З-за сарамлівасьці ў лютым 1948 году ледзьве ня ляснуў мой удзел у рэспубліканскай нарадзе маладых пісьменьнікаў, якія пішуць для дзяцей. Раніцой, ідучы на заняткі ў аўдыторыю (а жылі і вучыліся мы ў адным корпусе), забраў на «паштовым» стале канверт, падпісаны размашыстым бацькавым почыркам. А ў канверце — запрашэньне на нараду, яго паслалі з Саюзу пісьменьнікаў на мой вясковы адрас, які ў іх быў ад нарады леташняй. Што я з восені мінулага года жыву ў Менску — адкуль ім ведаць? Бацька ў лісьце нават выгаварыў мне: чаму гэта ты ня сходзіш і ні скажаш ім свой менскі адрас!.. На шчасьце, нарада пачыналася ў гэты ж дзень, і я пасьпеў на яе патрапіць. Адбывалася нарада ў будынку ЦК ЛКСМБ, у досыць прасторнай зале. Зноў даклады, зноў выступленьні. Але запомнілася мне гэтая падзея тым, што я асабіста пазнаёміўся з Міколам Лупсяковым і Іванам Грамовічам. Апошняму не прызнаўся, што бачыў яго раней у нашай Слабадзе, у вясельным застольлі як госьця «маладога» — майго суседа Івана Маўчана.
Быў і яшчэ выпадак — сам прыйшоў у рукі — калі я мог бы пазнаёміцца з адным вядомым паэтам і займець у яго асобе добрага старэйшага сябра, але зноў жа перашкодзіла тая самая бяда мая — сарамлівасьць. У жніўні 1949-га, па просьбе вясковай суседкі, у якой памёрла дзяўчынка, а другая старэйшая, лячылася ў Харкаве, я паехаў у гэты ўкраінскі горад, каб пабачыцца з хворай. У адным купе са мной больш за палавіну сутак ехаў паэт Дзьмітрый Кавалёў — у будучым перакладчык майго першага маскоўскага зборніка вершаў «Песню берите с собою». Ехаў ён з жонкай у горад Льгоў Курскай вобласьці да цешчы ў госьці. Я пазнаў яго адразу ж, зайшоўшы ў купэ, бо добра запомніў выразны адметны твар гэтага былога марака Паўночнага флоту з той першай нарады маладых пісьменьнікаў Беларусі. Да таго ж, якраз перад ад’ездам прачытаў дома ягоную першую кнігу паэзіі «Далекие берега», выдадзеную ў Менску ў 1947 годзе. Просты ў манерах, шчыры, гаваркі, у дарозе ён пра многае ў мяне пытаўся — пра вучобу, пра вёску маю, куды і чаго еду, частаваў вялікімі жоўтымі грушамі... Але што я ведаю яго і што я сам пішу і друкую вершы — сказаць яму пра гэта мне так і не хапіла сьмеласьці. Аб чым пасьля ўспамінаў неаднойчы з вялікім шкадаваньнем.
Праз тую ж сваю бяду вясной 1950-га я ўпусьціў магчымасьць асабіста пазнаёміцца з Аркадзем Куляшовым. Прапанову такую мне зрабіў наш новы дырэктар, былы бясстрашны партызан, герой Савецкага Саюзу Уладзімір Аляксеевіч Парахневіч. Пасьля вайны ў складзе нейкай беларускай дэлегацыі ён езьдзіў са знакамітым паэтам у Англію, у Лондан, быў, такім чынам, добра з ім знаёмы і, ведаючы пра мае першыя крокі ў паэзіі, хацеў мне дапамагчы, у маіх інтарэсах, скантактавацца з Куляшовым. Аднойчы вечарам нам выпала разам ісьці праз парк Горкага, і Уладзімір Аляксеевіч, пацікавіўшыся маімі творчымі справамі, сказаў: «Давай я пазваню Куляшову, папрашу, каб ён даў табе аудыенцыю, пачытаў твае вершы...» Але я адчуў, што не гатовы да такой сустрэчы, не насьмелюся; ды і новых вершаў, такіх, каб аж самому Куляшову паказаць, ня бачыў у сваім набытку. І далікатна адмовіўся: «Можа, калі-небудзь пасьля, як напішу што лепшае...»
А лепшае не пісалася. Не выпадкова ва ўсіх выданьнях маіх «Выбраных твораў» зусім мала вершаў (тры-чатыры, ня болей), датаваных гадамі вучобы ў педвучылішчы. Усё, што напісана мною за той час, выразьліва падзяляецца на чатыры катэгорыі: вершы на пэўныя рэвалюцыйна-гістарычныя тэмы (усе — рытарычна-дэкламацыйнага характару), вершы з вёскі — аб працоўных буднях калгасу (іх зусім ня шмат), байкі (іх таксама ўсяго некалькі), нарэшце, вершы і паэмы, так бы мовіць, «для ўнутранага карыстаньня», для сяброў і таварышаў па вучобе,— з жыцьця і побыту ў педвучылішчы. Найбольш вартасным з усяго гэтага «творчага плёну» лічу паэмы «Пабоішча» (студэнцкая кулакіяда) і «Фрагменты». Адметнасьць іх у тым, што яны былі своеасаблівай процівагай усяму запанаванаму тады ў нашай паэзіі гімнічна-урачыстаму, узвышана-сьвяточнаму настрою і стылю. Няйначай як збрыдзела мне ўся гэтая одапісь, у тым ліку і свая ўласная, — і пацягнула на травесьці, на пародыю, на бытавую сатыру.
Восеньню сорак восьмага мяне выбралі ў камітэт камсамолу вучылішча і даручылі адказваць за насьценны друк. Што да нашай курсавой газеты, дык я сам быў і яе рэдактарам. А праз год стаў рэдактарам і вучылішчнай газеты «Савецкі настаўнік». Усё, што запомніў з таго горкага рэдактарскага клопату, — ніхто ня хоча ў газету пісаць. Хоць плач, хоць на калені станавіся — аніякага спачуваньня рэдактару! Вымаліш тры-чатыры нягеглыя радкі — астатняе дапісваеш сам. Зьдзіўляла ня толькі нежаданьне пісаць, але і элементарнае няўменьне бачыць, адчуваць тэму і пісьменна выкладаць свае думкі. У насьценных газетах рэгулярна, з нумару ў нумар, паяўляліся мае вершы, часьцей за ўсё — сатырычныя, і студэнты па гэтай прычыне любілі іх чытаць, а паколькі радком валодаў досыць упэўнена, то хутка набыў і пэўны творчы аўтарытэт. Пра што пісаў? Ды пра ўсякія «вытворчыя» і бытавыя дробязі. Напрыклад, пра тое, як студэнты ня хочуць хадзіць пасьля абеду на палітзаняткі, як выкладчыку даводзіцца іх літаральна лавіць і сілком заганяць у аўдыторыю.