Выбрать главу

Паводле ўспамінаў Антона Адамовіча, студэнта Белпедтэхнікума канца 20-х гадоў, досыць было самога факту, што ты вучыўся ў педтэхнікуме, каб цябе залічылі ў нацыяналісты, у нацдэмы, ва ўсякім разе — узялі на падазрэньне. Апошні з беларускіх паэтаў даваеннай пары, хто вучыўся ў БПТ і пасьля апынуўся ў незьлічонай кагорце «нацдэмаў», быў Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк, скончыў жыцьцё ў эміг­рацыі, аж у Аўстраліі). Яго прынялі на вучобу ў верасьні 1938-га. Праз дзевяць гадоў, у верасьні 1947-га, студэнтам гэтай навучальнай установы залічылі мяне. Аддаленае ў часе, з разрыўкай у дзевяць гадоў, завяршэньне вялікай патрыятычнай традыцыі. Больш з былога БПТ паэтаў з нацдэмаўскай будучыняй не выходзіла. Вядома, тады, у канцы саракавых, я пра сваю будучыню ў такім плане ня думаў. Хоць дзесь у глыбіні душы сваё роднае жыло і пастаянна азывалася то сьветлым сумам, а то і шчымлівым болем — да ўсьведамленьня праўдзівага лёсу Беларусі і беларускага народу, да засваеньня першых асноваў-пачаткаў нацыянальна-дэмакратычнай ідэалогіі было яшчэ далёка: усё глушыў і забіваў артадаксальны камсамалізм.

Не аказалася ў педвучэльні сяброў-паэтаў, з якімі б зблізіўся і сышоўся ў сваіх духоўных шуканьнях, не праявіў увагі і ня ўзяў пад разумную апеку студэнта-пііта і ніхто з выкладчыкаў. Нават тады, ужо на другім курсе, калі мае вершы, пераважна сатырычныя, пачалі рэгулярна зьмяшчацца ў курсавой і вучылішчнай насьценгазетах. Сказаць па шчырасьці, дык і сам я не адчуваў патрэбы ў нейкай літаратурнай апецы, хаця, напэўна, яна была б для мяне зусім ня лішняй. Але тут — зноў трэба гаварыць пра тую рысу характару, аб якой ужо была размова раней. Адчуваў, што ўсе мае творчыя клопаты — гэта толькі мае клопаты і ні чые больш. Я жыву імі толькі сам — і не хачу нічыйго ўмяшаньня; калі я сам сабою — мне лепш.

Між тым, у мяне ўжо не было сумненьня, што жыцьцёвы шлях абраны канчаткова — ад паэзіі, ад літаратуры ўжо ніякая сіла мяне не адверне. I хоць за першы год у педвучылішчы напісаў зусім мала — усяго тры-чатыры вершы, надзея на пісьменьніцкую будучыню пускала карані ў душы ўсё глыбей, думка пра гэта суправаджала мяне неадступна. Ні з кім з новых знаёмых, аднакурсьнікаў і наогул навучэнцаў, я не дзяліўся ёю, — з боязі, што буду не зразуметы, больш таго — пойдуць падкалупкі і кпіны. Не пасылаў напісанае і ў рэдакцыі газетаў. Пра што і якога кшталту былі тыя нямногія вершы зімы 1947-1948 году? Напрыклад, пра свабодную шчасьлівую рэспубліку Беларусь, пра яе гераічны шлях да сёньняшніх зіхатлівых вышыняў.

Ты рабыняй звалася,

Старана забытая,

Старана забітая —

Беларускі край.

Тут жыцьцё сукалася

Горам апавітае.

Люты цар пражэрлівы

Твае скарбы краў.

Мушу сказаць, што менавіта тады, у канцы 1940-х, дух патрыятычнай рыторыкі ў значнай меры падпарадкаваў сабе маю эстэтыку. Гэта была трагедыя маладых беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў эпохі сталінізму, яе апошняй, перадмагільнай і таму асабліва людажэрнай стадыі. Тады, тады — у нас выпрацоўваўся, так бы мовіць, сьвяточна-урачысты падыход да рэчаіснасьці, аблегчаны пагляд на жыцьцё, на долю звычайнага працоўнага чалавека, на шлях-дарогу, якім ідзе гераічны савецкі народ у будучыню. Сёньня можа падацца дзіўным, што перажыўшы такую вайну, зьведаўшы столькі страхаў-жахаў, голаду і холаду, бачачы ўласнымі вачыма такую галечу, недаяд і змардаванасьць вясковага люду, яго цалкам бяспраўнае прыгоннае становішча, ты пераносішся ў нерэальны сьвет ілюзіяў, ты ня тым жывеш у сваіх вершах — ня тым, што зусім нядаўна спазнаў і што бачыш сёньня. Цябе як бы і не хвалюе, не засмучае, не кранае тое, што бачыш. Што перажываеш-церпіш сам.

Зразумець гэты адрыў паэта-студэнта ад праўды жыцьця, гэты перакос у ідэйна вытрыманую пафасную рыторыку зусім няцяжка, калі кінуць вокам на тое, што пісалі і друкавалі тады старэйшыя паэты, нават самыя таленавітыя з іх, як Куляшоў, Танк, Панчанка, ня кажучы пра Броўку, Глебку, Машару і пра ўсё пакаленьне «франтавікоў» — тых, што вершы для сваіх першых зборнікаў пісалі ў акопах, у бліндажах, у партызанскіх зямлянках. Дзесь на самым пачатку 1953 году я купіў цэлы ахапак аднатомнікаў беларускай паэзіі, выдадзеных да Дэкады беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве (адбылася ў сьнежні 1952-га, яшчэ пры Сталіне). Як па тым часе — дык досыць раскошныя выданьні: у цьвёрдых каленкоравых вокладках і на белай паперы (вядома — для выставы ў сталіцы Радзімы!). Гадоў праз дзесяць, калі ўжо прайшлі і XX і XXII зьезды КПСС і ў сьвядомасьці творчай інтэлігенцыі, у тым ліку маладой, адбыліся істотныя зрухі і перамены, я перачытаў аднойчы, з вялікай цікавасьцю, тыя аднатомнікі выбраных твораў Машары, Астрэйкі, Бялевіча, Кірэенкі, Вялюгіна, Калачынскага, Аўрамчыка, Няхая і іншых. Божа, якое цяжкае было ўражаньне, як было сумна і горка на душы! І крыўдна. Страшна крыўдна за лёс таленавітых паэтаў. Што з імі рабіла і зрабіла гвалтоўна ўзьведзеная ў ранг эстэтыкі «жданаўшчына»! Тады, на мяжы 1940-1950-х — «жданаўшчына», пазьней гэта будзе «суслаўшчына». А ўвогуле, калі зьвязваць гэту «эстэтыку» з імёнамі, дык трэба пачынаць з «леніншчыны», «бухарыншчыны», «сталіншчыны».