Культ асобы Сталіна быў у гэты час раздзьмуты да маштабаў сусьветна-планетарных, і ва ўсіх аднатомніках пералічаных вышэй паэтаў (як і многіх не названых) густа стракацела імя правадыра і генералісімуса, абавязкова ў суседстве з сонцам, зорамі і іншымі сьвяціламі. Усіх пераўзышоў М. Машара. Так хацеў бедны Міхась Антонавіч дагадзіць і запэўніць у сваёй вернасьці «вялікаму з вялікіх», што відочна перастараўся. У ягоным аднатомніку «Урачыстасьць» Сталін фігуруе больш як у 60-ці вершах — амаль у кожным трэцім. Ды хоць бы і ў іх былі якія адзнакі паэтычнай мовы (як, успомнім, у Купалы ў вершах «Табе, правадыр» ці «Аб Сталіне-сейбіту...»). І гэта — у Міхася Машары, прыроднага, чуйнага лірыка!.. Дык хіба дзіва, што і паэт-пачатковец адзін са сваіх вершаў 1951-га года закончыў заклікам: «Вучыцеся ў Сталіна мудрага, дзеці, змагацца за шчасьце і мір на зямлі!»? Ніякага дзіва, бо гэта лічылася агульнапрынятым правілам і нормай грамадзянскага самавыяўленьня ў творчасьці.
Калі мы, васемнаццаці-дваццацігадовыя вершатворцы, выкукарэквалі, як маладыя пеўнікі, сваё кукарэку ў гонар вялікага правадыра народаў — нашыя равесьнікі на Захадзе чыталі ў друку пра Сталіна і яго рэжым наступнае: «Трэба славіць уладу нават тады, калі яе ненавідзіш. Але Сталін пайшоў далей. Ён вынайшаў сістэму, якой ня ведала чалавецтва. Ён паставіў сваёй мэтай прымусіць кожнага грамадзяніна ўчыніць якую-небудзь подласьць, каб раздавіць яго пачуцьцё годнасьці, каб зрабіць яго здольным на ўсё... Зламаць раз назаўсёды волю чалавека, апаганіць яго сумленьне, зрабіць яго здраднікам, паклёпнікам — вось мэта. Такі ўжо ніколі ня зможа глядзець людзям у вочы. Ён зробіць усё, што мы ад яго запатрабуем... Ад абылганых і сьмяртэльна замучаных людзей патрабуецца акт самабічаваньня і адрачэньня ад сваіх ідэяў. І тут тая ж мэта: раздавіць маральна пісьменьніка або вучонага. Ён занадта горда носіць галаву. Ён думае, што служыць навуцы або мастацтву. Ён служыць нам, ён аплачваемая дзяржавай прастытутка, і хай не забывае гэтага». (Часопіс рускіх эмігрантаў «Новый журнал», Нью-Ёрк, 1949, XXI, ст. 249-250). Гэтая страшная праўда пра час, калі ў літаратуру ўваходзіла маё пакаленьне, мне пачала адкрывацца толькі пасьля 1956 году. Ды і то — хіба ва ўсім аб’ёме, ва ўсіх галоўных праявах? Хіба агольвалася сутнасьць самой сістэмы? Сістэма — выдатная, Сталін — кепскі. Сталін — сам сабою, сістэма — сама сабой. Колькі яшчэ пройдзе часу, пакуль я паступова, крок за крокам, выйду з палону сістэмнай хлусьні і крывадушша, вызвалюся ад дыктату ідэалогіі, варожай праўдзе і Беларусі.
***
За чатыры гады вучобы ў педвучылішчы я ўсяго адзін раз — і то ўжо на апошнім курсе — схадзіў са сваімі вершамі ў рэдакцыю (у «Мінскую праўду», якая тады толькі пачала выходзіць). А то ўсё пасылаў вершы поштай. Жывучы ў Менску! Прычынай была ня толькі тая хваравітая сарамлівасьць, якую я вельмі цяжка пераадольваў. Рэч яшчэ ў тым, што перажыўшы глумлівае бэшчаньне маіх вершаў Бэндам, я пранікся боязьзю паўтарэньня чагось падобнага, ува мне разьвілося моцнае пачуцьцё недаверу да чытачоў-крытыкаў, якія могуць цябе ў тваёй жа прысутнасьці прынізіць. Пачне там нейкі кансультант чытаць-разьбіраць твой верш па радках, пачне павучаць, тлумачыць, чаму гэта дрэнна... Ну не! Хай крытыкуюць і хаяць завочна. Але і гэта не ўсё — мелася яшчэ адна прычына: не было ў чым заявіцца ў рэдакцыю — вопраткі людскай не было. Ісьці ў латанай куфайцы саромеўся. У тую ж «Мінскую праўду» хадзіў у чорным чыгуначным шынялі студэнта Броніся Шыркоўскага (між іншым, брата будучага старшыні КДБ Беларусі), а ў Маскву на экскурсію (узнагарода за выдатную вучобу) езьдзіў у паліто студэнта Антона Юркевіча. Усе чатыры гады быў ці ня самым бедным студэнтам педвучылішча.