Першая пасьля вайны рэспубліканская нарада маладых аўтараў была арганізавана праўленьнем Саюзу пісьменьнікаў Беларусі і Цэнтральным Камітэтам камсамолу рэспублікі. Сярод усіх удзельнікаў нарады — амаль без вынятку былых франтавікоў і партызанаў — я аказаўся самы маладзейшы. З ліку тых, чыю творчасьць абмяркоўвалі на нарадзе і што сталі пасьля вядомымі паэтамі і пісьменьнікамі, запомніліся мне Іван Шамякін, Мікола Аўрамчык, Андрэй Макаёнак, Алена Васілевіч, Дзьмітрый Кавалёў, Аляксей Русецкі (тады Бурдзель), Паўлюк Прануза, Нічыпар Пашкевіч, Алесь Астапенка, Мікалай Гарулёў і іншыя. Шчасьлівага хваляваньня мне ў тыя дні хапіла — як досыць. Дзіва што: столькі адразу пабачыць творцаў роднай літаратуры, у тым ліку і жывога класіка — вялікага народнага паэта Якуба Коласа. Ня толькі пабачыць, але і пачуць, паслухаць — і на пасяджэньнях секцыяў, і на рэспубліканскім сходзе пісьменьнікаў, прыўрочаным да нарады, і на пасяджэньні Праўленьня, дзе найбольш выяўленых і здольных маладых прымалі ў члены Саюза, і ў кулуарах, вядома, дзе таксама было цікава і паназіраць, і паслухаць. Менавіта тады я ўпершыню пабачыў Міхася Лынькова, Пімена Панчанку, Янку Маўра, Піліпа Пестрака, Петруся Броўку, Пятра Глебку, Васіля Вітку, Максіма Лужаніна, Івана Мележа, Янку Брыля, Аляксея Кулакоўскага, Паўла Кавалёва і многіх іншых. Усе пяць дзён нарады жыў, прыглядаючыся і прыслухоўваючыся да прызнаных і нават славутых працаўнікоў на ніве роднай літаратуры, а таксама і да тых, хто на гэту ніву толькі ўзыходзіў, — аж у грудзях тая радасьць ня месьцілася, і было мне страшнавата і трывожна-боязна ад думкі: а ці не выпадковы я таварыш тут, а ці ёсьць у мяне права быць сярод гэтых людзей, і што мяне чакае наперадзе — якая будучыня? Мары, вядома, мроіліся самыя сьвятлістыя, вясёлкавыя...